Ктувім
Ктувім (іўр.: כְּתוּבִים — «Пісанні») — трэці і заключны раздзел іўдзейскага Святога Пісання — Танаха. Вядомы таксама пад грэчаскай назвай Агіёграфы (стар.-грэч.: ἅγιος «святы» + γραφή — «пісанне») або проста Графіі. Упершыню падзел Яўрэйскай Бібліі на тры часткі (Тора, або Закон, Нэвіім, або адкрыццё святых прарокаў, і Пісанні — словы святасці) зроблена ў трактаце «Саферым», які адносіцца да VIII стагоддзя [1].
Спіс кніг, якія ўваходзяць у Ктувім
[правіць | правіць зыходнік]Падгрупа I. Тры паэтычныя кнігі (Сіфрэй Эмет)
- 1. Тэгілім— תהלים — Псалтыр
- 2. Мішлей — משלי — Кніга Прытчы Саламонавы
- 3. Ёў — איוב — Кніга Іова
Падгрупа II. Пяць скруткаў (Хамеш Мэгілот). У сінагагальным набажэнстве кожны з іх прачытваецца ў пэўныя дні года.
- 4. Шыр га-Шырым — שיר חשירים — Песня Песень (Песах)
- 5. Рут — רות — Кніга Руф (Шавуот)
- 6. Эйха — איכה — Плач Ераміі (назва — па першым слове кнігі, дзявятае ава)
- 7. Кагэлет — קהלת — Кніга Эклезіяста (Свята кушчаў)
- 8. Эстэр — אסתר — Кніга Эсфір (Пурым)
Падгрупа III. Іншыя гістарычныя кнігі
- 9. Даніэль — דניאל — Кніга прарока Данііла
- 10. Эзра — עזרא — Кніга Ездры і Кніга Неяміі
- 11. Дзіўрэй га-Ямім — דברי הימים — Кнігі Летапісаў
Галоўная адметная рыса кніг трэцяга раздзелу Танаха — тое, што яны напісаныя, сабраныя і ўключаныя ў канон пазней за астатнія кнігі, так што канчатковая кананізацыя і заключная рэдакцыя Ктувім як цэлага можа быць аднесеная да II ст. да н. э. — I ст. н. э. [2] [3] У грэчаскім перакладзе Старога Запавету (Септуагінта) Пісанні не складаюць асобага аддзелу, а размешчаны, згодна са зместам, паміж іншымі кнігамі. Так, Кніга Руф, Кнігі Летапісаў, Кніга Ездры, Кніга Неяміі і Кніга Эсфір знаходзяцца паміж гістарычнымі кнігамі; Плач Ераміі і Кніга прарока Данііла — паміж Кнігамі Прарокаў і г.д. Гэтага парадку прытрымліваюцца і Вульгата, і Біблія Лютэра.
Зноскі
- ↑ Соферим, трактат // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. — СПб., 1908—1913.
- ↑ Біблія. Гісторыя стварэння і характарыстыка асобных кніг Бібліі // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
- ↑ Біблейская крытыка. Д. Конторер