Перайсьці да зьместу

Рэалізм (літаратура)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рэалі́зм у літарату́ры — праўдзівае выяўленьне рэальнае рэчаіснасьці. У кожным творы прыгожага пісьменства ёсць два неабходныя элемэнты: аб’ектыўны — адлюстраванне з'яваў, якія пададзеныя па-за мастаком, і суб’ектыўны — штосьці, укладзенае ў твор мастаком ад яго. Параўноўваючы і ацэньваючы гэтыя два элемэнты, у розныя часы тэорыя надае вялікае значэньне то адному, то другому зь іх — у зьвязку з хадой разьвіцьця мастацтва і іншымі акалічнасьцямі. Адсюль два супрацьлеглыя кірункі ў тэорыі: адзін — рэалізм — ставіць перад мастацтвам задачу праўдзівага адлюстраваньня рэчаіснасьці; другі — ідэалізм — бачыць прызначэньне мастацтва ў «папаўненьні рэчаіснасьці», у стварэньні новых формаў. Прычым зыходным пунктам служаць ня столькі наяўныя факты, колькі ідэальныя ўяўленьні. Гэтая запазычаная зь філязофіі тэрміналёгія часам уносіць у ацэнку мастацкага твору моманты пазаэстэтычныя: рэалізм цалкам няслушна папракаюць у адсутнасьці маральнага ідэалізму.

У звычайным ужываньні тэрмін «рэалізм» азначае дакладнае капіяваньне дэталяў, пераважна зьнешніх. Няслушнасьць гэтага пунткта погляду, натуральнаю высноваю зь якой служыць перавага пратакола — раману й фатаграфіі — карціне, цалкам відавочная; дастатковым абвяржэньнем яе служыць нашае эстэтычнае пачуцьцё, якое адрозьнівае воскавую фігуру і белую мармуровую статую. Бо бессэнсоўна ствараць абсалютна тоесны існуючаму сьвету. Капіяваньне зьнешняга сьвету нават у самай рэзкай рэалістычнай тэорыі ніколі не было мэтаю мастацтва. У тэорыі рэалізму супрацьставіцца ідэалізм, але на практыцы яму супярэчыць рутына, традыцыя, акадэмічны канон, абавязковае імітаваньне клясыкаў — іншымі словамі — гібель самастойнай творчасьці. Пачынаецца мастацтва з сапраўднага адлюстроўваньня прыроды, але, як ёсьць папулярныя ўзоры мастацкага мысьленьня, тады зьяўляецца творчасьць з другіх рук, праца паводле шаблёну. Гэта — звыклая зьява школы, якую б ідэю яна ня вынесла на свой першасны штандар. Амаль кожная школа прэтэндуе на новае слова менавіта ў галіне праўдзівага адлюстроўваньня жыцьця. І кожная па-свойму мае рацыю. І кожная адмаўляецца й зьмяняецца наступнаю ў імя того ж прынцыпу праўды. Гэта асабліва характэрна праяўляецца ў гісторыі разьвіцьця францускае літаратуры, якая ўся ёсьць неперапынным шэрарагам заваёваў сапраўднага рэалізму.

Імкненьне да мастацкай праўды было падставаю тых жа рухаў, якія — як толькі акамянелі ў традыцыі — сталіся пазьней сымбалем нерэальнага мастацтва. Такім ёсьць ня толькі рамантызм, які атакавалі ў імя праўды дактрынэры найноўшага натуралізму; такім ёсьць і клясычная драма. Дастаткова нагадаць, што ўслаўленыя тры адзінствы былі прынятыя зусім не праз рабскае імітаваньне Арыстотэля, але толькі таму, што абумоўлівалі магчымасьць сцэнічнае ілюзіі. Глыбокі ўнутраны рэалізм клясычнае трагедыі французаў вырадзіўся ў разважаньнях тэарэтыкаў і ў творах імітатараў у мёртвыя схемы, прыгнёт якіх быў скінуты літаратурай толькі ў пачатку XIX стагодзьдзя. З шырокага пункту гледжаньня кожны праўдзіва прагрэсіўны рух у галіне мастацтва ёсьць рухам у кірунку да рэалізму. У гэтым дачыненьні ня ёсьць выняткам і тыя новыя плыні, што з выгляду зьяўляюцца рэакцыяй рэалізму. На самой справе яны ёсьць толькі рэакцыяй на рутыну, што абавязковая мастацкай догме — рэакцыяй рэалізму на імя, які перастаў быць шуканьнем і мастацкім адлюстраваньнем жыцьцёвай праўды.

Калі лірычны сымбалізм спрабуе новымі сродкамі перадаць чытачу настрой паэта, калі нэаідэалісты, увакрашаючы старыя ўмоўныя прыёмы мастацкага выяўленьня, малююць стылізаваныя, г. зн. нібы з намерам адыходзячыя ад рэчаіснасьці вобразы, яны імкнуцца да таго ж, што складае мэту кожнага мастацтва — да творчага адлюстроўваньня жыцьця. Таму гісторыя рэалізму супадае зь гісторыяй мастацтва. Можна толькі ахарактарызаваць асобныя моманты гістарычнага жыцьця мастацтва, бачачы яго пераважна ў эмансыпацыі ад школьнай умоўнасьці, ва ўменьні схапіць і сьмеласьці выявіць падрабязнасьці, якія міналі бясьследна ў ранейшага мастака або палохалі яго неадпаведнасьцю дагматам.