Уладзімер Пічэта
Уладзімер Пічэта | |
Дата нараджэньня | 9 (21) кастрычніка 1878 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 23 чэрвеня 1947[1] (68 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, прафэсар унівэрсытэту, славіст |
Навуковая сфэра | гісторыя |
Месца працы | |
Сябра ў | Акадэмія навук СССР[d] |
Навуковая ступень | доктар гісторыі[d] (1918), акадэмік Акадэміі навук Беларускай ССР[d] (1929) і акадэмік АН СССР[d] (1946) |
Навуковы кіраўнік | Мацьвей Любаўскі |
Вучні | Канстантын Кернажыцкі |
Узнагароды | |
Уладзі́мер Іва́навіч Пічэ́та (21 кастрычніка [ст. ст. 9 кастрычніка] 1878, Палтава — 23 чэрвеня 1947, Масква) — савецкі беларускі і расейскі гісторык, выкладнік, першы рэктар БДУ (ліпень 1921 — кастрычнік 1929), акадэмік АН БССР (1928), акадэмік АН СССР (1946), заслужаны прафэсар БССР (1926), заслужаны навуковы дзеяч Узбэцкай ССР (1943).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уладзімер Іванавіч Пічэта нарадзіўся 21 кастрычніка [ст. ст. 9 кастрычніка] 1878 у Палтаве. Яго бацька, Іван (Ёван) Хрыстафоравіч (1844—1920), ураджэнец горада Мостар у Герцыгавіне, быў рэктарам Віцебскай з 24 лютага 1888 г., а затым Палтаўскай духоўнай сэмінарыі з 27 жніўня 1890 г. да 16 жніўня 1902 г. Маці навукоўца, Марыя Рыгораўна Грыгарэнка (1846—1911), украінка паводле паходжаньня, была дачкой кіеўскага чыноўніка Казённай палаты. [2]
Скончыў Палтаўскую гімназію. У 1901 годзе завяршыў навучаньне на гісторыка-філялягічным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту з дыплёмам 1-й ступені. З 1901 па травень 1902 году выкладаў у сярэдніх навучальных установах Масквы. Пасьля, да 1905 году, працаваў ва Ўкраіне. З 1905 году зноў у Маскве.
У 1910 годзе здаў магістарскі іспыт і быў зацьверджаны прыват-дацэнтам Маскоўскага ўнівэрсытэту. Аднак ужо ў 1911 годзе пакінуў яго, пратэстуючы супраць палітыкі ўнівэрсытэцкага кіраўніцтва. У выніку кастрычніцкага перавароту 1917 году Пічэта стаў выкладчыкам у МДУ. 18 лютага 1918 году пасьпяхова абараніў дысэртацыю на ступень магістра расейскай гісторыі. 19 траўня гэтага ж году абараніў дысэртацыю на ступень доктара расейскай гісторыі. У 1919 годзе быў прафэсарам Тамбоўскага і Смаленскага ўнівэрсытэтаў. У 1921 быў прызначаны рэктарам і прафэсарам расейскай гісторыі БДУ. Адзін са стваральнікаў Інбелкульта. У 1921—1925 гадох абіраўся ў ЦВК БССР. З 1928 — чалец АН БССР. У 1930 годзе быў арыштаваны ў Ленінградзе па сфабрыкаванай справе, пазбаўлены званьня акадэміка і сасланы на пяцігадовы тэрмін у Вятку. У 1935 годзе справа Пічэты была перагледжана (існуе легенда, што гэтаму спрыяў прэм’ер-міністар Чэхаславаччыны, зь якім Уладзімер Іванавіч у свой час навучаўся), і яму дазволілі жыць у Маскве. З 1937 году працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР. У 1946 годзе стаў акадэмікам АН СССР.
Памёр у чэрвені 1947 году. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Рэктар БДУ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лютым 1919 году Наркамат асьветы ў Менску стварыў адмысловую камісію, якая мусіла займацца пытаньнем арганізацыі БДУ. Крыху пазьней, вясною гэтага ж году, была створана яшчэ й маскоўская камісія, якая ўзяла на сябе тыя ж функцыі. У лютым 1921 году ў Маскве было арганізавана часовае праўленьне Белдзяржунівэрсытэту, у якое ўвайшлі У. І. Пічэта, З. Р. Грынберг, Ф. Ф. Турук.
8 ліпеня, згодна з пастановай Наркамасьветы ССРБ, было зацьверджана паўнамоцнае праўленьне БДУ ў складзе У. І. Пічэты (на пасадзе рэктара), Ф. Ф. Турука, У. М. Ігнатоўскага, М. Я. Фрумкінай. Важна адзначыць прысутнасьць у складзе праўленьня студэнтаў, але рэальны ўдзел іх у кіраваньні ўнівэрсытэтам зьяўляўся мізэрным. Акрамя праўленьня існаваў яшчэ Савет БДУ. Ягоныя чальцы абіраліся на агульным сходзе супрацоўнікаў.
У кастрычніку 1921 году было зацьверджана «Палажэньне аб вышэйшых навучальных установах РСФСР». У адпаведнасьці зь ім 17 студзеня 1922 году было абрана новае праўленьне ў складзе: У. І. Пічэты (рэктар), У. М. Іваноўскага, С. З. Кацэнбогена, У. І. Корсака і студэнта-ваенкома мэдфака С. І. Буркусевіча. Факультэты ўзначальвалі вядомыя на той час навукоўцы, усе, без выключэньня, прафэсары.
Першапачаткова матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне ўнівэрсытэту магло задаволіць ягоныя патрэбы, аднак ужо праз год, пасьля новага прыёму студэнтаў, умовы навучаньня значна пагоршыліся: будынкі, ў якіх месьціўся ўнівэрсытэт, не зьмяшчалі ўсіх студэнтаў, не хапала падручнікаў, мэблі, месцаў у інтэрнатах.
