Перайсці да зместу

Айна Калас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Айна Калас
фінск.: Aino Kallas
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Aino Suonio[1]
Дата нараджэння 2 жніўня 1878(1878-08-02)[2][3][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 лістапада 1956(1956-11-09)[2][3][…] (78 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Юліус Крон
Маці Minna Krohn[d]
Муж Оскар Калас[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца, навэліст
Гады творчасці з 1897
Кірунак імпрэсіянізм
Жанр апавяданне
Мова твораў фінская мова
Прэміі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Айна Юлія Марыя Калас, народжаная Крон (фінск.: Aino Julia Maria Kallas, Krohn, 2 жніўня 1878, Кійскіля — 9 сакавіка 1956, Хельсінкі) — фінская пісьменніца, пісала вершы, навелы, раманы і п’есы.

Дзяцінства і юнацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў сядзібе Кійскіля (цяпер Падбярэззе) недалёка ад Выбарга, якая належала шляхетнай выбаргскай сям’і Крон. Яе бацькам быў пісьменнік і фалькларыст Юліус Крон, маці, Марыя Ліндроас, была дырэктарам Фінскай школы для дзяўчынак. Браты Айна Каарле і Ільмары таксама сталі вядомымі ў Фінляндыі навукоўцамі. У сядзібе Кійскіля Айна правяла свае дзіцячыя гады. Адукацыю і выхаванне атрымала ў арыстакратычным асяроддзі ў Гельсінгфорсе.

Творчы шлях пачала ў шаснаццаць гадоў. У фокусе яе інтарэсаў часта былі пытанні аб паходжанні чалавека — зборнік «Песні і балады» і «Кірсці», а таксама аповесць «Кацінька Рабэ», прысвечаная дзяцінству пісьменніцы. Правобразам Кацінькі Рабе з’яўляецца сама Айна Калас. Месцам дзеяння з’яўляецца бацькоўскі маёнтак пад Выбаргам. Айна лічыла, што шмат што ў ёй вызначыла дзяцінства, і з павагай ставілася да ўсяго, што з ім звязана.

Замужжа і жыццё ў Эстоніі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1900 годзе Каллас выйшла замуж за будучага эстонскага дыпламата, доктара Філіпа Оскара Каласа (1868—1946). У шлюбе нарадзілася пяцёра дзяцей: Вірвэ, Лайнэ, Сулеў, Хілар і памерлы ў маленстве Лембіт. Спачатку сям’я жыла ў Пецярбургу, затым, у 1904 годзе, пераехала ў Тарту. Айна Калас вельмі захапілася гісторыяй і культурай Эстоніі, цесна супрацоўнічала з эстонскай нацыянальнай літаратурна-прагрэсіўнай групоўкай «Маладая Эстонія», якая выступала за стварэнне нацыянальнай эстонскай дзяржавы.

Навелы, напісаныя Калас у гэты перыяд, прасякнуты эстонскай нацыянальнай ідэяй. Найбольшую вядомасць атрымаў зборнік навэл «За морам» (1904—1905), які складаўся з дзвюх частак. За гэтым зборнікам рушыла ўслед навела «Антс Раўд’ялг», у якой пісьменніца з рэалістычнай дакладнасцю апісвае сацыяльнае становішча ў Эстоніі таго часу і цяжкае становішча эстонскага народа, які знаходзіўся пад прыгнётам остзейска-нямецкіх баронаў і расійскіх улад.

