Перайсці да зместу

Беларуская сацыялістычная грамада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская сацыялістычная грамада
Дата заснавання 1902
Дата роспуску 1918
Краіна
Ідэалогія сацыялізм, сацыял-дэмакратыя, беларускі нацыяналізм і народнікі
Колькасць членаў 10 000[1]

Белару́ская сацыялісты́чная грамада́ (БСГ) — беларуская нацыянальная палітычная партыя леванародніцкага кірунку, першая беларуская палітычная партыя.

Створана ў канцы 1902 года пад назвай Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ) на аснове гурткоў беларускай студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу пры актыўным удзеле сяброў Польскай партыі сацыялістычнай (ППС)  (руск.)[2].

Стваральнікі і кіраўнікі: браты Іван і Антон Луцкевічы, А. С. Пашкевіч (Цётка), А. Л. Бурбіс, К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), В. Л. Іваноўскі і іншыя. Апроч іх, у розны час членамі БРГ/БСГ былі: Б. Зяменцкі, Ф. Сцяцкевіч, С. Лянкоўскі, А. Уласаў, Э. Ястржэмбскі, Ф. Умястоўскі (Дзядзька Пранук), Генрых Умястоўскі, В. Веняковіч, Бжазоўскі.

Першы з’езд (1902) і праграма партыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пачаткова БРГ не мела ўласнай праграмы. Першая адозва выдадзена ў 1902 на гектографе па-польску пад назвай «Вы, напэўна, бачылі беднага сялянскага замучанага каня».[2]

На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903 г.) БРГ была прынятая праграма, падобная праграме Польскай партыі сацыялістычнай (ППС)  (руск.)[2]; у праграме БРГ характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталістычнага ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытворчасці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нацыянальным пытанні формай забеспячэння нацыянальнай свабоды прызнавала незалежную дэмакратычную рэспубліку.

БРГ выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, народнага заканадаўства, раўнапраўя ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную медыцынскую дапамогу. У аграрным пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэвалюцыйны дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам.

Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903 г., па другіх — у 1906 г.). У 19031904 гг. БСГ узаемадзейнічала з Польскай сацыялістычнай партыяй (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяй, выдавала разам з імі нелегальную літаратуру. З канца 1905 г. у Мінску дзейнічала падпольная друкарня БСГ.

У рэвалюцыю 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губернях, арганізавала шэраг палітычных сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сялянскіх забастовак. У 1905 БСГ быў створаны «Беларускі сялянскі саюз», арганізаваныя баявыя дружыны. У Мінску і Вільні ўтвораныя I і II краёвыя камітэты БСГ, выдадзены рад адкрытых пісьмаў з песняй «Чырвоны знак», адозваў і лістовак па-беларуску, у т.л., з вершамі А. Пашкевіч (Цёткі).[2]

Другі з’езд (1906) і праграма партыі

[правіць | правіць зыходнік]
Улётка Беларускай сацыялістычнай грамады, паміж 1905—1907 гг.

У пачатку студзеня 1906 г. у Мінску адбыўся 2-і з’езд БСГ, які пераглядзеў праграму партыі, прыняў статут партыі і выбраў цэнтральны камітэт партыі ў складзе Івана і Антона Луцкевічаў, Аляксандра Бурбіса і Вацлава Іваноўскага.

У праграме з’езд захаваў канчатковую мэту дзейнасці БСГ (змена капіталістычнага ладу сацыялістычным) і бліжэйшую задачу (звяржэнне самаўладдзя разам з пралетарыятам усёй Расіі). Асноўныя змены ў праграме партыі тычыліся азначэння характару партыі, нацыянальнага і аграрнага пытанняў. Грамада аб’явіла сябе партыяй працоўнай беднаты Беларусі без адрознення нацыянальнасцей: Грамада заяўляла сябе не як нацыянальна беларуская партыя (як у праграме 1903 г.), а інтэрнацыянальнай партыяй.

З’езд выказаўся за ператварэнне Расійскай імперыі ў Расійскую федэратыўную дэмакратычную рэспубліку са свабодным самавызначэнем і культурна-нацыянальнай аўтаноміяй ўсіх яе народаў (у тым ліку — беларусаў). Пра стварэнне асобнай і суверэннай беларускай дзяржавы не гаварылася. Для Беларусі і Літвы праграма патрабавала ўвесці супольную тэрытарыяльную аўтаномію з соймам у Вільні, з прадстаўленнем культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных меншасцей края.[2]

У аграрным пытанні партыя адмовілася ад эсэраўскай ідэі нацыяналізацыі зямлі і ўвядзення ўраўняльнага землекарыстання па працоўнай норме, а зацвердзіла ў сваёй праграме патрабаванне муніцыпалізацыі ўсёй зямлі, што поўнасцю супадала з аграрнай праграмай расійскіх меншавікоў[3]. Муніцыпалізацыя зямлі прадугледжвала скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю, перавод усёй зямлі (дзяржаўнай, удзельнай, памешчыцкай, царкоўнай і сялянскай) у абласныя зямельныя фонды, а самі фонды павінны былі перайсці ў распараджэнне органаў абласнога самакіравання. Праграмай прадугледжвалася, што ўсе жадаючыя асабіста працаваць на зямлі атрымаюць зямлю з зямельных фондаў на правах пажыццёвай арэнды з выплатаю зямельнай рэнты (падатку) на карысць краю. Ажыццяўленне ўсіх палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў з’езд звязваў з рэвалюцыйным звяржэннем расійскага самаўладдзя і скліканнем Устаноўчага сойма ў Вільні на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага выбарчага права.

