Браты Люм’ер
Браты Люм’ер, пачынальнікі кіно:
- Жан-Луі Люм’ер (1864—1948) — малодшы брат (вынаходнік апарата «Сінематограф»).
- Агюст Люм’ер (1862—1954) — старэйшы брат (арганізатар).
Стварэнне кінематографа
[правіць | правіць зыходнік]У 1883 годзе Луі і Агюст Люм’еры разам з бацькам Антуанам, на аснове тэхналогіі распрацаванай Луі, наладзілі ў Ліёне вытворчасць жэлацінавых фотапласцінак з ужываннем браміду срэбра. За першы год фабрыка вырабіла 216 тысяч фотапласцінак, а да 1890 года на ёй працавала 200 рабочых, якія выраблялі штогод 4 мільёны пласцінак. З 1892 года кампанія Люм’ераў таксама выпускала брамідную паперу, мела капітал у 3 мільёны франкаў[1].
Вынаходнікам тэхнікі, названай «сінематографам» (фр.: Cinématographe, ад стар.-грэч.: κίνημα — рух і γράφειν — пісаць), быў малодшы брат, Луі, на той час афіцыйны ўладальнік сямейнай фабрыкі[2]. Яго праект часткова фінансаваў старэйшы брат Агюст, а пасля стварэння здымачнага апарата абодва браты актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні першых фільмаў. Разам з Люм’ерамі над новай тэхнікай працаваў інжынер Жуль Карпанцье , ён сканструяваў першы праекцыйны апарат для дэманстрацыі іх стужак[3].
Патэнтавая заяўка на вынаходніцтва сінематографа пададзена 13 лютага 1895 года, амаль праз два гады пасля патэнтавання ў ЗША кінетаскопа Эдысана, разлічанага, аднак, на індывідуальны прагляд. Хоць Люм’еры і маглі быць знаёмы з вынаходніцтвам Эдысана і, напэўна, карысталіся некаторымі яго ідэямі, але іх сінематограф быў прызначаны для масавага прагляду, што дазваляе лічыць менавіта іх стваральнікамі сучаснага кіно. Першы публічны сеанс праведзены ў Парыжы 22 сакавіка 1895 года, аднак днём нараджэння кіно афіцыйна лічыцца 28 снежня 1895 года, калі ў Grand Café на бульвары Капуцынак прайшоў першы камерцыйны паказ фільмаў Люм’ераў[4]. Праз шырокае асвятленне ў прэсе ў 1895 годзе Люм’ерам пачалі прапаноўваць правядзенне сеансаў у іншых гарадах і краінах. Каб адолець рост колькасці заявак, браты працавалі па сістэме канцэсій, калі заказчыкі бралі ў арэнду праекцыйныя апараты, а прадстаўнікі кампаніі Люм’ераў іх мантавалі на месцах і праводзілі сеансы, з перадачай 60 % збораў аўтарам «Сінематографа». Першай паловай 1896 года дэманстрацыі новай тэхналогіі прайшлі ў Лондане, Рыме, Кёльне, Жэневе, Мадрыдзе, Санкт-Пецярбургу і Нью-Ёрку, вераснем — у Мельбурне, студзенем 1897 года — у Японіі[1].
Першыя 50-секундныя стужкі Люм’ераў заклалі аснову жанравай разнастайнасці кінематографа, уключаючы як дакументальнае («Выхад рабочых з фабрыкі Люм’ер», «Прыбыццё цягніка на вакзал Ла-Сьёта», так і першую кінахроніку «Прыбыццё дэлегатаў на фотакангрэс у Ліёне» з канферэнцыі Французскага фатаграфічнага таварыства[2]), і ігравое кіно (сярод узораў якога асаблівы поспех мела камедыя «Паліты палівальшчык»)[4]. Люм’ерамі апрабаваны шэраг прыёмаў, пазней ужываных іншымі кінематаграфістамі — у прыватнасці, трэвелінг, або здымка з рухомай платформы: у ролі платформы ў іх выпадку была гандола, на якой яны плылі венецыянскім каналам[3].
Здымкамі кіно браты актыўна займаліся да 1898 года, калі скончыўшы працы над фільмам «Страсці Ісусавы» Луі Люм’ер адмовіўся ад кінакар’еры[3] і засяродзіўся на паляпшэнні тэхналогіі каляровай фатаграфіі. Сыход з кінаіндустрыі быў звязаны таксама з узрастаннем канкурэнцыі. Калі першыя гады эксплуатацыі апарата Люм’ераў яны атрымлівалі мноства заказаў і ўжо да ліпеня 1896 года зарабілі на канцэсіях каля мільёна франкаў, а ў 1897 годзе іх «Сінематографам» розныя аўтары знялі больш за 500 карцін, то пазней неўдасканаленне першапачатковай канструкцыі прымусіла публіку пераключыцца на іншыя мадэлі. Публічныя сеансы з выкарыстаннем «Сінематографа» працягваліся да 1902 года, а ў каталогах фабрыкі Люм’ераў ён згадваецца да 1907 года. Пазней Люм’еры працягвалі вырабляць 35-мм цэлулоідную кінастужку, якую выкарыстоўвалі і ў навейшых кінаапаратах (з пачатку 1900-х да пачатку 1940-х гадоў праз даччыную фірму Société des pellicules françaises), аднак выпуск камер спынілі. Агулам даходы ад сеансаў і продажу здымачных камер складалі толькі 15 % ад даходаў кампаніі нават у гады буму, паміж 1896 і 1900 гадамі[1].
