Класічная культура Веракрус
Класічная культура Веракрус, ці Класічная культура ўзбярэжжа Мексіканскага заліва — культурная вобласць у паўночнай і цэнтральнай частцы сучаснага мексіканскага штата Веракрус, дзе існавала індзейская культура прыкладна з I па XI ст. н. э. Па месаамерыканскай храналогіі культура належала да класічнай эры[1]. Часам памылкова называецца татанакскай культурай.
Цэнтрам культуры быў Эль-Тахін; сярод іншых паселішчаў вылучаліся Ігерас (Higueras), Сапаталь, Сера-дэ-лас-Месас, Напілоа і Рэмахадас (апошнія былі двума важнымі цэнтрамі вытворчасці керамікі). Культура Веракрус распаўсюджвалася ўздоўж узбярэжжа Мексіканскага заліва паміж рэкамі Панука на поўначы і Папалаапан на поўдні.
Характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнай тэмай мастацтва культуры Веракрус з'яўляецца чалавечае ахвярапрынашэнне, у прыватнасці, у кантэксце мясцовай гульні ў мяч[2]. Характэрным элементам з'яўляюцца спіралепадобныя завіткі, прадстаўленыя як на манументальнай архітэктуры, так і на малых вырабах, у тым ліку кераміцы і нават на разьбе па костцы. Прынамсі адзін даследнік выказаў здагадку, што галовы і іншыя фігуры, утвораныя завіткамі, уяўляюць сабою форму піктаграфічнай пісьменнасці культуры Веракрус[3]. Падобны стыль завіткоў мог развіцца з малюнкаў у Ч'япа-дэ-Корса і Камінальхую[4].
Акрамя завіткоў, архітэктура пакрыта мноствам іншых арнаментаў, падобных прадстаўленым на Пірамідзе ніш у Эль-Тахіне. Арнаменты ўяўляюць сабою рэзкі кантраст святла і цені[5].
Хоць на культуру Веракрус аказалі прыкметны ўплыў Тэатыўакан і мая, ніводная з азначаных дзвюх культур не з'яўляецца яе прамым папярэднікам. Насупраць, уплыў культуры Веракрус прыкметна як мінімум у асобных цэнтрах эпіёльмекскай культуры, напрыклад, Сера-дэ-лас-Месас і Ла-Махара[6].
Часам класічную культуру Веракрус памылковы асацыююць з татанкамі, якія займалі гэтую тэрыторыю падчас канкісты. Тым не менш, як адзначаюць Майкл Коу і Кюблер, сведчанняў таго, што татанкі сапраўды мелі дачыненне да гэтай культуры, пакуль не выяўлена[7]. Назву «татанакская культура» па гэтай прычыне варта лічыць памылковай.
Сацыяльная арганізацыя
[правіць | правіць зыходнік]На сацыяльнае расслаенне, наяўнасць эліты і рамесную спецыялізацыю грамадства Веракрус указваюць пахаванні, манументальныя скульптуры, разьбяныя рэльефы і распаўсюджванне архітэктуры ў рэгіянальных цэнтрах. Спадчынныя кіраўнікі кіравалі рэгіянальнымі цэнтрамі малога і сярэдняга памераў, якія не перавышалі па плошчы 2000 км2, і ажыццяўлялі сваё кіраванне шляхам палітычнага і рэлігійнага кантролю над далёка ідучымі гандлёвымі сеткамі, а таксама падтрымлівалі сваю легітымнасць шляхам такіх традыцыйных для Месаамерыкі абрадаў, як кровапусканне, чалавечыя ахвяры, войны і выкарыстанне экзатычных тавараў[8]. Большасць насельніцтва жыло ў ізаляваных сялянскіх сядзібах ці паселішчах[9].
Падобна папярэднім альмекам і эпіёльмекам, культура Веракрус была заснавана на падсечна-агнявой гаспадарцы, земляробстве перакладнага тыпу. Асноўным відам харчавання была кукуруза, а дадатковымі — хатнія сабакі, дзікія алені і іншыя жывёлы, а таксама рыба і малюскі. Важнай пасяўной культурай таксама была бавоўна[10].
Класічная культура Веракрус шанавала шматлікіх месаамерыканскіх богаў, у прыватнасці, бога смерці (асабліва важную ролю ён гуляў у Эль-Тахіне; яго часта асацыююць з ацтэкскім богам Міктлантэкутлі) і монстра зямлі (відаць, перанятага ад альмекаў)[11].
