Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1389—1392 гадоў
Грамадзянская вайна ў ВКЛ 1389—1392 гадоў | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Барацьба Вітаўта і Ягайлы за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім, заключэньне з Польшчай нявыгаднай для інтарэсаў княства Крэўскай уніі | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Тэўтонскі Ордэн Жамойць Рускія княствы | Вялікае Княства Літоўскае Польскае Каралеўства | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Вітаўт Конрад Цёльнэр фон Ротэнштайн Конрад фон Валенрод | Ягайла, Скіргайла, Карыгайла | ||||||||
Грамадзя́нская вайна́ ў Вялі́кім Кня́стве Літо́ўскім 1389—1392 гадоў — другая вайна за ўладу паміж стрыечнымі братамі: каралём Польшчы і вялікім князем літоўскім Ягайлам і князем Вітаўтам. Першае іх супрацьстаяньне завяршылася прымірэньнем, аднак асноўныя супярэчнасьці не былі зьнятыя. Пасьля вясельля зь Ядзьвігай Ягайла ў 1386 годзе ўступіў на польскі пасад пад імем Уладзіслава II, пакінуўшы намесьнікам у Вялікім Княстве свайго брата Скіргайлу. Апошні не карыстаўся папулярнасьцю ў насельніцтва, у сувязі з чым Вітаўт вырашыў працягнуць барацьбу за літоўскі пасад. Пасьля няўдалай спробы ўзяць сталіцу Вялікага Княства Вільню Вітаўт пайшоў на саюз з рыцарамі Тэўтонскага Ордэну. Ордэн быў натуральным супернікам Літвы, але ва ўласных інтарэсах шматлікія князі літоўскія, у прыватнасьці Вітаўт і Ягайла, імкнуліся да ўсталяваньня саюзных адносінаў зь ім.
Супрацьстаяньне ня выявіла відавочнага пераможцу, што прымусіла бакі ісьці на кампраміс. Паводле ўмоваў складзенага ў 1392 годзе Востраўскага пагадненьня Вітаўт прызнаў Ягайлу вярхоўным сюзэрэнам (гаспадаром) Літвы, а сам стаў вялікім князем літоўскім.
Перадгісторыя канфлікту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1381—1384 гадоў
Вытокі супрацьстаяньня Вітаўта і Ягайлы ўзыходзяць да 1377 году. Пасьля сьмерці вялікага князя Альгерда, які кіраваў Літвой больш за трыццаць гадоў сумесна са сваім малодшым братам Кейстутам, Ягайла не зьбіраўся дзяліць уладу з будзь-кім, нягледзячы на тое, што Кейстут і ягоны сын Вітаўт прызналі Ягайлу вялікім князем літоўскім[1]. У 1380 годзе ён пачаў таемныя перамовы з Тэўтонскім Ордэнам. 31 траўня 1380 году Ягайла і Вялікі магістар Тэўтонскага Ордэну[a] Вінрых фон Кніпродэ склалі сакрэтную Давыдзішкаўскую дамову, накіраваную супраць Кейстута[1]. Чыньнікі складаньня дамовы да канца ня ясныя: некаторыя гісторыкі лічаць, што ініцыятыва складаньня дамовы зыходзіла ад маці Ягайлы Ўльяны Цьвярской або ад ягонага дарадцы Вайдзілы[2]. Іншыя паказваюць на тое, што Кейстуту было каля 80 гадоў і ён рашуча не прымаў хрысьціянства, тады як Ягайлу было каля трыццаці, і ён шукаў шляхі мадэрнізацыі краіны[3].
Перш посьпех спадарожнічаў Кейстуту і Вітаўту. Даведаўшыся пра змову Ягайлы з Ордэнам, Кейстут пачаў наступ на Вільню і ўзяў горад[3], паланіўшы самога Ягайлу[4]. З палонным абыйшліся мякка: Кейстут запатрабаваў ад пляменьніка пісьмовага прызнаньня яго вялікім князем, а затым адпусьціў, вярнуўшы вотчынныя землі (Крэва і Віцебск)[1]. Астатнія Гедзімінавічы таксама прынесьлі прысягу Кейстуту. Стары князь пачаў пасьпяховую барацьбу з крыжакамі, спустошыўшы навакольлі Вэлаў, Тапіаў і іншых гарадоў[5]. Контрнаступленьне Ордэну было адбіта Вітаўтам[5].
