Мікалай Барысевіч (фізык)
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Барысевіч.
Мікалай Барысевіч | |||||||||||||
Дата нараджэньня | 21 верасьня 1923[1] | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | пас. Лучны Мост Бярэзінскага раёну Менскай вобласьці | ||||||||||||
Дата сьмерці | 25 кастрычніка 2015 (92 гады) | ||||||||||||
Месца сьмерці | |||||||||||||
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт | ||||||||||||
Занятак | фізык, палітык | ||||||||||||
Навуковая сфэра | фізыка[2] | ||||||||||||
Месца працы | |||||||||||||
Сябра ў | Расейская акадэмія навук і Акадэмія навук СССР[d] | ||||||||||||
Навуковая ступень | доктар фізыка-матэматычных навук[d] | ||||||||||||
Вучні | Аляксандар Вайтовіч[3] | ||||||||||||
Узнагароды | | ||||||||||||
Мікала́й Алякса́ндравіч Барысе́віч (21 верасьня 1923, пас. Лучны Мост Бярэзінскага раёну Менскай вобласьці — 25 кастрычніка 2015) — беларускі фізык, доктар фізыка-матэматычных навук (1965), прафэсар (1967), акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1969), Акадэміі навук СССР (1981), шэрагу замежных акадэміяў. Заслужаны дзяяч навукі Беларусі (1994).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 21 верасьня 1923 году. Перад пачаткам Другой сусьветнай вайны скончыў Сялібскую сярэднюю школу. У вайну займаўся падпольнай працай, а затым пайшоў у партызанскі атрад. Пасьля злучэньня атраду з Чырвонай Арміяй быў жаўнерам-артылерыстам. Дайшоў да Бэрліна.
У 1950 годзе скончыў фізычна-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Леніна. Затым скончыў асьпірантуру Дзяржаўнага аптычнага інстытуту імя С. І. Вавілава (Ленінград). Пасьля абароны дысэртацыі вярнуўся ў Менск і прыняў удзел у стварэньні Інстытуту фізыкі Акадэміі навук БССР. У 1954—1963 — дацэнт БДУ. У 1955—1969 гг. намесьнік дырэктара, з 1957 году загаднік лябараторыі Інстытуту фізыкі, з 1992 г. Інстытуту малекулярнай і атамнай фізыкі.
З 22 студзеня 1969 г. віцэ-прэзыдэнт, з 14 траўня таго ж году прэзыдэнт Акадэміі навук БССР (да 1987 году). У 1969—1987 гадах галоўны рэдактар часопісу «Доклады Академии наук БССР».
У 1971—1987 гг. старшыня камітэту па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне навукі і тэхнікі. З сакавіка 1987 г. загаднік лябараторыі Фізычнага інстытуту імя П. М. Лебедзева Расейскай акадэміі навук. З 1992 г. ганаровы прэзыдэнт НАН Беларусі. З 1994 г. галоўны рэдактар «Журнала прикладной спектроскопии». У 1969—1989 гг. дэпутат Вярхоўнага Савету СССР.
Памёр 25 кастрычніка 2015 году[4].
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Займаўся дасьледваньнямі па люмінэсцэнцыі і спэктраскапіі складаных малекулаў, квантавай электроніцы, інфрачырвонай тэхніцы. Распрацаваў статыстычную тэорыю фотафізычных працэсаў у складаных малекулах, увёў новыя спэктраскапічныя характарыстыкі малекулаў і распрацаваў мэтады іх вызначэньня. Адкрыў зьяву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекулаў, зарэгістраваную як навуковае адкрыцьцё. Выявіў тэрмічна актываваную і ініцыяваную лязэрным выпраменьваньнем запаволеную флюарасцэнцыю, люмінэсцэнцыю пры электрычным узбуджэньні, палярызацыю люмінэсцэнцыі і вымушанага выпраменьваньня, а таксама генэрацыю выпраменьваньня складана-малекулярных пароў. З дапамогаю піка- і фэмтасэкундавых лязэрных імпульсаў дасьледаваў звышхуткія рэляксацыйныя працэсы і структурныя перабудовы ў арганічных малекулах; пры ахаладжэньні малекулаў у звышгукавых струменях атрымаў тонкаструктурныя спэктры вольных малекулаў і комплексаў.
