Парог (п’еса)
Парог | |
---|---|
Жанр | драма |
Аўтар | Аляксей Дудараў |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1981 |
«Парог» — драма ў 2 дзеях Аляксея Дударава. Напісана ў 1981 годзе. П’еса лічыцца пачаткам драматургічнага жыцця Дударава. У ёй драматург на прыкладзе жыцця Андрэя Бусла праводзіць маральнае і сацыяльнае даследаванне алкагалізму, яго прычын і вынікаў.
Пастаноўкі
[правіць | правіць зыходнік]У 1982 годзе пастаўлена ў Беларускім тэатры імя Я. Коласа. Рэжысёр В. Мазынскі, мастак А. Салаўёў. У ролях: Андрэй Буслай — Л. Трушко, Я. Шыпіла; Маці — Л. Пісарава, Бацька — А. Шэлег, Аліна — Н. Фацеева, Л. Цімохава; Драгун — А. Фралоў, Мікола — Я. Багдановіч, В. Дашкевіч; Ніна — Г. Каралькова, Шаргаёў — Т. Кокштыс, М. Цішачкін; Красоўскі — Г. Шкуратаў, Міліцыянер — Я. Буракоў, А. Трус. Першае сцэнічнае прачытанне п’есы стала пэўным чынам кананічным. Гэта найперш праявілася ў імкненні да глыбока псіхалагічнага раскрыцця характараў і ўзаемаадносін паміж героямі. Асабліва выразныя т. зв. вясковыя сцэны. Цікавая тэатральная форма дазваляла пашырыць асацыятыўна-вобразныя сувязі прыватнай гісторыі з агульначалавечымі праблемамі. Дакладна і прама ставіліся сацыяльныя і маральныя пытанні, адказы ж на іх выяўлялі шмат нюансаў, эмацыянальных зрухаў і ўсплёскаў.
У гэтым жа годзе п’еса ўвасоблена ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры. Рэжысёр А. Дольнікаў, мастак Т. Карвякова. У ролях: Андрэй Буслай — Р. Белацаркоўскі, Маці — Г. Качаткова, Бацька — А. Логінаў, Мікола — А. Мельнікаў, Ніна — Т. Багрэева, Шаргаёў — В. Кастальцаў, Красоўскі — А. Гаманюк, Міліцыянер — А. Беражны. Галоўная адметнасць спектакля выяўлялася ў псіхалагічна распрацаванай партытуры акцёрскага выканання. Знешняя прастата і неназойлівасць пастановачных прыёмаў спалучаліся з глыбокім і шматгранным раскрыццём унутранага свету чалавека. Эмацыянальная акрэсленасць і вызначанасць аўтарскай задумы прысутнічалі ў асобных сцэнах, агульнаму ж дзеянню бракавала мастацкай логікі і завершанасці.
У 1983 годзе «Парог» пастаўлены ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы. Рэжысёр В. Раеўскі, мастак Б. Герлаван. У ролях: Андрэй Буслай — Г. Гарбук, А. Памазан; Маці — Г. Макарава, А. Рынковіч, М. Зінкевіч; Бацька — П. Кармунін, Б. Уладамірскі; Аліна — С. Некіпелава, Г. Фёдарава; Драгун — Г. Давыдзька, С. Краўчанка; Мікола — Ф. Варанецкі, В. Філатаў; Ніна — Г. Бальчэўская, М. Захарэвіч; Шаргаёў — П. Дубашынскі, У. Кудрэвіч; Красоўскі — Г. Маляўскі, У. Рагаўцоў; Міліцыянер — А. Луцэвіч, М. Федароўскі. Пастаноўка вылучалася адмысловым раскрыццём сучаснай тэмы. Мастацкае ўвасабленне актуальнай, надзённай з’явы разгортвалася ў востра-драматычнае сцэнічнае палатно і ўзводзілася на ўзровень вобразнага асэнсавання і агульначалавечых каштоўнасцей. Рэжысёру ўдалося пераадолець пэўную адасобленасць «гарадскіх» сцэн і ўвесці іх у агульны кантэкст твора. Характар сцэнічнага дзеяння прадугледжваў жорсткую вызначанасць кожнага элемента, што, аднак, не выключала вобразнага абагульнення зададзенай прыватнай гісторыі.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. А. Савіцкая. «Парог» // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.
- Гаробчанка Т. Абуджэнне душы чалавека // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9;
- Ракіцкі В. Калі хварэе душа // Тэатр. Мінск. 1984. N° 1.