У наступнай фазе посьпех апынуўся на баку Ягайлы. Шматлікія Гедзімінавічы былі незадаволеныя сваім становішчам. Першым паўстаньне ўзьняў ноўгарад-северскі князь Карыбут (у хрышчэньні — Дзьмітры)[1]. Кейстут выступіў супраць яго зь невялікім атрадам, але пацярпеў паразу. У гэты час у самой Вільні ў адсутнасьць вялікага князя і ягонага сына (Вітаўт у гэты час княжыў у Троках) паднялося паўстаньне прыхільнікаў Ягайлы. Паўсталыя пад правадырствам купца Ганулы зьнішчылі віленскі гарнізон[1]. 12 чэрвеня 1382 году ў сталіцу ўступіў Ягайла. 6 ліпеня ён склаў з Ордэнам Бражуольскую дамову[6], а потым аблажыў Трокі, прымусіўшы горад да здачы[7]. Намесьнікам у Троках быў прызначаны Скіргайла Альгердавіч, родны брат Ягайлы. Кейстут, аднак, ня здаўся. Неўзабаве ён здолеў схіліць на свой бок жамойтаў, якія пагадзіліся аказаць яму ваенную дапамогу[5].
3 жніўня ля Трокаў сталі войскі Кейстута, ягонага сына Вітаўта і брата Любарта супраць саюзных войскаў Ягайлы і магістра Лівонскага Ордэну Вільгельма фон Фрымэрсхайма. Шанцы на перамогу ў Кейстута былі невялікія: войскі Ягайлы былі значна большымі па колькасьці, акрамя таго, жамойты не імкнуліся ўдзельнічаць у бітве[1]. Бітве не наканавана было пачацца: Скіргайла, які прыехаў у лягер Кейстута і Вітаўта, пераканаў іх распачаць мірныя перамовы. Пасьля прыбыцьця ў Крэўскі замак Кейстут і Вітаўт былі адразу ж схопленыя[2], а 15 жніўня Кейстута знайшлі мёртвым. Ягайла абвясьціў, што Кейстут павесіўся[8], аднак шматлікія крыніцы сьведчаць, што ён быў задушаны на загад самога Ягайлы[9]. Вітаўт здолеў зьбегчы з палону з дапамогай сваёй жонкі Ганны, якая аддала (або загадала адной з прыслужніц аддаць) мужу жаночую сукенку — Вітаўт застаўся незаўважаным і здолеў пакінуць замак[10].
Барацьба на гэтым ня скончылася. Вітаўт склаў дамову зь вялікім магістрам Ордэну Конрадам Цёльнэрам. Крыжакі разьлічвалі стравіць Ягайлу і Вітаўта паміж сабой[11]. 11 верасьня 1383 году рыцары Ордэну ўварваліся ў межы Вялікага Княства Літоўскага, а неўзабаве да іх далучыўся і Вітаўт з войскам з 3-ох тысячаў жамойтаў[11]. 30 студзеня 1384 году Вітаўт прынёс васальную прысягу Ордэну як законны троцкі князь і перадаў у ягонае валоданьне Жамойцію да ракі Нявежа і Коўна з вобласьцю[12]. У гэты час Ягайла плянаваў прыняць хрышчэньне і пабраўся шлюбам з дачкою Дзьмітрыя Данскога, аднак, каб усё прайшло пасьпяхова, яму патрэбны быў мір зь Вітаўтам[3]. Пачаліся таемныя перамовы: Ягайла абяцаў аддаць стрыечнаму брату Валынь з Луцкам, дзе перапынілася дынастыя Любарта і ягонага сына Фёдара[6]. Таксама Ягайла абяцаў вярнуць Вітаўту ягоную вотчыну — Троцкае княства, як толькі адбярэ Полацак у Андрэя Альгердавіча[6]. Вітаўт пагадзіўся, перамір’е было складзена, а ўжо 6 лістапада іх аб’яднаныя войскі спалілі тэўтонскі замак Новы Марыенвэрдэр[4].
Паміж войнамі (1384—1389)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1385 годзе пачалася падрыхтоўка да шлюбу вялікага князя літоўскага Ягайлы са спадчыньніцай польскага пасаду, прадстаўніцай Анжуйскай дынастыі Ядзьвігай[13]. Біскуп Пётар Выш пераканаў 14-гадовую каралеву (афіцыйна тытуляваную «кароль Польшчы» (Rex Poloniae)) у тым, што, уступіўшы ў гэты шлюб, яна зьверне ў хрысьціянства цэлы народ. Вельмі набожная каралева пагадзілася. 15 лютага 1386 году шлюб адбыўся, і Ягайла ўступіў на польскі пасад[14].
