План Агінскага
План Агінскага — план культурна-адміністрацыйнай рэарганізацыі заходніх губерняў Расійскай імперыі (раней уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай), прапанаваны Аляксандру I у 1810—1811 гадах кампазітарам, дыпламатам і палітыкам Міхалам Клеафасам Агінскім. Меў мэту фарміравання асаблівай правінцыі, прызначэнне да яе імператарскага ўпаўнаважанага (намесніка) і стварэнне асобнага войска. Не быў рэалізаваны ў сувязі з процідзеяннем іншых саветнікаў імператара і пачаткам Вайны 1812 года.
План
[правіць | правіць зыходнік]У 1810 годзе Міхал Клеафас Агінскі пераехаў у Санкт-Пецярбург і стаў даверанай асобай імператара Аляксандра I. Пасля гэтага ён пачаў працаваць над планам культурна-палітычнага адасаблення Вялікага Княства Літоўскага, землі якога ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі у выніку трох паздзелаў Рэчы Паспалітай. Раней Агінскі неаднаразова сутыкаўся з прафранцузскімі настроямі польскай палітычнай эліты, якая імкнулася да абвяшчэння незалежнасці, што і падштурхнула яго на стварэнне ўласнага плана па суверэнізацыі заходніх губерняў Расійскай імперыі, які насіў кампрамісны характар.
У красавіку 1811 года Агінскі і імператар Аляксандр I мелі прыватную гутарку за зачыненымі дзвярыма. Вядома, што дыпламат і кампазітар Агінскі гаварыў на тэму магчымасці пераўтварэння губерняў, раней складаўшых Рэч Паспалітую, з мэтай задобрыць польскую феадальную арыстакратыю, а Аляксандр I, выслухоўваў яго з належнай увагай[крыніца?]. Па прапанове імператара групай магнатаў (князь Міхал Клеафас Агінскі (1765—1833), князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846), граф Людвік Плятэр (1775—1846) і інш.) былі распрацаваны асноўныя палажэнні праекта. Надалей Агінскі доўга разважаў над найбольш прымальным варыянтам і ў выніку распрацаваў прымярэнчы праект, які утрымліваў у сабе рашэнне праблемы заходнеславянскага сепаратызму[крыніца?]. Ён прапаноўваў распрацаваць новаабвешчаным губерням такую форму аўтаноміі, пры якой яны, з аднаго боку, маглі б адчуць сябе незалежнымі, а з другога — змаглі б захаваць такую незалежнасць ва ўмовах ваенна-палітычнай і культурна-ідэалагічнай сувязі з Расійскай імперыяй.
Першая ўмова плана: стварэнне асаблівай правінцыі, у якую ўвайшлі б Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская, Кіеўская, Валынская, Падольская губерні, Беластоцкая вобласць, а таксама Тарнопальская акруга. Сталіцай гэтай правінцыі стала б Вільня, а кіраванне ёй ажыццяўляў бы імператарскі намеснік, на пасадзе якога Агінскі бачыў сябе. Прадугледжвалася стварэнне асаблівых органаў кіравання (Літоўскай канцылярыі ў Пецярбургу, Адміністрацыйнага савета і Вярхоўнага трыбунала ў Вільні). Дэманстратыўным знакам аднаўлення палітычнага суверэнітэту правінцыі ў кантэксце гістарычнай пераемнасці стала б ратыфікацыя Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, што стала б псіхалагічным жэстам, з дапамогай якога ўдалося б змяніць ідэалагічную арыентацыю шляхецкай эліты. Другой важнай умовай плана быў намер прызначаць на кіруючыя пасады ў адміністрацыйнай іерархіі правінцыі толькі ўраджэнцаў гэтай правінцыі (пераважна беларусаў, рускіх, яўрэяў, літоўцаў, украінцаў і палякаў, якія пастаянна пражываюць у гэтых абласцях). Трэцяй умовай плана было фарміраванне на пастаяннай аснове «літоўскага войска», якое захоўвала б вернасць рускім культурна-нацыянальным прынцыпам і прыхільнасць палітычнаму ўладкаванню Расіі і магло б выступаць супраць арміі Напалеона і іншых патэнцыйных ворагаў Расійскай імперыі.
Адзін з галоўных прынцыпаў плана Агінскага заключаўся ў адасабленні літоўскіх і беларускіх губерняў Расійскай імперыі ад польскага культурна-палітычнага ўплыву і мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання ідэй нацыянальнага сепаратызму жыхароў заходніх губерняў. Аднак не менш важным, калі не галоўным, было жаданне Аляксандра I максімальна выкарыстоўваць людскія і матэрыяльныя (харчовыя) рэсурсы адпаведных тэрыторый. Такім чынам, па плане Агінскага землі будучых Беларусі і Літвы ператвараліся ў значную тэрытарыяльную адзінку з адноўленым гістарычна склаўшымся самакіраваннем, з прарускі настроенай нацыянальнай кіраўніцкай элітай, якая гатовая была адстойваць дзяржаўныя інтарэсы Расіі. У нататках ад 15 (27) кастрычніка і 1 снежні 1811 Агінскі раіў імператару не абмяжоўвацца стварэннем Вялікага княства Літоўскага, а прапанаваў аднавіць Польскае каралеўства. На яго думку, падобны крок выбіў бы ініцыятыву з рук Напалеона, прымусіў палякаў бачыць у Аляксандры I абаронцы іх Радзімы. У выпадку ж вайны з Францыяй, Польшча выступіць на баку Расіі, і тады імператар павінен прыняць польскую карону.
План так і не быў разгледжаны ў сувязі з процідзеяннем іншых саветнікаў Аляксандра I і пачаткам ваенных дзеянняў, якія рушылі пасля ўварвання арміі Напалеона ў Расію. Надалей Аляксандр I неаднаразова вяртаўся да пытання ўрэгулявання польска-літоўска-беларускай праблемы, але Міхал Клеафас Агінскі больш не ўдзельнічаў у абмеркаванні будучага зямель былой Рэчы Паспалітай з-за расчараванасці ў палітычнай дзейнасці.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- В. В. Антонаў, С. С. Рудовіч, В. В. Швед. Агінскага план 1811 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Лукашевич А. М. Проекты восстановления Речи Посполитой и Великого Княжества Литовского и их место в военно-стратегическом планировании Российской империи (1810—1812 гг.) // Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы международной научной конференции. — Минск: «Адукацыя і выхаванне», 2002. — С. 46—59.
- Тарасаў К. Вялікае герцагства Літоўскае // Новы Час online [Электронны рэсурс], 13.11.2009 — Дата доступу 6.8.2015
- Лукашевич A.M. Западный пограничный регион в военно-стратегических планах Российской империи (конец XVIII в. — 1812 г.): в 3 кн. Кн. 1: Политическая ситуация по данным служб разведки и контрразведки. — ИВЦ Минфина, 2012. — 359 с. — ISBN 978-985-6993-82-7