Перайсці да зместу

Эльфы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эльф Пак і фея на малюнку Артура Рэкхема

Эльфы (ням.: elf — англ.: elf) — у германскім, скандынаўскім і кельцкім фальклоры — чароўныя істоты, духі паветры, зямлі, лесу.

Эльфы ў фальклоры

[правіць | правіць зыходнік]

Эльфы ў казках і легендах еўрапейскіх народаў

[правіць | правіць зыходнік]
Эльфы на карціне Марціна Брандэнберга, 1906—1909 гг.

У міфалогіі паняцце «эльф» вельмі размытае і зборнае. Розныя казкі і легенды апісваюць эльфаў то як маленькіх чалавечкаў, то як высокіх і прыгожых чалавекападобных стварэнняў. Носібіты народных казак і павер’яў нярэдка адносілі да эльфаў такіх істот, як карлікі, гобліны, феі. У многіх народаў Еўропы існавалі казачныя істоты, аналагічныя эльфам, але з іншымі назвамі (ірландскія сіды, шы). У некаторых народаў эльфы карысталіся адразу некалькімі альтэрнатыўнымі назвамі. Так у валійскім фальклоры іх часта называюць «элілон» альбо «тылвіт тэг ін-і-каед» («чароўнае сямейства лясоў»)[1].

Калі ў старажытнейшай міфалогіі эльфы ўяўляліся высокімі істотамі, якія жылі ў далёкай чароўнай краіне, то ў ніжэйшай міфалогіі позніх часоў народная фантазія сяліла іх у асноўным у свеце людзей — у прыгорках, лясах, азёрах, чалавечых дамах. У фальклоры была вельмі размытая мяжа паміж эльфамі і хатнімі духамі, вартаўнікамі скарбаў, духамі хваробаў. Эльфы адказвалі за паводзіны стыхій: ветру, крыніц, лясоў, маглі станоўча ці адмоўна паўплываць на чалавечы лёс. Нярэдка дрэвы, узгоркі ці крыніцы, у якіх, па павер’ях, жылі эльфы, лічыліся свяшчэннымі.

Эльфы маглі дапамагаць збяднелым людзям у абмен на міску вяршкоў (валійскія казкі) ці лустачку хлеба з мёдам (англійскі фальклор), караць дрэнных людзей і ўзнагароджваць добрых. Маглі выкрадаць дарослых людзей ці дзяцей, асабіста немаўлятак, і пакідаць замест іх так званых падменышаў. Падменыш[2] (у міфалогіі Германіі, Уэльса, Ірландыі, Скандынавіі) вонкава не адрозніваўся ад дзіцяці, але еў і піў нібыта дарослы; заўсёды жудасна крычаў; радаваўся, калі ў доме здаралася бяда, і плакаў, калі было ўсё добра. Часта вера ў падменышаў прыводзіла да знішчэння бацькамі сваіх дзяцей.

У валійскім і скандынаўскім фальклоры эльфы вадзілі хараводы ноччу і заваблівалі да сябе выпадковых людзей. Звычайна для чалавека гэта скончвалася дрэнна: ён рабіўся вар’ятам, альбо назаўсёды ці на многія гады трапляў у чароўную краіну, альбо не вытрымліваў фантастычнай хуткасці эльфійскага танцу і рассыпаўся ў прах. Кругі на палях, якія сёння уфолагі часта лічаць «слядамі НЛА» ва Уэльсе называлі «эльфаскокамі» («Elts-dans»): лічылася, што эльфы танцавалі тут усю ноч.

Эльфам прыпісвалася цудоўнае валоданне музычнымі інструментамі. Іх музыка магла звесці чалавека з розуму, магла прымусіць танцаваць нават нежывыя рэчы.

Існуюць сюжэты шлюбу паміж эльфійскімі дзяўчынамі і смяротнымі людзьмі (валійскія, скандынаўскія казкі). Часцей за ўсё гэтыя матывы мелі наступную стуктуру. Звычайны юнак выпадкова заўважыў прыгожых чароўных дзеў і закахаўся ў адну з іх. Ён дамогся свайго сілаю ці падманам (у шведскай казцы ён хавае пер’е, якое было патрэба чароўнай дзяўчыне, каб ператварыцца ў лебедзь і паляцець). Дзяўчына пагаджаецца выйсці за яго, але шлюб звычайна бывае нядоўгім. У валійскай казцы эльфійка (дакладней — азёрная дзева) ставіць умову: яна пакіне мужа, калі ён тройчы ўдарыць яе. У шведскай казцы дзяўчына зноў знаходзіць сваё пер’е і адразу ж пакідае мужа. На астравах Фаро распраўсюджаны матыў, у якім дзяўчыны эльфы паратвараюцца ў цюленяў. Смяротны скрадае цюленевую скуру дзяўчыны, і тая пагаджаецца на шлюб, але потым вяртае сабе скуру і назаўсёды знікае ў марскіх водах.

Па сутнасці эльфы бессмяротныя, але сустракаюцца матывы іх смерці і пахавальных працэсій. У валійскай казцы юнак сустракае такую працэсію, але ў нябожчыку пазнае свайго двайніка, што робіцца прароцтвам яго ўласнай хуткай смерці.

На Брытанскіх Астравах, у Германіі лічылася, што эльфы праяўляюць найбольшую актыўнасць падчас язычніцкіх святаў (Вальпургіева Ноч, Бельтэйн і інш) альбо напярэдадні Калядаў. Ва Уэльсе лічылася, што менавіта тады адчыняюцца прыгоркі, у якіх жывуць эльфы.