Пасьля такога павароту падзеяў становішча Літвы зьмянілася. Цяпер Ягайла кіраваў абедзьвюма дзяржавамі з Кракаву і тытулаваўся каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Сваім намесьнікам у Літве ён пакінуў Скіргайлу[15][16]. Многія былі гэтым незадаволеныя. У Літве сфармавалася апазыцыя кракаўскаму кіраваньню, якая выступала супраць гвалтоўнага акаталічваньня і Крэўскай уніі.[17]
На чале гэтай апазыцыі паўстаў Вітаўт, у той час гарадзенскі і падляскі князь. Справа ў тым, што Ягайла затрымоўваў выкананьне сваіх абавязкаў: абяцаныя Вітаўту Трокі працягвалі знаходзіцца ў руках Скіргайлы. Ягонае кіраваньне выклікала незадаволенасьць і ў народу, і ў літоўскай шляхты. Вітаўт жа, наадварот, станавіўся ўсё больш папулярным. Шляхта спадзявалася зь яго дапамогай пазбавіцца ад улады Ягайлы і аднавіць незалежнасьць дзяржавы[18].
Асноўныя падзеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы этап (1389—1390)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1389 годзе, ведаючы пра хваляваньні ў Вялікім Княстве, Ягайла паслаў у Вільню Клемэнса Маскажэўскага, каб разьмясьціць у літоўскай сталіцы польскі гарнізон і стабілізаваць становішча, што яшчэ больш павялічвала градус сытуацыі[19]. Ягайла паспрабаваў мірам уладзіць нарастаючы канфлікт паміж Вітаўтам і Скіргайлам. Вітаўт быў змушаны падпісаць дамову, па якой абавязаўся быць ляяльным да Скіргайлы і падтрымліваць яго, але ягонае становішча як князя Валыні пры гэтым не было дакумэнтальна пацьверджанае[20]. Вітаўт пачаў абдумваць плян наступу, вырашыўшы скарыстацца рыхтаваўшымся вясельлем сваёй дачкі Соф’і зь вялікім князем маскоўскім Васілём I. Вітаўт задумаў пад выглядам падрыхтовак да вясельля адправіць у Вільню абоз зь сенам, мясам і іншымі рэчамі ў суправаджэньні вартаўнікоў, якія, скарыстаўшыся выпадкам, вінны будуць захапіць віленскі замак[21]. Аднак з-за здрады гэты плян не ажыцьцявіўся (быў раскрыты нямецкім выведнікам)[22]. У выніку два адданыя саюзьнікі Вітаўта, брат Таўцівіл Кейстутавіч і швагер Ян Гальшанскі, страцілі свае вотчыны — Наваградак і Гальшаны[20].
Вітаўт змушаны быў ізноў зьвярнуцца за дапамогай да Ордэну, паслаўшы для перамоў палоннага рыцара Маркварда фон Зальцбаха. 19 студзеня 1390 году ўпотай ад Скіргайлы і Ягайлы была складзена Ліцкая дамова, якая пацьвердзіла асноўныя пункты складзенай яшчэ падчас папярэдняй вайны Кёнігзбэрскай дамовы і прадугледжвала дапамогу Тэўтонскага Ордэну ў барацьбе Вітаўта зь Ягайлам[20]. У абмен Вітаўт абяцаў перадаць Ордэну Жамойць аж да Нявежы. Аднак раз ужо падманутыя Вітаўтам крыжакі гэтым разам запатрабавалі закладнікаў[23]. Імі сталі шматлікія родзічы і сваякі Вітаўта: ягоныя браты Жыгімонт і Таўцівіл, жонка Ганна, дачка Соф’я, сястра Рымгайла, швагер Ян Гальшанскі і некаторыя іншыя прадстаўнікі літоўскай шляхты, якія сымпатызавалі Вітаўту[15].
