Леапольд фон Ранке
Леапольд фон Ра́нке (ням.: Leopold von Ranke; 21 снежня 1795, Віэ — 23 мая 1886, Берлін) — нямецкі гісторык, заснавальнік класічнай нямецкай гістарычнай школы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Леапольд фон Ранке нарадзіўся ў сям'і Готліба Ізраэля фон Ранке, юрыста з Віэ. З дзяцінства цікавіўся старажытнагрэчаскай і лацінскай мовамі. Выхоўваўся ў лютэранскіх традыцыях.
У 1814 г. стаў студэнтам Лейпцыгскага ўніверсітэта, дзе вывучаў філалагічны падыход да антыказнаўства і тэалогію. Пасля заканчэння ўніверсітэта пераехаў у Франкфурт-на-Одэры для выкладання класічных дысцыплін у мясцовай гімназіі.
У 1824 г. свет убачыла першая гістарычная праца Л. фон Ранке «Гісторыя раманскіх і германскіх народаў з 1494 г. да 1514 г». Напісаная на аснове вялікай колькасці крыніц з пункту гледжання крытычнага падыходу, яна зрабіла яго імя вядомым. У 1825 г. Л. фон Ранке быў запрошаны для працы ў Берлінскі ўніверсітэт, дзе займаў пасаду прафесара гісторыі амаль 50 гадоў.
У 1832 — 1836 гг. рэдактаваў часопіс «Historische-Politische Zeitschrift».
У 1841 г. быў прызначаны каралеўскім гістарыёграфам Прускай дзяржавы. Публікаваў працы па гісторыі Германіі, Аўстра-Венгрыі, Італіі, Сербіі, Вялікабрытаніі.
Пасля выхаду на пенсію ў 1880 г. распачаў напісанне працы па сусветнай гісторыі, але паспеў завершыць яе толькі да XII ст. Яго вучні і памочнікі давялі апісанне да 1453 г. Дапамога патрабавалася Л. фон Ранке, паколькі ў апошнія гады жыцця ён амаль страціў зрок, але працягваў даследаванні і дыктоўку гістарычных сачыненняў.
Быў жанаты на Кларысе Грэйвс, брытанскай падданай ірландскага паходжання, меў 4 сыны.
Навуковыя погляды
[правіць | правіць зыходнік]Леапольд фон Ранке разглядаў гісторыю як навуку і быў прыхільнікам ідэй гістарызму. Ранкеанскі гістарызм (historismus) абапіраўся на погляды, якія раней выказваліся Фрыдрыхам Шлеермахерам і Фрыдрыхам фон Савіньі, што ў сваю чаргу працягвалі традыцыю, закладзеную Гердэрам.
Асновай для спасціжэння гісторыі Леапольд фон Ранке лічыў гістарычны факт, які ўсталёўваўся праз даследаванне гістарычнай крыніцы. Такой крыніцай мог быць дакумент, створаны ў даследуемую эпоху, і праца гісторыка, напісаная пазней. Аднак пры наяўнасці дзвюх такіх крыніц даследчык павінен аддаць перавагу першай. Леапольд фон Ранке развіваў «крытычны метад» даследавання крыніц, першасна распрацаваны Нібурам. Яго перавагі ён паказаў ужо на прыкладзе сваёй першай працы «Гісторыя раманскіх і германскіх народаў з 1494 г. да 1514 г.», для якой апублікаваў спецыяльны крыніцазнаўчы дадатак. У ім апісваліся знешнія абставіны знаходкі, захавання і публікацыі крыніцы. Далей ішла ўнутраная крытыка тэксту, заснаваная з большага на філалагічных метадах. Але ўнутраная крытыка гістарыяграфічных крыніц таксама ўтрымоўвала заўвагі, што дэманстравалі давер даследчыка да іх аўтараў. Так, Леапольд фон Ранке не падзяляў поглядаў тых гісторыкаў, што імкнуліся судзіць мінулае. У прадмове да працы ён абяцаў не рабіць гэтага, а паказваць «як сапраўды адбылося» (wie es eigentlich gewesen). Такім чынам, апісанне фактаў павінна быць бесстароннім, не залежыць ад унутраных матываў даследчыка.
У далейшых працах Леапольд фон Ранке амаль адмовіўся ад звароту да прац іншых гісторыкаў і абапіраўся на першасныя крыніцы. Для гэтага ён збіраў і ўважліва вывучаў архіўныя матэрыялы. Важную ролю адыграла вывучэнне ім архіву дыпламатычных матэрыялаў Венецыянскай рэспублікі. Некаторыя з іх былі выкарыстаны для напісання гісторыі Рымскіх Пап. Паколькі Леапольд фон Ранке не быў каталіком, яму забаранялася працаваць непасрэдна ў папскіх архівах. Для збору і аналізу новых архіўных матэрыялаў ён прыцягваў сваіх вучняў.