Аўтар больш чым 270 навуковых працаў, у тым ліку 3 манаграфіяў.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Герой Сацыялістычнай Працы (1978), заслужаны дзяяч навукі Беларусі (1994).
Дзяржаўная прэмія СССР 1973 году за дасьледваньні расьсеяньне выпраменьваньня дыспэрснымі сыстэмамі і стварэньне новае клясы аптычных фільтраў для шырокай вобласьці інфрачырвонага спэктру. Ленінская прэмія 1980 году за стварэньне новага навуковага напрамку — спэктраскапія вольных складаных малекулаў. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1998 году за нізку працаў «Дынаміка аварачальнага руху электронна-узбуджаных шмататамных малекулаў у газавым асяродзьдзі».
Замежны чалец Чэхаславацкай акадэміі навук (1977), Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1981), чалец Расейскай акадэміі навук (1991), сапраўдны чалец Эўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасьці (1991), ганаровы доктар прыродазнаўчых навук Енскага ўнівэрсытэту імя Ф. Шылера (1983).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1971, 1975, 1978, 1983), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), Працоўнага Чырвонага Сьцягу (1967), Айчыннай вайны I (1945) і II (1985) ступеняў, Чырвонай Зоркі (1944, 1945), Дружбы (2001), Францішка Скарыны (2003), мэдалямі. Мэдаль Мікалая Каперніка Польскай АН (1973), залаты мэдаль «За заслугі перад навукай і чалавецтвам» Чэхаславацкай АН (1983), залаты мэдаль Славацкай АН «За выключныя заслугі перад навукай» (1983).
Прэмія НАН Беларусі і Сыбірскага аддзяленьня Расейскай АН імя акадэміка В. А. Капцюга (2001).
Ганаровы грамадзянін Менску.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Борисевич Николай Александрович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ Borisevič, N. A. // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Вайтовіч, Аляксандар (13 студзеня 2007) Пра газавыя лазеры. Блог Аляксандра Вайтовіча ў LiveJournal. Праверана 24 верасьня 2010 г.
- ^ Памёр былы старшыня Акадэміі навук Мікалай Барысевіч(недаступная спасылка)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Басов Н. Г., Бураков В. С., Войтович А. П., Грузинский В. В., Толкачев В. А., Федоров Ф. И. Мікалай Аляксандравіч Барысевіч (да сямідзесяцігодзьдзя з дня нараджэньня) = Николай Александрович Борисевич (К семидесятилетию со дня рождения) // Успехи физических наук. — 1993. — Т. 163. — № 9.
- Бураков В. С., Войтович А. П., Гапоненко С. В., Казак Н. С., Крохин О. Н., Олехнович Н. М., Толкачев В. А. Мікалай Аляксандравіч Барысевіч (да 80-годзьдзя з дня нараджэньня) = Николай Александрович Борисевич (К 80-летию со дня рождения) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных навук. — 2003. — № 3. — С. 118-120.
- Біябібліяграфія навукоўцаў Беларусі: Акадэмік Мікалай Аляксандравіч Барысевіч = Биобиблиография ученых Беларуси: Академик Николай Александрович Борисевич. — Мн.: 2003.
- Мікалай Аляксандравіч Барысевіч (да 85-годзьдзя з дня нараджэньня) = Николай Александрович Борисевич (К 85-летию со дня рождения) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных навук. — 2008. — № 3. — С. 120-122.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Біяграфія (рас.) на бачыне
Папярэднік Васіль Купрэвіч |
Прэзыдэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі травень 1969 — сакавік 1987 |
Наступнік Уладзімер Платонаў |
- Нарадзіліся 21 верасьня
- Нарадзіліся ў 1923 годзе
- Памерлі 25 кастрычніка
- Памерлі ў 2015 годзе
- Памерлі ў Менску
- Выкладчыкі БДУ
- Дактары фізыка-матэматычных навук
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Кавалеры ордэна Францішка Скарыны
- Нарадзіліся ў Бярэзінскім раёне
- Беларускія фізыкі
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Ганаровыя грамадзяне Менску