Ліцкая дамова была падмацавана дамовай у Кёнігзбэргу, падпісанай у 1390 годзе паміж Ордэнам і дэлегацыяй ад Жамойці ў складзе 30-ці або 31-го прадстаўніка мясцовай шляхты, якія гарантавалі сваю ляяльнасьць Вітаўту як «жамойцкаму каралю»[20]. Акрамя войскаў Ордэну, пад стан Вітаўта сьцяклося нямала наймітаў з эўрапейскіх краін: Францыі, Ангельшчыны, Сьвятой Рымскай імпэрыі, сярод вайскаводаў быў у тым ліку і будучы кароль Ангельшчыны Генрых IV[24]. Ангельскія крыжакі пакінулі дэталёвыя запісы пра свае дзеяньні ў Прусіі і Літве, якія ляглі ў аснову некаторых са знакамітых Кэнтэрберыйскіх аповядаў Джэфры Чосэра[25]. Ягайла таксама ўзмацняў свае войскі. Ён захапіў Камянец і яшчэ некалькі замкаў у Падляшшы, разьмясьціўшы ў іх польскія гарнізоны[26], і пасьля шасьцімесячнай аблогі, у красавіку 1390 году, узяў Гародню[27].
Кааліцыя Вітаўта зрабіла шэраг паходаў у літоўскія межы, найбуйнейшым зь якіх стаў паход у канцы лета 1390 году. Падчас аблогі Георгенбургу сканаў вялікі магістар Конрад Цёльнэр фон Ротэнштайн, з прычыны чаго 11 верасьня пасьля пяцімесячнай аблогі войскі адступілі ад гораду[27]. Неўзабаве пасьля гэтага войскі падышлі да Вільні[28] і 11 верасьня прыступілі да пяцітыднёвай аблогі гораду[18]. Абарону віленскіх замкаў узначальваў Скіргайла, які быў камандуючым аб’яднаным польска-літоўскім войскам[29]. Рыцары зьнішчылі амаль увесь горад па-за межамі крапасной сьцяны[24] і здолелі разбурыць Крывы замак, які ніколі пасьля ня быў адбудаваны[30]. Падчас аблогі загінулі Таўцівіл Кейстутавіч і Карыгайла, брат Ягайлы[15]. Між тым, нападнікі сутыкнуліся з цэлым шэрагам праблем: заканчваўся порах, непрыемныя неспадзеўкі выдавала надвор’е, завяршаліся тэрміны службы эўрапейскіх наймітаў, акрамя таго, браты-рыцары мелі патрэбу ў новым вялікім магістры[31]. У выніку аблога была зьнятая, і войскі вярнуліся ў Прусію. Аднак барацьба паміж Вітаўтам і Ягайлам на гэтым ня скончылася, наадварот, стаў відавочным ўзрослы ўплыў супернікаў Ягайлы і ўсё меншая ягоная падтрымка з боку мясцовай шляхты[18].
Другі этап (1391—1392)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другі этап супрацьстаяньня пачаўся пасьля вясельля адзінай дачкі Вітаўта Соф’і зь вялікім князем маскоўскім Васілём Дзьмітрыевічам, якое адбылася 21 студзеня 1391 году. Гэты шлюб умацаваў пазыцыі Вітаўта ў рускіх землях, у прыватнасьці, у Маскве, і дазваляў гаварыць аб Васілю як аб патэнцыйным саюзьніку Вітаўта ў барацьбе супраць Ягайлы[19]. Акрамя таго, прыкладна ў гэты ж час Ягайлаў брат князь Ноўгарада Вялікага Лугвен быў змушаны пакінуць Ноўгарад пад ціскам маскоўскага князя[32]. Тым часам тэўтонскія рыцары не прадпрымалі ніякіх рашучых дзеяньняў у сувязі з зацяжной працэдурай абраньня генэральным капітулам Конрада фон Валенрода ў якасьці новага вялікага магістра Ордэну[31]. Аднак сам магістар ня маў намеру сядзець бяз справы: у траўні 1391 году ён узяў пад заклад у 6632 гульдэны стратэгічна важную крэпасьць «Златорыя» (каля Торуні) ў Апольскага князя Ўладзіслава Апольчыка[33][34]. Гэта выклікала вострую рэакцыю Ягайлы, які быў супернікам Апольчыка і даўно імкнуўся захапіць ягонае княства. Польскі кароль уварваўся ў Добжынскую зямлю, але пацярпеў паразу[20].