Раман з Эйна Лейна

[правіць | правіць зыходнік]

Паваротны момант у творчасці — зборнік навел «Горад караблёў, якія сплываюць» (1913). Гэты твор напісаны пад уплывам сімвалізму і поўна міфічных вобразаў. У гэты перыяд у жыцці Калас здарылася шмат узрушэнняў, перш за ўсё — сустрэча з паэтам Эйна Лейна ў 1915 годзе. Першая сустрэча не выклікала ўзаемнай цікавасці, аднак праз некаторы час яны сустрэліся зноў. З першых дзён іх адносіны насілі адбітак трагедыі. Айна самааддана спрабавала дапамагчы паэту вярнуць творчыя сілы і веру ў будучыню, ранейшы рамантычны настрой у літаратуры і ў жыцці. Яна імкнулася рабіць усё, каб вярнуць Фінляндыі яе паэта, творчасць якога аказвала на яе культуру вялікі ўплыў. На працягу 1916—1919 гадоў Айна раздзірала сваё сэрца паміж мужам і паэтам. Аднак пагрозы самагубства мужа і страх Айна за лёс сваіх дзяцей зрабіліся непераадольнай перашкодай кахання.

Безвыходнасць адносін ляглі ў аснову далейшых твораў як Лейна, так і Калас. Лейна апісаў цяжкі для іх абодвух час у зборніку «Песні герцага Юхана і Катарыны Ягелонікі», а Айна ўзяла імя галоўнай гераіні псеўданімам для біяграфічнай аповесці «Кацінька Рабэ». Яна выпусціла зборнік навел «Чужая кроў», галоўнай тэмай якога з’яўляецца каханне, непераможная сіла якой альбо пераадольвае ўсе перашкоды, альбо знаходзіць выйсце ў смерці. Каханне ў разуменні пісьменніцы — рок, лёс, сіла, якая не падпарадкоўваецца розуму; каханне вызначае паводзіны чалавека. Калас пісала аб тым, што сама перажыла. Пра сваё трагічнае каханне з Эйна Лейна яна распавяла ў сваіх дзённіках толькі ў 1950 годзе, незадоўга да смерці.

Лонданскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-я гады муж Айна Оскар Калас стаў паслом Эстонскай рэспублікі ў Вялікабрытаніі, таму наступныя дванаццаць гадоў пісьменніца жыла ў Лондане. Тым не менш, на лета Калас адпачывала ад напружанага і клапатлівага лонданскага жыцця на невялікім астраўку ля берагоў вострава Хіюмаа, дзе чэрпала натхненне для сваёй творчасці. Раманы, створаныя Калас у гэты перыяд, — «Барбара фон Тызенхузен», «Пастар з Рэйгі», «Нявеста ваўка» — напісаны ў архаічным стылі і прасякнуты матывамі эстонскіх і ліўскіх легенд. У гэтых творах адлюстравана гарачае, вар’яцкае каханне, якое прыносіць шчасце, але ў той жа час вядзе да смерці.

У наступныя гады Калас піша п’есы, такія як «Мары і яе сын» і «Вірсавія на востраве Саарэмаа», паводле якіх кампазітар Таўна Пюлкянен напісаў оперы. Пасля савецкай акупацыі Эстоніі сям’я эмігрыруе ў Швецыю, дзе Оскар Калас неўзабаве памірае. У 1944—1953 гадах Айна Калас жыла ў Стакгольме; за гэтыя гады яна апублікавала шэсць тамоў дзённікаў і мемуараў. У 1953 годзе яна вярнулася ў родную Фінляндыю, дзе і памерла праз тры гады.

Зімой 2007 года ў архіве выдавецтва «Otava» была знойдзена перапіска Калас з эсэістам і крытыкам Ганнай-Марыяй Тальгрэн, якая налічвае амаль сто лістоў. Гэтую перапіску апублікавала Сілья Вуарыкуру вясной 2008 года пад назвай «Мастацтва жыцця». Вуарыкуру напісала дысертацыю пра Айна Калас, сабраўшы вялікую колькасць раней не апублікаваных матэрыялаў, звязаных з пісьменніцай, у тым ліку згублены рукапіс «Вірсавіі» з Эстонскага літаратурнага музея.

  1. Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. а б Aino Kallas // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Aino Kallas // FemBio database Праверана 9 кастрычніка 2017.