Асінібойн
Асінібойн Nakȟóta | |
Фота 1928 г.
| |
Агульная колькасць | 5200 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША, Канада |
Мова | дакота |
Рэлігія | анімізм, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя сіў |
Асінібойн (англ.: Assiniboine; саманазва: Nakȟóta) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Жывуць пераважна ў Мантане і Саскачэван. Агульная колькасць (2017 г.) - 5 200 чал.[1]
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Асінбойн разам са стоўні ўяўляюць сабою ўсходнюю галіну народаў сіў і карыстаюцца агульнай саманазвай накота. У XVII ст. іх супольныя продкі жылі ў лясной зоне на захад ад Вялікіх азёр. Назва асінібойн (assinispwas'n, літаральна «каменныя катлы») трапіла ў еўрапейскія мовы з мовы аджыбвэ. Пад ціскам алганкінаў, што карысталіся агнястрэльнай зброяй, частка ўсходніх сіў была вымушана рухацца далей на захад уздоўж ракі Саскачэван, другая перасялілася на раку Місуры[2]. Каля 1790 г. ад перасяленцаў на захад адлучыліся стоўні.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вусная гісторыя асінібойн шмат апавядае пра перасяленне на захад і поўдзень, пошукі зямель з вечнай зімой і вечным летам. У сярэдзіне XVIII ст. група асінібойн на рацэ Місуры асвоіла конегадоўлю і пачала качавы лад жыцця. Для асінібойн на рацэ Саскачэван конегадоўля доўгі час заставалася другасным заняткам. Яны здабывалі і гандлявалі футрам, паспяхова супернічалі з кры, чарнаногімі і гравантрамі. У выніку кантактаў з еўрапейцамі ў 1781 г., 1836 г. і 1845 г. асінбойн перажылі тры моцныя эпідэміі, што прывялі да скарачэння іх колькасці і зменаў сацыяльнага ладу.
Частка паўднёвых асінібойн удзельнічала ў Індзейскіх войнах на баку дакота і шаенаў, аднак пацярпела паражэнне. Да канца XIX ст. у выніку скарачэння насельніцтва і вынішчэння бізонаў усе тэрытарыяльныя групы гэтага народа апынуліся ў залежнасці ад дапамогі з боку ўладаў ЗША і Канады і былі вымушаны падпісаць мірныя пагадненні.
У нашы дні асінібойн прызнаюцца як «першасная нацыя» з боку Канады. Асобныя групы асінібойн вызначаюцца як аўтаномныя нацыі з правам самакіравання з боку ЗША.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Пасля перасялення на Вялікія раўніны асноўным заняткам асінібойн стала паляванне на бізонаў і футравых жывёл. Былі вядомы пешае загоннае паляванне з дапамогай сабак, коннае паляванне з пераследам параненай жывёлы, паляванне з дапамогай пастак. Асінібойн, што жылі каля буйных водных крыніц, таксама займаліся сезонным рыбалоўствам з берагу або каноэ. Важнае значэнне меў гандаль з іншымі індзейскімі народамі і еўрапейскімі перасяленцамі.
Сярод асінібойн назіраўся жорсткі падзел працы[3]. Маладыя юнакі лічыліся воінамі. Пасля жаніцьбы яны разглядаліся пераважна як здабытчыкі-паляўнічыя. Жанчыны маглі суправаджаць мужчын падчас палявання, каб дапамагчы ў апрацоўцы здабычы, аднак іх галоўнымі заняткамі былі клопат пра дзяцей, жытло, выраб вопраткі, гарбарства і інш.
Асновай сацыяльнага ладу была вялікая пашыраная сям'я, якая качавала ўздоўж пэўнай тэрыторыі і жыла ў сезонных лагерах з тыпі. На чале такой сям'і стаяў правадыр. Звычайна гэта быў сталы паважаны мужчына, які распараджаўся паляваннем і гандлем. Яго ўлада не была безумоўнай.
Сем'і аб'ядноўваліся ў буйныя тэрытарыяльныя групы. Яны сустракаліся пераважна ўлетку для арганізацыі рэлігійных цырымоній. Толькі ў некаторых выпадках буйныя тэрытарыяльныя групы сцвярджалі агульнае паходжанне. Падчас войн і мірных пагадненняў яны вылучалі агульных ваенных правадыроў. У XIX ст. на тэрыторыі ЗША і Канады налічвалася каля 35 буйных тэрытарыяльных груп.
Традыцыйная вопратка шылася са скур дзікіх жывёл. Распаўсюджаная зброя — дзіда, лук і стрэлы, булава, нож, сякера і г. д.
Святы мелі сезонны сакральны характар, былі прысвечаны гадавому гаспадарчаму цыклу. Важную ролю адыгрывалі мужчынскія танцы. Асаблівае месца займаў танец сонца. Асінібойн захавалі багатую вусную традыцыю гістарычных паданняў, міфаў, казак, легенд.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]У нашы дні мова асінібойн звычайна вылучаецца як самастойная, аднак частка вучоных сцвярджае, што яна ўяўляе сабою некалькі дыялектаў мовы дакота. З XIX ст. карыстаюцца алфавітам на аснове лацінкі.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная рэлігія заснавана на анімістычных уяўленнях аб існаванні шматлікіх духаў і абезасобленых сіл, што кіруюць сусветам. Важную ролю ў міфалогіі адыгрываюць культурныя героі. Вылучаўся пласт шаманаў, якія займаліся лекаваннем. Арганізацыя супольных рэлігійных рытуалаў належыць часовым рэлігійным правадырам, звычайна старым людзям.
Многія сучасныя вернікі спавядаюць хрысціянства.
Зноскі
- ↑ Assiniboin
- ↑ Assiniboine History Архівавана 16 кастрычніка 2016.
- ↑ Assiniboine