Новы вялікі магістар ізноў сабраў эўрапейскіх наймітаў з Францыі, Ангельшчыны і Шатляндыі, войскі апошняй вялі знакаміты рыцар маршал Францыі Жан II ле Мэнгр[27] і Ўільям Дуглас, незаконнанароджаны сын графа Арчыбальда «Лютага»[35]. Увосень 1391 году крыжакі арганізавалі новы паход на Вільню[15]. У Коўне войскі зладзілі багаты баль[35], апісаны Адамам Міцкевічам у выдадзенай у 1828 годзе паэме «Конрад Валенрод». Яны разбурылі бліжэйшыя гарады Вількамір і Майшаголу, пры гэтым замак у апошнім горадзе быў спалены і больш ніколі не адноўлены. У лістападзе Вітаўт атакаваў Мерач і Горадню, тым самым перакрыўшы Ягайлу доступ да Вільні[35].
У траўні 1392 году Конрад фон Валенрод распачаў перамовы з імпэратарам Сьвятой Рымскай Імпэрыі Жыгімонтам аб куплі Ноймарку за 500 тысячаў гульдэнаў[36], а таксама пагадзіўся заплаціць Уладзіславу Апольчыку 50 тысячаў гульдэнаў за куплю Добжынскай зямлі[36], якая з 1377 году шматкроць аспрэчвалася рознымі прадстаўнікамі дынастыі Пястаў[37]. У 1392 годзе Апольчык прапанаваў плян па падзеле Польшчы паміж Тэўтонскім Ордэнам, Сьвятой Рымскай Імпэрыяй, Сылезіяй і Вугоршчынай, але гэты плян быў адпрэчаны[38].
І для Ягайлы, і для Вітаўта вайна ішла не занадта ўдала, у той час як землі Вялікага Княства Літоўскага руйнаваліся ўсё больш і больш[16]. Польская шляхта усё больш расчароўвалася ў вайне[19]: Крэўская унія павінна была ўзмацніць іхні ўплыў у Галіцыі, Малдавіі і Валахіі, але прывяла да новых праблем на поўначы[36]. Ягайла спрабаваў нешта распачаць, жадаў замяніць Скіргайлу сваім малодшым братам Вігандам, князем Кернаўскім, аднак той памёр пры нявысьветленых акалічнасьцях 28 чэрвеня 1392 году[36]. Магчыма, ён быў атручаны, пры гэтым арганізатарамі забойства маглі быць і Скіргайла, і Вітаўт[36]. Ягайла замяніў Клемэнса Маскажэўскага на Яна Алясьніцкага на пасадзе камандзіра польскага гарнізону ў Вільні[36], а пасьля вырашыў распачаць мірныя перамовы зь Вітаўтам[15].
Завяршэньне вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Востраўскае пагадненьне
Яшчэ ўвесну 1392 году Ягайла паслаў да Вітаўта свайго прадстаўніка біскупа плоцкага Генрыха Мазавецкага для абмеркаваньня ўмоў міру. Ягайла прапанаваў саступіць Вітаўту тытул вялікага князя літоўскага, калі той прызнае яго вярхоўным сюзэрэнам Літвы[15]. Вітаўт прыняў прапанову Ягайлы не адразу, мабыць, з-за таго, што шматлікія ягоныя сваякі і набліжаныя знаходзіліся ў Ордэне ў якасьці закладнікаў[36]. Пасьля таго як дамова ўпотай была дасягнутая, Вітаўт запрасіў тэўтонскіх рыцараў на сьвята ў сваю рэзыдэнцыю — замак Рыттэрсвэрдэр, які знаходзіўся на высьпе на Нёмане[15]. Большасьць нічога не падазраваўшых гасьцей Вітаўта былі ўзятыя ў палон, пасьля чаго літоўскі князь спаліў гэты замак, а таксама Мэттэнбург, Нойгартэн (каля Гародні) й іншыя драўляныя замкі, збудаваныя рыцарамі падчас паходу на Вільню[32][36]. Падчас гэтай кампаніі ў палон да Ордэну патрапіў брат Вітаўта Жыгімонт, які знаходзіўся пры двары вялікага магістра аж да падпісаньня Салінскай дамовы у 1398 годзе[39].