Каб выйсьці з такога становішча было вырашана ўвесьці ва ўнівэрсытэце платную форму навучаньня, што і было зроблена ў сакавіку 1922 году. Акрамя таго, БДУ атрымліваў сродкі непасрэдна з Масквы ў выглядзе крэдытаў, значную дапамогу аказваў ЦВК ССРБ, важную ролю грала благачыннасьць. Толькі празь некалькі гадоў пасьля заснаваньня ўнівэрсытэт стаў атрымліваць неабходныя сродкі для існаваньня, зьявіўся сталы бюджэт.
Фактычна адначасова з БДУ пачала працаваць ягоная бібліятэка. Ужо ў канцы 1922 году ў ёй налічвалася больш за 100 тысячаў тамоў. Штогод ЦВК выдзяляў значныя суммы на набыцьцё новых кнігаў, бо бібліятэка ўнівэрсытэту зьяўлялася адначасова і дзяржаўнай.
У 1925 годзе былі падрыхтаваныя першыя маладыя адмыслоўцы. Першую ў гісторыю БДУ дыплёмную работу абараніў У. М. Каракулька на тэму «Ножницы (фабрично-заводская промышленность и сельскохозяйственный рынок СССР)».
Значным дасягненьнем Пічэты стала прыняцьцё ўрадам ў 1928 годзе рашэньня аб будаўніцтве студэнтцкага гарадка, якое, зрэшты, адбудзецца ўжо пры іншых рэктарах.
Такім чынам, па стане на 1 кастрычніка 1927 году на чатырох факультэтах БДУ (рабочы, пэдагагічны, права і гаспадаркі, мэдыцынскі) навучалася 2672 студэнты, працавала 257 навукоўцаў, сярод іх 49 прафэсароў і 51 дацэнт. Летам 1928 году было прынята рашэньне аб стварэньні хіміка-тэхналягічнага факультэту. Беларусізацыя дасягнула значных посьпехаў. Так на пэдфаку ў 1927 годзе 65% вучэбных гадзінаў выкладалася на беларускай мове, 20% — на расейскай, 15% — на габрэйскай.
У 1929 годзе, ва ўмовах барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам, У. І. Пічэта быў адхілены ад пасады, а праз год арыштаваны па справе акадэміка Платонава.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар амаль 500 працаў, зь якіх блізу 150 напісаны на беларускую тэматыку. Стваральнік навуковай школы гісторыкаў-мэдыявістаў. Сярод яго вучняў быді Дзяніс Дудкоў, Канстантын Кернажыцкі, Тодар Забэла, Аксіньня Таўсталес, Андрэй Бурдзейка.
Савецкае замоўчваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Ўладзімера Пічэты прадугледжвалася «спальваць»[3].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве, ч. 1—2. — Москва: 1917.
- Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;
- Распрацоўка гісторыі літоўска-беларускага права ў гісторыяграфіі. // Полымя : часопіс. — 1926. — № 8. — С. —.
- Распрацоўка гісторыі літоўска-беларускага права ў гісторыяграфіі. // Полымя : часопіс. — 1927. — № 2. — С. 125—155.
- Кнігапіс: Беларускі Архіў, том І (XVI―XVII ст.). Менск, 1927 г. // Полымя : часопіс. — 1927. — № 6. — С. 214—216.
- Проф. В. Пичета. Критика и библияграфия: Державин Н., акад. Происхождение русского народа ― великорусского, украинского, белорусского. «Советская наука», М. 1944. // Вопросы истории : часопіс. — 1945. — № 1. — С. 121—124.
- Проф. В. Пичета. Образование белорусского народа. // Вопросы истории : часопіс. — 1946. — № 5—6. — С. 3—29.
- Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2-е изд. — 2. — Москва: Академия наук СССР, 1958. — 548 с. — 1600 ас.
- Белоруссия и Литва XV–XVI вв.: исследования по истории социально-экономического, политического и культурного развития. — Москва: Академия наук СССР, 1961. — 816 с. — 1738 ас.
- Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991;
- Гісторыя Беларусі. — Менск: Выд. цэнтар БДУ, 2005. — 189 с. — (Scriptor universtatis). — 1000 ас. — ISBN 985-476-157-6
Папярэднік — |
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ліпень 1921 — кастрычнік 1929 |
Наступнік Язэп Каранеўскі |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Пичета Владимир Иванович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ Павловский И. Ф. Полтавцы. Іерархи, государственные и общественные дѣятели и благотворители. Опыт краткаго біографическаго словаря Полтавской губерніи с половины XVIII в. Съ 182 портретами.. — Полтава: Т-во печатнаго Дѣла, 1914. — С. 229, 230.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А. А. Яноўскі, А. Г. Зельскі. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў. — Мн.: БДУ, 2001. — 320 с.
- ПІЧЭТА Уладзімір Іванавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Pičeta, Uładzimir // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Памяти академика В. И. Пичеты // Вопросы истории : часопіс. — 1947. — № 9. — С. 158, 159.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 21 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1878 годзе
- Нарадзіліся ў Палтаве
- Памерлі 23 чэрвеня
- Памерлі ў 1947 годзе
- Памерлі ў Маскве
- Пахаваныя на Новадзявочых могілках
- Выпускнікі гісторыка-філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі Маскоўскага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі БДУ
- Супрацоўнікі Інстытуту славяназнаўства РАН
- Дактары гісторыі
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Узнагароджаныя мэдалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Рэктары БДУ
- Выпускнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Беларускія гісторыкі
- Акадэмікі Акадэміі навук БССР
- Правадзейныя сябры АН СССР
- Высланыя