Бхотыя
Бхотыя (भोटिया) | |
Агульная колькасць | 323 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Бутан — 182 тыс. |
Мова | бхот |
Рэлігія | будызм, індуізм, сікхізм |
Блізкія этнічныя групы | тыбетцы, шэрпы, лепча, магары, таму, таманг |
Бхотыя (саманазва भोटिया) — група малых этнічных супольнасцяў у Бутане, Непале, Індыі, якая жыве ўздоўж паўднёвых хрыбтоў Гімалаяў. Гавораць на мове бхот цэнтральна-тыбецкай падгрупы цэнтральнай групы сіна-тыбецкай сям'і, якая мае мноства дыялектаў. Большасць - будысты, частка (у Індыі) — індуісты і сікхі. У Бутане бхотыя складаюць аснову насельніцтва і фарміруюць большасць бутанскай нацыі. Агульная колькасць (2011 г.) - каля 323 тыс. чал.
Традыцыйныя заняткі — тэрасавае ручное і ворнае земляробства (пшаніца, ячмень, проса, бульба, рэдзька) і адгоннае высакагорная жывёлагадоўля (які-дзо, авечкі, козы і інш.). Асноўную земляробчую працу рабілі жанчыны. Развіты караванны гандаль соллю, воўнай, збожжам. Захоўваецца родаплемянны падзел. Шлюб пераважна патрылакальны. У мінулым распаўсюджана паліандрыя (у Бутане забаронена законам). Сям’я малая нуклеарная.
У далінах жывуць у каменных шматсямейных жытлах з плоскім дахам і ўнутраным дваром. На паўночным усходзе Непала дамы двухпавярховыя, з унутраным дваром і плоскім дахам з тоўстых прутоў, зверху ўтрамбаваных глінай. На першым паверсе знаходзіцца хлеў. Сцены атынкаваны і пафарбаваны ў белы і чырвоны колер. Вокны на другім паверсе. У пастухоў распаўсюджаны чорны тыбецкі намёт з воўны. Адзенне падобнае да адзення шэрпа.
Асноўнае харчаванне — цзамба (мука з прасмажанага зерня ячменю, завараная вадзяным кіпенем або гарачым малаком), малочныя прадукты, мяса, гародніна. Ужываюць чай з малаком і соллю, яйкамі, маслам; чан або цам (піва з ячменю). Распаўсюджаны культ гор. У Кумаоне (Індыя) бхотыя адрозніваюцца ад астатніх індуістаў тым, што ядуць ялавічыну.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Народы мира, «Советская энциклопедия», М., 1988 // С.118 — 119
- West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. - New York, 2009 P. 108 - 114