Перайсьці да зьместу

Лее

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Лее або Ліс

Leie, Lys
Агульныя зьвесткі
Выток Лісбург (па-француску: Lisbourg), Францыя
Вышыня вытоку 114,7 м
Вусьце Шэльда
Краіны басэйну Францыя, Бэльгія
Вобласьці Па-дэ-Кале, Нор, Эно, Заходняя Фляндрыя і Усходняя Фляндрыя
Даўжыня 202 км
Плошча басэйну 2900 км²

Лее, або Ліс (па-нідэрляндзку: Leie, па-француску: Lys) — рака ў Францыі ды Бэльгіі, бярэ свой пачатак у Паўночнае Францыі ў месьце Лісбург, і ў Генце ў Бэльгіі ўпадае ў Шэльду. Рака дала сваё імя бітве, якая адбылася на яе берагах 23—28 траўня 1940 року між бэльгійскімі і нямецкімі войскамі.

Дакладна кажучы, Лее ўжо не ўпадае ў Шэльду (з 2008 року). Пасьля праведзеных будаўнічых прац у цэнтры Генту, яе рэчышча было засыпана.

Даўжыня ракі — 202 км, зь якіх 109 км праходзяць па тэрыторыі Бэльгіі. На працягу 24 км свайго цячэньня Лее ўтварае мяжу між Францыяй і Бэльгіяй.

Традыцыйна Лее вядома льнагадоўляй. Вада ў рацэ бядна на вапняк і жалеза, а таму прыдатная для вымочваньня льну. Гэта спрычыніла і другое імя Лее — Залатая рака: вымочваньне льну давала такі асаблівы колер вадзе ў рацэ. Аднак у 1943 вытворчасьць льну была забароненая з прычыны забруджваньня вады.

Суднаходзтва па рацэ магчыма да Гарэльбэке (па-нідэрляндзку: Harelbeke) пры танажы меней за 1350 тон. Далей па цячэньні гэтая норма зьмяншаецца да 600 тон. Ніжэй пасьля места Кортрэйк суднаходзтва вядзецца па каналах, якія злучаюць Лее з Шэльдай.

Лее ўпершыню згадваецца ў 694 року як Легія (па-лацінску: Legia)[1]. Гэтае імя, мяркуецца, паходзіць ад кельцкага, што можна перакласьці як «які цячэ/рэчышча».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Леесховішча мультымэдыйных матэрыялаў