Перайсці да зместу

Цымбор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цымбор

Агульны выгляд квітнеючай расліны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Thymus serpyllum L., 1753


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  32822
NCBI  204219
EOL  1278298
GRIN  t:36628
IPNI  461649-1
TPL  kew-205442

Цымбор (Thymus serpyllum) (ад стар.-грэч.: Θύμος ἕρπυλλος) — від шматгадовых паўкуст з роду Чабор (Thymus) сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae).

Народныя назвы: цымбор, цымборак, чанбер, чомбар, цэбрык, чобрык, чомбір, чэмбрык, калатовічкі.

Шырока выкарыстоўваецца як лекавая расліна, а таксама як прыправа ў кулінарыі.

Распаўсюджанне і экалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Сустракаецца ва ўмераным клімаце Еўразіі, ад Скандынавіі да Міжземнамор’я і ад Брытанскіх астравоў да Усходняй Сібіры[3].

Багаты пераважна ў стэпавай зоне. У лясной і палярна-арктычнай зонах сустракаецца толькі на падвышаных участках. Аддае перавагу скалам, камяністым і друзавым схілам, ускрайкам бароў[4].

Звычайна расце на пясчаных глебах.

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Батанічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]

Шматгадовы паўкуст да 15 см вышынёй, які сканчаецца ляжачым парасткам; кветаноснае сцябло прамое або прыўздымнае. Утварае дзярнавінкі.

Лісце эліптычнае або даўгавата-эліптычнае, даўжынёй 5-10 мм, шырынёй 1,5–3,5 мм, на кароткім хвосціку, з залозкамі, напоўненымі эфірнымі алеямі. Краі лісця, у адрозненне ад чабора звычайнага (Thymus vulgaris), не загорнутыя.

Суквецці галоўчатыя, кампактныя. Чашачка вузказваночкавая, даўжынёй каля 4 мм. Кветканос карацей чашачкі. Вяночак і кубачак двухгубыя. Вяночак ружавата-ліловы, яркі, даўжынёй 6-8 мм.

Пры аснове завязі ў кветцы залягаюць нектарнікі, якія багата вылучаюць нектар[5].

Плод — дробны эліпсоідны арэшак, даўжынёй каля 0,6 мм.

Цвіце, у залежнасці ад асяроддзя пражывання, з канца мая да канца жніўня. Плады спеюць у ліпені — верасні.

Хімічны склад

[правіць | правіць зыходнік]

Надземная частка расліны ўтрымоўвае эфірны алей, флаваноіды, трыцерпенавую, цімунавую (0,05 %), урсолавую, алеанолавую, кафейную, хларагенавую, хінную кіслоты, горычы, смолы, дубільныя рэчывы, сапаніны.

Выхад эфірнага алею са свежай травы 0,1 — 0,5 %, з сухой—0,8-1,2 %. Эфірны алей — вадкасць з моцным прыемным пахам, бескаляровая або светла-жоўтая. Галоўнай складовай часткай эфірнага алею з’яўляюцца фенолы (34-42 %), з іх да 40 % тымолу, маецца таксама карвакрол, n-цімол, L-α-пінен, γ-тэрпінен, тэрпінеол, L-барнеол, карыафілен, ліналаол. Па складзе эфірны алей блізкі да эфірнага алею чабора звычайнага (Thymus vulgaris), але ўтрыманне фенольнай фракцыі, як і тымолу, ніжэйшае[4].

Значэнне і прымяненне

[правіць | правіць зыходнік]
Кветкі чабору

Адзін з лепшых меданосаў, які дае пчолам шмат нектара[6], з якога атрымліваецца незвычайна духмяны мёд. Па дадзеных Н. П. Смарагдавай (1952), у пераліку на цукар меданоснасць складае 180 кг на гектар[7]. Ва ўмовах Растоўскай вобласці прадуктыўнасць мёду 136,2 кг/га[5].

Найбольш інтэнсіўна пчолы наведваюць расліну з 10 да 16 гадзін, калі колькасць цукру ў нектары вышэйшая. Чабор каштоўны тым, што вылучае нектар і ў засушлівае надвор’е. Расце густым дываном, таму пчолы не пералятаюць з кветкі на кветку пры зборы нектару, а пераходзяць ад адной кветкі да іншай. Яны набіраюць у зобік настолькі шмат нектара, што часам не могуць узляцець з цяжкай ношай, і часта начуюць на кветках[5].

Прымяненне ў кулінарыі

[правіць | правіць зыходнік]

Чабор валодае прыемным моцным водарам і вострым, моцна рэзкім, горкім смакам. З’яўляецца папулярнай вострай прыправай, дадаванай да вэнджаніны, свініны і бараніны, да паштэтаў, грыбоў, тварагу, дзічыны і сыроў. У невялікай колькасці чаборам запраўляюць смажаную рыбу, печань, трыбухі і цяляціну.