Леапольд фон Ранке лічыў, што кожная гістарычная эпоха адрозніваецца ад іншых, але не падзяляў думку пра тое, што набліжаныя да яго часу эпохі вышэй за болей старажытныя. Ён крытыкаваў філасофію гісторыі Гегеля за ігнараванне ролі чалавечай дзейнасці і наяўнасці вядучых ідэй. Ён адвяргаў тэорыю гістарычнага развіцця з-за таго, што тая будавалася на абстрагаванні ад канкрэтных фактаў. Кожная гістарычная падзея выглядала для яго непаўторнай. Тым не меней, у працы па сусветнай гісторыі Леапольд фон Ранке вылучаў пэўныя тэндэнцыі, характэрныя для той ці іншай гістарычнай эпохі.
Упершыню ўвёў у навуковы зварот паняцце «Контррэфармацыя».
Педагогіка
[правіць | правіць зыходнік]Леапольд фон Ранке — выхавальнік плеяды таленавітых нямецкіх гісторыкаў, вядомых як «ранкеанцы», заснавальнік асобнай гістарычнай школы. Яе асновай стаў даследчыцкі семінар, арганізаваны ў Берлінскім універсітэце ў 1834 г. Семінарскі спосаб навучання шырока практыкаваўся ў нямецкіх універсітэтах з XVIII ст., і пры жыцці Леапольда фон Ранке набыў амаль абавязковы характар. Звычайныя семінары складаліся з практыкаванняў, якія выкладчыкі давалі студэнтам. Леапольд фон Ранке не быў прыхільнікам такога падыхода. Ён сцвярджаў, што студэнтаў трэба падзяляць на 2 групы. Асноўная група мела патрэбу толькі ў наведванні лекцый. Меншая складалася з тых, хто адчуваў унутраную патрэбу ў даследчыцкай дзейнасці. Менавіта яна і ўдзельнічала ў семінарах. Замест практыкаванняў ён скаардынаваў намаганні вучняў для даследавання пэўнага перыяду гісторыі (прыкладна стагоддзе пасля 919 г.), садзейнічаў публікацыі найбольш заўважных студэнцкіх прац у зборніках.
Асноўныя працы
[правіць | правіць зыходнік]- 1824 г.: «Geschichten der romanischen und germanischen Völker von 1494 bis 15»14
- 1829 г.: «Serbische Revolution»
- 1834 — 1836 гг.: «Die römischen Päpste in den letzten vier Jahrhunderten»
- 1847 — 1848 гг.: «Neun Bücher preussischer Geschichte»
- 1852 — 1861 гг.: «Französische Geschichte, vornehmlich im sechzehnten und siebzehnten Jahrhundert»
- 1875 г.: «Ursprung und Beginn der Revolutionskriege 1791 und 1792»
- 1877 г.: «Weltgeschichte»
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Leopold Ranke // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Leopold von Ranke // Gran Enciclopèdia Catalana — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ↑ CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries. Праверана 23 студзеня 2019.
- ↑ Leopold von Ranke // KNAW Past Members Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в www.accademiadellescienze.it Праверана 1 снежня 2020.
- ↑ Ранке Леопольд фон // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в г Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #118598279 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 2 красавіка 2015.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ранке // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 306. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Самахвалаў, Д. С. Гісторыя гістарычнай думкі : курс лекцый. — Мінск: БДУ, 2013. — ISBN 978-985-518-807-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Deutsche Biographie
- Encyclopedia.com
- Wolfgang Hardtwig Die Geschichtserfahrung der Moderne und die Ästhetisierung der Geschichtsschreibung: Leopold von Ranke
- Kasper Risbjerg Eskildsen Virtues of History: Exercises, Seminars, and the Emergence of the German Historical Discipline, 1830–1900
- Historismus. Part One: Ranke, Historismus, and its Roots at the University of Berlin Архівавана 1 ліпеня 2023.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 21 снежня
- Нарадзіліся ў 1795 годзе
- Нарадзіліся 20 снежня
- Нарадзіліся ў Цюрынгіі
- Памерлі 23 мая
- Памерлі ў 1886 годзе
- Памерлі ў Берліне
- Пахаваныя ў Берліне
- Члены Венгерскай акадэміі навук
- Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
- Члены РАН
- Члены Прускай акадэміі навук
- Члены Нідэрландскай каралеўскай акадэміі навук
- Члены Гётынгенскай акадэміі навук
- Члены Баварскай акадэміі навук
- Кавалеры Баварскага ордэна Максіміліяна «За дасягненні ў навуцы і мастацтве»
- Ганаровыя грамадзяне Берліна
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Гісторыкі Германіі
- Гісторыкі XIX стагоддзя