Асноўным аб’ектам дзейнасці БСГ было беларускае сялянства. Яе ўплыў на гарадскіх рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны.

Перыёдыка партыі

[правіць | правіць зыходнік]

Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыядычным выданнем на беларускай мове стала газета «Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14 верасня 1906 г.). Газета мела рэвалюцыйна-дэмакратычны характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У лістападзе 1906 г. БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на беларускай мове «Наша ніва».

Арыентацыя на культурную і асветніцкую дзейнасць (1907)

[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й паловы 1907 г. лідары БСГ засяроддзілі сваю дзейнасць на выданні газеты «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам беларускага нацыянальна-культурнага руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нацыянальнай свядомасці, ідэі нацыянальна-культурнага адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастоцнасці беларускай нацыі, змагалася за ўвядзенне беларускай мовы ў школе, царкве і касцёле.

У часы Першай сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

У Першую сусветную вайну на акупіраванай немцамі тэрыторыі дзейнічала створаная членамі БСГ Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група.

Дзейнасць пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі (1917)

[правіць | правіць зыходнік]

На неакупіраванай тэрыторыі БСГ аднавіла сваю дзейнасць у Петраградзе ў пачатку сакавіка 1917 г. на сходзе 30 былых членаў гэтай партыі, што апынуліся там як бежанцы. Яе палітычны курс у новай гістарычнай сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакратычных пераўтварэнняў.

25 сакавіка 1917 г. пачала работу канферэнцыя БСГ у Мінску, на якой члены партыі выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. Была прынята рэзалюцыю аб аднаўленні дзейнасці партыі на Беларусі. 26 сакавіка канференцыя аб’явіла сябе З’ездам нацыянальных партый і арганізацый. У выніку працы з’езда ў Мінску з’явіўся палітычны цэнтр у форме Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), які адводзіў сабе ролю часовага агульнакраёвага органа ўлады, прызванага забяспечыць абвяшчэнне Беларусі як аўтаномнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. БСГ атрымала 10 месцаў у камітэце.

Грамада пашырала свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і іншых. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5000 членаў і спачуваючых, у маі — чэрвені 1917 выдавала газету «Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гарадскіх думаў Мінска, Петраградзе, Бабруйска.

У чэрвені 1917 г. канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П. А. Бадунова, А. Л. Бурбіс, Я. Я. Варонка, К. С. Дуж-Душэўскі, З. Х. Жылуновіч, У. М. Ігнатоўскі, Я. Колас, А. А. Смоліч. БСГ займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917 г. У кастрычніку 1917 БСГ налічвала каля 10 тысяч членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутраныя супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавісцкіх.

Падзел партыі і заняпад

[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1917 г. частка левага крыла БСГ вылучалася і ўтварыла аранізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пачатку 1918 г. адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай беларускай дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арганізацыі сталі на шлях утварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 г. БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пачатку 1919 г. у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Беларускай сацыялістычнай грамады.

Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 г. стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.

  1. http://elib.bsu.by/handle/123456789/210
  2. а б в г д Турук. Белорусское движение. М., 1921.
  3. Сярод расійскіх партый было некалькі падыходаў да вырашэння аграрнага пытання ў Расіі: 1) расійскія канстытуцыйныя дэмакраты (кадэты) выступалі за частковую канфіскацыю прыватных і дзяржаўных зямель за ўмеранае ўзнагароджанне; 2) расійскія сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры) выступалі за поўную канфіскацыю ўсіх зямлі ў грамадскі фонд без кампенсацыі былым уласнікам і бясплатную перадачу зямлі сялянам-земляробам па ўраўняльнай працоўнай норме; 3) расійскія бальшавікі выступалі за канфіскацыю ўсёй зямлі без кампенсацыі былым уласнікам і перадачу яе ва ўласнасць дзяржавы (нацыяналізацыю), якая б аддавала зямлю сялянам у бязвыплатнае карыстанне; 4) расійскія меншавікі выступалі за канфіскацыю ўсёй зямлі без кампенсацыі былым уласнікам і перадачу зямлі органам мясцовага самакіравання, якія б здавалі яе сялянам у арэнду (муніцыпалізацыя зямлі). Гл.: История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А. Б. Зубов. — Москва, 2009. — Т. I. — С. 122, 214.
  • История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А. Б. Зубов. — Москва : АСТ, 2009. — Т. I. 1894—1939 гг. — 1024 с.
  • Унучак, А. У. «Наша ніва» і беларускі нацыянальны рух (1906—1915 гг.) / А. У. Унучак. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 186 с.