Гульня ў мяч
[правіць | правіць зыходнік]Відаць, гульня ў мяч атрымала ў культуры Веракрус шырокае распаўсюджанне[12]. У кожным з культурных цэнтраў гэтай культуры мелася хоць бы адно поле для гульні ў мяч, а ў Эль-Тахіне іх было выяўлена 18[13]. Менавіта ў культуры Веракрус паслякласічнай эры гульня дасягнула свайго росквіту[14].
Рытуалы гульні ў мяч шырока прадстаўлены ў манументальным мастацтве Веракрус. Сцены найбуйнейшага са стадыёнаў для гульні ў мяч, Паўднёвага Стадыёна ў Эль-Тахіне, пакрыты разьбянымі насценнымі малюнкамі, дзе прадстаўлены сюжэты чалавечага ахвярапрынашэння ў кантэксце гульні. Найболей драматычным з'яўляецца сюжэт, дзе бог дажджу праколвае свой пеніс (акт рытуальнага кровапусканні) і напаўняе крывёй з яго рытуальны бак з адурманьваючым напоем пульке, які, відаць, выпівалі па канчатку гульні, пасля рытуалу ахвярапрынашэнняў[15].
Характэрным для культуры Веракрус з'яўляецца выкарыстанне спецыфічнага каменнага інвентара для гульні ў мяч: «ярмо» (ці «хамут»), «свечак» (ісп.: hachas) і «пальмаў» (ісп.: palmas). «Ярмо» уяўляла сабою U-падобны камень, які надзяваўся на талію іграка, а «свечкі» і «пальмы» насаджваліся на яго. Археолагі мяркуюць, што падобныя каменныя паясы не выкарыстоўваліся ў гульні, а з'яўляліся рытуальнымі малюнкамі, тады як у рэальнасці гульнявое «ярмо» выраблялася са скуры ці тканіны. Па прычыне недаўгавечнасці гэтых матэрыялаў у раскопках падобныя прадметы не былі выяўлены. Існавала і мясцовая спецыфіка выкарыстання інвентара: «хамуты» і «свечкі» выяўлены ў раскопках ад Тэатыўакана да Гватэмалы, а «пальма» сустракалася на тэрыторыі сучаснага штата Веракрус.
Кераміка
[правіць | правіць зыходнік]Да пачатку 1950-х гг. меліся толькі нешматлікія ўзоры керамікі Веракрус, звычайна з няясным месцам паходжання. З тых часоў былі адкрыты тысячы фігурак і фрагментаў керамікі на такіх археалагічных помніках, як Рэмахадас, Лос-Серас, Дыча-Туэрта і Тэненешпан (некаторыя — «чорнымі археолагамі»). Яны патрапілі ў шматлікія музейныя экспазіцыі і дапамаглі пашырыць сучаснае ўяўленне пра дадзеную культуру[16].
Фігуркі ў стылі Рэмахадас — магчыма, найбольш характэрныя для дадзенай культуры — звычайна вырабляліся ўручную і ўпрыгожваліся накладным арнаментам. Асабліва варта адзначыць фігуркі з усмешлівымі тварамі (ісп.: Sonrientes) з трохкутнымі галовамі і выцягнутымі вушамі. Фігуркі ў стылі напілоа[17] звычайна горш упрыгожаны, без накладнога арнаменту, нярэдка вырабляліся шляхам адліўкі[18].
Да культуры Веракрус належаць некалькі з вядомых месаамерыканскіх фігурак з коламі (кола было нехарактэрным для месаамерыканскіх культур). Акрамя таго, культура Веракрус выкарыстоўвала для афарбоўкі бітум.
Зноскі
- ↑ Розныя аўтары па-рознаму датуюць часавыя рамкі культуры, напрыклад, Noble (p. 645) — з 250 па 900 гг, іншыя больш абцякальна спасылаюцца на класічную эру месаамерыканскай храналогіі, часавыя рамкі якой для розных рэгіёнаў розныя.
- ↑ Kampen (1978) p. 116.
- ↑ See Kampen-O’Riley, p. 299.
- ↑ Kubler, p. 141.
- ↑ Kubler, p. 139.
- ↑ Wilkerson, p. 46-47.
- ↑ Coe, p. 115, і Kubler, p. 137
- ↑ Pool, et al., p. 207.
- ↑ Pool, p. 205.
- ↑ Pool, p. 212.
- ↑ Pool, et al., p. 208.
- ↑ Дэвіс (Davies, p. 123) і Майкл Коу (Coe, p. 118) аднадушна адзначаюць, што гэтая гульня сярод насельнікаў Эль-Тахіна стала «масавым вар'яцтвам».