Некаторыя павер’і сялілі эльфаў у далёкай ідылічнай краіне. У брытана-кельцкай міфалогіі яна была вядома як Цір-Нан-Ог, Элізіум альбо Авалон і размяшчалася на востраве, на далёкім захадзе ад Брытаніі. У гэтай краіне няма хваробаў, старасці і смерці. Людзі, якія наведвалі яе і вярталіся да дому, заўважалі, што за час іх адсутнасці прайшлі стагоддзі. Нярэдка яе атаясняюць з язычніцкім кельцкім раем, куды накіроўваліся душы адважных ваяроў.

Эльфы на ілюстрацыі Артура Рэкхема, 1908 г.

Выгляд фальклорных эльфаў

[правіць | правіць зыходнік]

Старажытныя крыніцы апісваюць эльфаў як прыгожых юнакоў і дзяўчын. Больш познія казкі нярэдка надзяляюць іх дэманічнымі рысамі: капытамі, вострымі вушамі, птушынымі лапкамі, полымі затылкамі ці спінамі. Хрысціянскія крыніцы часта не адрознівалі эльфаў ад чарцей і бесаў, таму часам малявалі іх з рагамі і капытамі.

Язычніцкія карані веры ў эльфаў

[правіць | правіць зыходнік]

Адным з правобразаў эльфаў лічацца скандынаўскія альвы. Апошнія ў «Малодшай Эдзе» падзяляліся на «цёмных» (альбо цвергаў[3] — карлікаў, якія жылі пад зямлёй, валодалі мудрасцю і кавальскімі ведамі, але пры сонечным святле ператвараліся ў камень) і «светлых», якія жылі ў чароўнай краіне Свартальвхейме, дзе імі кіраваў бог-каваль Велунд. Па адных звестках цвергі з’явіліся з лічынак, якія выраслі ў мёртвым целе вялікана Іміра (калі той быў забіты багамі, з яго цела ўтварылася зямля, з крыві — мора, з чэрапа — купал неба). Па іншых крыніцах, багі Одзін, Вілі і Ве стварылі цвергаў з касцей і крыві Іміра. Чатыры цверга падтрымлівалі нябесны купал па розных краях Зямлі. Іх звалі Нордзі («Паўночны»), Сурдзі («Паўднёвы»), Аўстры («Усходні») и Вёстры («Заходні»).

Як у Скандываніі, так і ў Брытаніі вера ў эльфаў паглыбляецца каранямі ў старажытнае язычніцкае мінулае. Правобразамі эльфаў брытанскіх астравоў былі Туата дэ Данаан — нябесны народ прыгожых, дужых, бессмяротных істот. Паводле «Бітвы пры Маг Туірэд», яны спусціліся на зямлю і перамаглі вяліканаў Фамораў, якія ў старадаўнія часы насялялі Ірландыю[4].

Тэорыя аб сувязі эльфаў, якія жывуць ва ўзгорках і курганах, з уяўленнямі аб душах старажытных памерлых ваяроў, якіх у курганах хавалі, не падзвердзілася. Археалагічныя даследванні паказалі, што ўзгоркі, у якіх, па павер’ях мясцовых жыхароў, жылі эльфы, не з’яўляліся могільнікамі.

Эльфы і хрысціянства

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля прыходу хрысціянства эльфы ператварыліся ў свядомасці людзей у істот ніжэйшай міфалогіі, «нячыстую сілу», духаў. Узніклі хрысціянскіе версіі іх паходжання, паводле якіх Бог скінуў з неба варожых анёлаў: самыя злыя накіраваліся разам з Сатаной у Пекла, а тыя, што знаходзіліся паміж дабром і злом, ператварыліся ў гномаў, эльфаў, фей, лепрыконаў, гоблінаў і інш. У многіх нецярпіма настроеных хрысціянскіх крыніцах эльфы рэзка супрацьстаўляюцца Богу. Так, святы Колін, якога запрасіў кароль эльфаў, апрыскаў усё вакол себя святой вадою, у выніку чаго раптам знік і замак эльфійскага караля, і ўся світа, і прыгожыя рыцары, і дзевы[5]. Акрамя святой вады, эльфы таксама баяцца царкоўных званоў. Малюсенькім эльфам-дурасліўцам народная традыцыя часта прыпісвае асабістую нелюбоў да святароў.

Эльфы ў мастацкай літаратуры XVI—XIX стст

[правіць | правіць зыходнік]
Эльфы на малюнку Джоні Груэля, 1919 г.
Эльф на малюнку Рычарда Доўля

З фальклора эльфы трапляюць ў мастацкую літаратуру, дзе паступова трансфарміруюцца. Менавіта ў аўтарскіх творах фарміруецца вядомы тыпаж маленькіх чалавечкаў з крыльцамі за спіной. Эльфы з’яўляюцца ў творчасці У. Шэкспіра («Сон у летнюю ноч»), Р. Кіплінга («Казкі старой Англіі») і інш. З цягам часу вобраз эльфаў у мастацкай літатаруры вяртаецца да фальклорных першакрыніцаў, нават да міфалагічных прататыпаў.

Найбольш значна на сучасны папулярны вобраз эльфаў паўплывала творчасць англійскага пісьменніка Дж. Р. Р. Толкіна. Як ён лічыў, яго творчасць больш дакладна адлюстроўвае найбольш старажытны, міфалагічны вобраз эльфаў. Эльфы Толкіна — высокія, прыгожыя і бессмяротныя істоты.

Пазней вобраз эльфаў фэнтэзі быў значна пераасэнсованы.

Зноскі

  1. [1]
  2. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 студзеня 2014. Праверана 26 лютага 2014.
  3. [2]
  4. [3]
  5. [4]