4 ліпеня 1392 году адбылася сустрэча Ягайлы і Вітаўта ў маёнтку Востраў каля Ліды[40]. Там і былі распачатыя афіцыйныя перамовы, вынікам якіх стала пагадненьне, якое фармальна і завяршыла вайну. Вітаўт быў прызнаны вялікім князем літоўскім, яму была вернутая ягоная вотчына — Троцкае княства. Скіргайла атрымаў у валоданьне Кіеўскае княства, дзе і сканаў празь 5 гадоў[16]. Вітаўт фармальна прызнаў Ягайлу, які цяпер насіў тытул вярхоўны князь літоўскі, сваім сюзэрэнам. Таксама Вітаўт паабяцаў, што пасьля ягонай сьмерці зямлі Вялікага Княства стануць уласнасьцю караля Польшчы.
Востраўскае пагадненьне было ратыфікавана ў шэрагу дагавораў, складзеных паміж Польшчаю і Літвою, а таксама ў шэрагу дакумэнтаў, падпісаных жонкаю Вітаўта Ганнай і жонкай Ягайлы Ядзьвігай. Пагадненьне спрыяла ўмацаваньню цэнтралізаванай улады ў літоўскай дзяржаве[18].
Наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фармальна залежны, на практыцы Вітаўт дзейнічаў самастойна. Больш таго, шмат у чым Ягайла сам залежаў ад Вітаўта[41]. З самога пачатку гаспадараньня Вітаўт стаў праводзіць палітыку, накіраваную на пашырэньне сфэры ўплыву, узьняцьцё міжнароднага прэстыжу дзяржавы і ўмацаваньне цэнтральнай улады ў княстве[42]. У 1398 годзе на зборы шляхты літоўскія і рускія князі і баяры абвясьцілі Вітаўта самастойным кіраўніком дзяржавы. Аднак параза ў бітве на Ворскле ад татараў хана Цімура Кутлуга ў 1399 годзе, дзе Вітаўт ледзь не патануў і страціў амаль усё войска, паслабіла ягоныя пазыцыі[16]. Акрамя таго, пачаліся паўстаньні ў Смаленскім княстве, а таксама Наўгародзкай і Пскоўскай Рэспубліках[43]. У гэтых умовах Вітаўт быў змушаны пацьвердзіць вярхоўную ўладу Ягайлы, пайшоўшы на заключэньне Віленска-Радамскай уніі[44].
Тым ня менш, Вітаўт працягнуў палітыку па ўмацаваньні дзяржавы. Ён замяняў князёў на месцах сваімі намесьнікамі, дамогся посьпехаў на ўсходзе: межы Вялікага Княства Літоўскага дайшлі да вярхоўяў Акі і да Мажайску, ён адабраў у татараў Паўднёвую Падолію, заключыў саюзы з цьвярскім, разанскім і пронскім князямі. Зяць Вітаўта Васіль I Дзьмітрыевіч па завяшчаньні, складзенаму ў 1423 годзе, пакінуў яго рэгентам[b] пры непаўналетнім вялікім князю маскоўскім Васілю II[45].
Умацаваньню аўтарытэту Вітаўта спрыяла перамога ў Грунвальдзкай бітве і вяртаньне Жамойці па ўмовах Торуньскага міру 1411 году. Палітыка Вітаўта была ацэненая па заслугах эўрапейскімі кіраўнікамі на зьезьдзе ў Луцку ў студзені 1429 году[46]. Імпэратар Жыгімонт Люксембурскі прапанаваў Вітаўту прыняць каралеўскую карону, на што ён адказаў згодай. Перамовы ішлі таемна, бо палякі былі катэгарычна супраць узмацненьня Вітаўта. Нават Ягайла быў згодзен на каранаваньне, заявіўшы, што пасьля сьмерці Вітаўта карона пяройдзе да аднаго зь ягоных сыноў, бо ў Вітаўта не было спадчыньнікаў мужчынскай стаці[46]. Незадоўга да каранаваньня, 27 кастрычніка 1430 году Вітаўт нечакана сканаў у Троках[46]. Сьмерць Вітаўта магла адбыцца па натуральным прычынах, старому князю было ўжо 80 гадоў[47].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вялікі магістар Тэўтонскага Ордэну — вярхоўная выканаўчая пасада Тэўтонскага Ордэну.
- ^ Рэгенцтва (па-лацінску: regens, «той, хто кіруе») — часовае ажыцьцяўленьне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы калегіяльна (рада рэгентаў) ці аднаасобна (рэгент) пры малых гадах, хваробе, адсутнасьці манарха.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е Kiaupa Z., Kiaupiene. J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — pp. 124—126. — ISBN 9986-810-13-2. (анг.)
- ^ а б Koncius J. B. Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. — Miami: Franklin Press, 1964. — pp. 21-23. (анг.)