- ↑ Па дадзеных Метраполітан-музея, гульнявых палёў у Эль-Тахіне было 17 «Palma with Skeletal Head Figure (Mexico, Veracruz) (1978.412.16)», тады як Дэй (Day, p. 75) піша аб 18-ці. Па дадзеных іншых даследнікаў, гульнявых палёў было менш. Магчыма, разыходжанні звязаны з тым, што кнігі пісаліся ў розны час, тады як даследчыкі працягвалі рабіць новыя адкрыцці.
- ↑ Уілкерсан (Wilkerson, p. 48) адзначае: «Рытуал гульні ў мяч дасягае свайго піку пры культуры Веракрус — такім моцным захапленне гэтай гульнёй не было нідзе больш у Месаамерыцы».
- ↑ Wilkerson, p. 65.
- ↑ Medellin Zenil. See also Covarrubias, p. 191.
- ↑ Pre-Columbian Gallery: Mexico — Nopiloa || The Lands Beyond(недаступная спасылка)
- ↑ Covarrubias, p. 191.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Bruhns, Karen Olsen Anthropology 470 Study Guide. Архівавана 11 лютага 2012.
- Coe, Michael D. (2002); Mexico: From the Olmecs to the Aztecs Thames and Hudson, London.
- Covarrubias, Miguel (1957) Indian Art of Mexico and Central America, Alfred A. Knopf, New York.
- Davies, Nigel (1982) The Ancient Kingdoms of Mexico, Penguin Books, London, 1990 printing, ISBN 0-14-013587-1.
- Day, Jane Stevenson (2001). "Performing on the Court". In E. Michael Whittington (Ed.) (рэд.). The Sport of Life and Death: The Mesoamerican Ballgame. New York: Thames & Hudson. pp. 65-77. ISBN 0-500-05108-9.
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка) - Kampen, M. E. (1978) «Classic Veracruz Grotesques and Sacrificial Iconography», in Man, Vol. 13, No. 1 (Mar., 1978), pp. 116–126.
- Kampen-O’Riley, Michael (2006) Art Beyond the West, Prentice-Hall Art, Second Edition, ISBN 978-0132240109.
- Kubler, George (1990) The Art and Architecture of Ancient America, 3rd Edition, Yale University Press, ISBN 0-300-05325-8.
- Noble, John; Nystrom, Andrew Dean; Konn, Morgan; Grosberg, Michael (2004) Mexico, Lonely Planet, 9th Ed, ISBN 1740596862.
- Medillin Zenil, Alfonso; Frederick A. Peterson (1954) «A Smiling Head Complex from Central Veracruz, Mexico» in American Antiquity, Vol. 20, No. 2. (Oct., 1954), pp. 162–169.
- Metropolitan Museum of Art, «Palma with Skeletal Head Figure (Mexico, Veracruz) (1978.412.16)» (October 2006) in Timeline of Art History, New York.
- Pool, Christopher (2002) «Gulf Coast Classic» in Encyclopedia of Prehistory; Volume 5, Middle America, Peter Neal Peregrine and Melvin Ember, eds., Springer Publishing.
- Solis, Felipe (1994). "La Costa del Golfo: el arte del centro de Veracruz y del mundo huasteco". In Mari'a Luisa Sabau Garci'a (ed.) (рэд.). Me'xico en el mundo de las colecciones de arte: Mesoamerica, vol. 1. Beatriz de la Fuente (Mesoamerican research coordinator), Mari'a Olga Sa'enz Gonza'lez (project coordinator). Me'xico, D.F.: Secretari'a de Relaciones Exteriores, Instituto de Investigaciones Este'ticas-UNAM, and Consejo Nacional para la Cultura y las Artes. pp. 183–241. ISBN 968-6963-36-7. OCLC 33194574.
{{cite book}}
:|editor=
мае агульную назву (даведка)Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка) (ісп.) - Wilkerson, S. Jeffrey K. (1991) «Then They Were Sacrificed: The Ritual Ballgame of Northeastern Mesoamerica Through Time and Space», in The Mesoamerican Ballgame, University of Arizona Press, ISBN 0-8165-1360-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Класічная культура Веракрус
- Гісторыя індзейцаў штата Веракрус
- A Nopiloa-style figurine of a woman in ceremonial dress, 700—900 CE.
- A Nopiloa-style ballplayer figurine, 700—1000 CE. Note the yoke worn about the waist.
- Вялікая калекцыя керамікі класічнага Веракруса Архівавана 29 мая 2010. у музеі Логан Белойцкага каледжа. (англ.)