Агулам з 1895 да 1898 год Люм’ерамі было знята каля 1800 стужак, перададзеных Луі ў 1946 годзе Французскай сінематэцы[3].
Першы кінапостар таксама звязаны з братамі Люм’ер. Постар анансаваў першы кінапаказ 28 снежня 1895 года, на ім выяўлены натоўп людзей у чаканні першага публічнага кінасеансу ў Grand Café на бульвары Капуцынак. Кінапостар быў выстаўлены на аўкцыён 28 жніўня 2018 года[5] і прададзены за 160 000 фунтаў, рэкорд для плакатаў выстаўляных аўкцыён домам Сотбіс[6].
Другі вядомы кінапостар рэкламуе фільм «Паліты палівальшчык» 1895 года[7]. Фільм лічыцца першым паўнавартасным «кароткім метрам» з постарам.
У 1909 годзе браты Люм’ер узнагароджаны медалём Эліёта Крэсона. У гонар братоў названы астэроід (775) Люм’ер, адкрыты ў 1914 годзе.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У 1960 годзе ў гонар братоў адкрыта зоркі на «Алеі славы» Галівуда[8]. Помнікі Люм’ерам устаноўлены ў Ліёне побач з іх былым сямейным домам (завершаны ў 1962 годзе)[9], у Ла-Сьёце, дзе здымаліся іх першыя стужкі, у 1958 годзе[10] і ў Екацярынбургу (Расія) у 2012 годзе. У 2017 годзе ў Экібастузе (Казахстан) у гонар Люм’ераў назвалі адзіны кінатэатр.
- Помнікі братам Люм’ер
-
Ліён, 1958—1962
-
Екацярынбург, 2012
У 1995 годзе Банк Францыі вымушана спыніў выпуск новай 200-франкавай купюры з партрэтамі Люм’ераў, хоць было ўжо надрукавана 17 мільёнаў банкнот, пазней наклад быў знішчаны. Рашэнне выклікана скандалам праз выяўленыя акалічнасці супрацоўніцтва братоў з калабарацыянісцкім рэжымам Вішы ў гады Другой сусветнай вайны. Старэйшы брат, Агюст, быў прызначаны маршалам Петэнам у гарадскі савет Ліёна, а малодшы, Луі, стаў членам Нацыянальнага савета і адным з патронаў фашысцкага Легіёну французскіх добраахвотнікаў супраць бальшавізму (ЛВФ).[11]
Фільмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Паліты палівальшчык (1895)
- Прыбыццё цягніка на вакзал Ла-Сьёта (1895)
- Выхад рабочых з фабрыкі (1895)
Зноскі
- ↑ а б в Jean-Marc Lamotte. Lumière et fils // Encyclopedia of Early Cinema / Richard Abel (Ed.). — Routledge, 2005. — P. 396-398. — ISBN 0-415-23440-9.
- ↑ а б Lumière brothers — артыкул з Энцыклапедыі Брытаніка
- ↑ а б в г Люмьер (братья) — артыкул з Вялікай энцыклапедыі Кірылы і Мяфодзія
- ↑ а б Кино история — артыкул з энцыклапедыі «Кругосвет»
- ↑ "Первый в истории кинопостер выставили на аукцион". Праверана 2018-08-21.
- ↑ Первый в мире киноплакат продан на онлайн-аукционе за 160 тыс. фунтов стерлингов . Artchive. Праверана 1 лістапада 2019.
- ↑ "Краткая история кинопостера". Праверана 2018-08-21.
- ↑ Зоркі Луі Архівавана 26 чэрвеня 2015. і Агюста Люм’ера Архівавана 26 чэрвеня 2015. на сайце «Алеі славы» Галівуда (англ.)
- ↑ Vue générale du monument en hommage aux frères Lumière (1958-1962 inauguration) (фр.)(недаступная спасылка). Patrimoine de Rhône-Alpes. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2017. Праверана 8 жніўня 2015.
- ↑ La Ciotat, Cinema and the Lumières . Marvellous Provence. Праверана 8 жніўня 2015.
- ↑ Renaud Lecadre et Ange-Dominique Bouzet.. Le billet de 200 F Lumière rattrapé par Vichy17 millions de billets risquent de finir au pilon. Le «Eiffel» sent aussi le souffre (фр.)(недаступная спасылка). Libération (16 Juin 1995). Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2015. Праверана 4 жніўня 2015.