- ^ а б в Jakštas J. Lithuania to World War I // Albertas Gerutis. Lithuania: 700 Years. translated by Algirdas Budreckis — 6th ed. — New York: Manyland Books, 1984. — pp. 57-58. — ISBN 0-87141-028-1. (анг.)
- ^ а б Christiansen E. The Northern Crusades. — London: Penguin Books, 1997. — pp. 164—165. — ISBN 0-14-026653-4. (анг.)
- ^ а б в Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuviu; kataliku; mokslo akademija, 1978. — pp. 271—273. (лет.)
- ^ а б в Ivinskis Z. Vytauto jaunyste. ir jo veikimas iki 1392 m. // Paulius Šležas. Vytautas Didysis. — Vilnius: Vyriausioji enciklopediju; redakcija, 1988. — pp. 7-32. (лет.)
- ^ Kučinskas A. Kęstutis. — Vilnius: Mokslas, 1988. — p. 173. — ISBN 5-420-00623-5. (лет.)
- ^ Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — pp. 170—171. — ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
- ^ Генадзь Сагановіч. Ягайла // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 775—776.
- ^ Jonynas I. Vytauto šeimyna. Istorijos baruose. — Vilnius: Mokslas, 1984. — pp. 35-38. (лет.)
- ^ а б Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — pp. 173—174. — ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
- ^ Sužiedėlis S. Vytautas the Great // Encyclopedia Lituanica. — VI. — Boston, Massachusetts: Juozas Kapočius, 1970—1978. — pp. 208—209. (анг.)
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Крэўская унія 1385 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 159.
- ^ Sruogiene.-Sruoga V. Jogaila (1350—1434) // Lituanus 4 (33), 1987. — ISSN 0024-5089. (анг.)
- ^ а б в г д е ё Koncius J. B. Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. Miami: Franklin Press, 1964. pp. 40-44. (анг.)
- ^ а б в г Stone D. Z. The Polish-Lithuanian State, 1386—1795. — Seattle: University of Washington Press, 2001. — p. 18. — ISBN 0-295-98093-1. (анг.)
- ^ Gieysztor A. The kingdom of Poland and the grand duchy of Lithuania, 1370—1506. — The New Cambridge Medieval History, c. 1415 — c. 1500. 7. Cambridge University Press, 1998. — p. 732. — ISBN 0-521-38296-3. (анг.)
- ^ а б в г Gudavičius E. Lietuvos istorija. Nuo seniausių laikų iki 1569 metų. — Vilnius: Lietuvos rašytojų sąjungos leidykla, 1999. — pp. 173—174. ISBN 9986-39-112-1. (лет.)
- ^ а б в Kiaupa Z., Kiaupiene. J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — pp. 131—132. — ISBN 9986-810-13-2. (анг.)
- ^ а б в г д Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuviu; kataliku; mokslo akademija, 1978. — pp. 304—306. (лет.)
- ^ Jonynas I. Vytauto s(eimyna // Istorijos baruose. — Vilnius: Mokslas, 1984. — p. 60. (лет.)
- ^ Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — pp. 193—194. — ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
- ^ Micku-naite. G. From Pamphlet to Political Theory: The Establishment of Lithuanian Dynastic Tradition // The medieval chronicle II: proceedings of the 2nd International Conference on the Medieval Chronicle, Driebergen/Utrecht 16-21 July 1999 / Erik Kooper. Rodopi, 2002. — p. 157. — ISBN 90-420-0834-2. (анг.)
- ^ а б Turnbull S. Crusader Castles of the Teutonic Knights. — Vol. 2: The Stone Castles of Latvia and Estonia, 1185—1560. Osprey Publishing, 2004. — pp. 53-54. — ISBN 1-84176-712-3. (анг.)
- ^ Skeat W. W. The Complete Works of Geoffrey Chaucer. — 2nd ed. — Oxford: The Clarendon Press, 1990. — p. 7. (анг.)
- ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 84 — ISBN 5-17-035350-2. (рас.)
- ^ а б в Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — pp. 197—199. — ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
- ^ Генадзь Сагановіч Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя — Мінск: Энцыклапедыкс, 2001 — С. 84 — 412 с — ISBN 985-6374-34-2
- ^ Jasienica P. Polska Jagiellonów. — Warsaw: Państwowy Instytut Wydawniczy, 199. — pp. 83-84. — ISBN 83-06-01796-X. (пол.)