Надземная частка расліны да плоданашэння выкарыстоўваецца пры вытворчасці напояў. Лісце і маладыя парасткі чабору ўжываюць як салату, для засолкі агуркоў. Яны служаць для аддушкі каўбас, воцату, кактэйляў, гарбаты. Для гэтых мэтаў выкарыстоўваюць і свежае, і сухое лісце.

Прымяненне ў медыцыне

[правіць | правіць зыходнік]

У навуковай медыцыне ў якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваецца трава цымбору (лац.: Herba Serpylli), сабраная ў перыяд цвіцення, абмалочаная і высушаная на адкрытым паветры ў цені або сушылках пры тэмпературы 35-40 °C. Тэрмін захоўвання сыравіны 2 гады. Прымяненне такое ж, як і травы чабора звычайнага[4]. Настой, адвар і экстракт чабору прызначаюць пры вострых і хранічных захворваннях дыхальных шляхоў, бранхіяльнай астме і туберкулёзе. Вадкі экстракт з лісця ўваходзіць у склад прэпарата «Пертусін», які ўжываецца пры бранхіце і кохліку. Цымбор валодае бактэрыцыдным, заспакойлівым, болесуцішальным, ранагаючым і антыгельмінтным дзеяннем. Надземная частка расліны ўваходзіць у склад адхарквальных збораў, даўкага і жаўцягоннага збораў і збору для ваннаў пры запаленні суставаў.

У народнай медыцыне цымбор ужываюць пры неўралгіі, розных неўрозах, як патагонны, мачагонны, супрацьсутаргавы, заспакаяльны і процігіпертанічны сродак. Вонкава выкарыстоўваецца ў выглядзе ваннаў, кампрэсаў і прымочак пры болях у суставах і цягліцах. У выглядзе мазяў і прымочак цымбор выкарыстоўвалі пры рэўматызме, як раназажыўляльны сродак пры скурных хваробах. Хакасы выкарыстоўваюць яго ў абрадзе алас  (руск.) — абкурванні памяшканняў, свойскай жывёлы і іншай маёмасці дымам для дэзінфекцыі і адпужвання благіх духаў.

Раней яго выкарыстоўвалі як складовую частку курэння пры набажэнствах.

Цымбор выкарыстоўваюць у парфумерыі.

  яшчэ 21 сямейства
(паводле Сістемы APG II)
  яшчэ 81 род  
         
  парадак Ясноткакветныя     падсямейства Nepetoideae     від Цымбор
               
  аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя     сямейства Ясноткавыя     род Чабор    
             
  яшчэ 44 парадкі кветкавых раслін
(паводле Сістэмы APG II)
  яшчэ 7 падсямействаў   яшчэ 213 відаў
     
Сінонімы

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Паводле сайта GRIN (гл. раздзел Спасылкі).
  4. а б в Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — М.: Высш. шк., 1990. — С. 246. — ISBN 5-06-000085-0. Архівавана 20 красавіка 2014 года.
  5. а б в Самсонова 2011.
  6. Абрикосов Х. Н. и др. Чабрец // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 396. Архівавана 7 студзеня 2012 года. Архіваваня копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 студзеня 2012. Праверана 10 кастрычніка 2011.
  7. Островский 1962.
  • Флора СССР. В 30-ти томах / Начато при руководстве и под главной редакцией акад. В. Л. Комарова; Редактор тома Б. К. Шишкин. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1954. — Т. XXI. — 703 с. — 3 000 экз.
  • Дудченко Л. Г., Козьяков А. С., Кривенко В. В. Пряно-ароматические и пряно-вкусовые растения: Справочник / Отв. ред. К. М. Сытник. — К.: Наукова думка, 1989. — 304 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-12-000483-0.
  • Сафонов Н. Н. Лекарственные растения луга. — М.: Изобразительное искусство, 1993. — С. 50—51.
  • Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во науч. изд. КМК, Ин-т технолог. иссл, 2004. — Т. 3. Покрытосеменные (двудольные: раздельнолепестные). — ISBN 5-87317-163-7.
  • Корсакова С. П. и др. Интродукция и селекция видов рода Thymus L.. — Херсон, 2012. — С. 180. — ISBN 978-966-630-069-4.
  • Островский Н. И. Лекарственный растения и пчёлы // Пчеловодство : часопіс. — 1962. — № 9. — С. 28—31.
  • Самсонова И. Д. Медоносная ценность дикорастущего разнотравья // Пчеловодство : часопіс. — 2011. — № 3. — С. 21. — ISSN 0369—8629.