- ^ Jovaiša E. Vilniaus pilys // Gimtoji istorija. Nuo 7 iki 12 klase.s. — Vilnius: Elektronine.s leidybos namai, 2002. — ISBN 9986-9216-9-4. https://web.archive.org/web/20110928210054/http://mkp.emokykla.lt/gimtoji/?id=8106. Retrieved 2008-06-30. (лет.)
- ^ а б Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — pp. 200—201. — ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
- ^ а б Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuviu; kataliku; mokslo akademija, 1978. — pp. 307—308. (лет.)
- ^ Herder-Institut J. G. Zeitschrift fu"r Ostmitteleuropa-forschung. Marburg: J.G. Herder-Institut, 1997. — p. 7. (ням.)
- ^ Codex diplomaticus Poloniae quo continentur privilegia regum Poloniae / Red. L. Rzyszczewski, M. Bobowski, A. Muczkowski, J. Bartoszewicz Varsaviae, 1852. — s. xi. (лац.)
- ^ а б в Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — pp. 202—204. — ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
- ^ а б в г д е ё ж Urban W. Vytautas and Jagiello, I // Tannenberg and After. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2003. — P. 1–50. — ISBN 0-929700-25-2 (анг.)
- ^ Urban W. Samogitian Crusade. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2006. — p. 206. — ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
- ^ Lukowski J., Zawadzki H. A Concise History of Poland. Cambridge University Press, 206. — p. 44. — ISBN 0-521-85332-X. (анг.)
- ^ Maroszek J. Evidence of a stormy history. My Little Europe (Cross-border Centre for Civil Education and Information in Białystok). — 4: 32. (анг.)
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Востраўскае пагадненьне // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 С. 465.
- ^ Барбашев А. И. Витовт и его политика до Грюнвальдской битвы (1410 г.) — Санкт-Петербург: Типография Н. Н. Скороходова, 1885. — С. 10. — 166 с (рас.)
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Вітаўт // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4 С. 447—448.
- ^ Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuviu; kataliku; mokslo akademija, 1978. — pp. 319. (лет.)
- ^ Kiaupa Z., Kiaupiene. J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — pp. 135—137. — ISBN 9986-810-13-2. (анг.)
- ^ Зимин А. А. Витязь на распутье: феодальная война в России XV в. — Москва: Мысль, 1991. — С. 30. — 286 с. — ISBN 5-244-00518-9. (рас.)
- ^ а б в Барбашев А. И. Очерки литовско-русской истории XV века. Витовт. Последние двадцать лет княжения (1410—1430). — Санкт-Петербург: Типография Н. Н. Скороходова, 1891. — С. 239—261. — 341 с. (рас.)
- ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 115 — ISBN 5-17-035350-2. (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Барбашев А. И. Витовт и его политика до Грюнвальденской битвы (1410 г.) — СПб.: Типография Н. Н. Скороходова, 1885.
- Грушевський М. С. Історія України-Руси. — Т. 4: ХІV-ХVІ віки — відносини політичні. — Розділ II. — Київ: Наукова думка, 1993. — 544 с — ISBN 5-12-003208-7.
- Гудавичюс Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года / Перевод Г. И. Ефромова. — Том I. — Москва: Фонд имени И. Д. Сытина, 2005. — 679 с — ISBN 5-94953-029-2.
- Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. — 2-е издание — Москва. Московская Художественная Печатня, 1915. — 409 c.
- Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. — 800 с — ISBN 5-17-035350-2.
- Koncius J. B. Vytautas the Great: Grand Duke of Lithuania. — Vol. 1. — Maiami: Franklin Press, 1964. — 211 p.
- Kosman M. Wielki książę Witold. — Warszawa: Ksiąźka i Wiedza, 1967. — 279 s.
- Łowmiański H. Witold, wielki księze litewski. — Wilno: Wydawnictwo Komitetu obchodu pięćsetnej rocznicy zgonu wielkiego księcia Witolda, 1930. — 121 s.
- Mickūnaitė G. Making a great ruler: Grand Duke Vytautas of Lithuania. — Budapest: Central European University Press, 2006. — 337 p. — ISBN 963-7326-58-8.
- Prochaska A. Dzieje Witolda Wielkiego Księcia Litwy. — Wilno, 1914. — 420 s.
- Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań, Wrocław: Wydawnictwo Historyczne, 1999. — 319 s. — ISBN 83-913563-1-0.