Перайсці да зместу

Рэлігія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэлігія
Выява
розныя рэлігійныя сімвалы
Вывучаецца ў багаслоўе, рэлігіязнаўства[d], гісторыя рэлігіі[d], філасофія рэлігіі[d] і сацыялогія рэлігіі
Геаграфія тэмы religion and geography[d]
Процілегла antireligion[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рэлі́гія (ад лат. religare — быць злучаным з чымсьці) — сістэма вераванняў, заснаваная на тым, што чалавек адчувае нейкую сувязь з «чымсьці» альбо з «кімсьці» вышэйшым. «Штосьці» можа не мець дакладнага азначэння сілаю (духі прыроды, вышэйшы розум). «Хтосьці» — гэта нейкая нематэрыяльная асоба (Бог, Элохім, Алах, Буда, Крышна, Кандзі).

Праблема азначэння рэлігіі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод сучасных даследчыкаў няма адназначнага меркавання, што такое рэлігія. Большасць філосафаў рэлігіі давалі свае ўласныя азначэнні гэтага феномену. Практычныя даследчыкі рэлігіі, пры напісанні сваіх прац даюць аперацыянальныя азначэнні рэлігіі, але такія азначэнні не падзяляюцца большасцю навуковага супольніцтва і выкарыстоўваюцца дзеля вырашэння вузканавуковых задачаў. Такія азначэнні альбо занадта вузкія, альбо запатрабаваныя толькі ў рэчышчы пэўнага даследавання, іншымі словамі, падобныя азначэнні выпрацоўваюцца для вырашэння канкрэтных рэлігіязнаўчых задач. Асноўная праблема пры азначэнні рэлігіі палягае ў тым, што для навукі выяўленне рэлігіі ўяўляе большую праблему, чым для штодзённага жыцця.[1]

Даведачная літаратура дае найбольш агульныя азначэнні. Оксфардскі слоўнік (1990): «Human recognition of superhuman controlling power and especially of a personal God entitled to obedience» (Прызнанне чалавекам звышчалавечай кантралюючай сілы і ў прыватнасці асабістая пакорнасць Богу). Падобныя азначэнні прапаноўваюць шматлікія слоўнікі, але ж яны не разглядаюцца як прымальныя для навуковых даследаванняў.

К. Джонс выдзяляе два віды азначэння рэлігіі: інклюзіўныя і эксклюзіўныя[2] Пад інклюзіўнымі ён разумее такія дэфініцыі, якія імкнуцца схапіць універсальную прыроду рэлігіі, вынайсці так бы мовіць, homo religio. З гэтага гледзішча кожны чалавек па-свойму можа быць рэлігійным, бо амаль кожны чалавек валодае маральнымі ідэаламі, меркаваннямі аб тым, што найбольш істотна і мае трывалыя прынцыпы. Пад эксклюзіўнымі К. Джонс разумее такія дэфініцыі рэлігіі, якія ў азначэнні рэлігіі, пры ахопе ўсёй шматлікасці вераванняў, за рэлігію ўважаюць толькі тыя, якія маюць тэалагічны апарат. Пад тэалагічным апаратам разумеецца: касмалогія, сімволіка, паняцце веры і іншае. Таксама К. Джонс згадвае, што гэты метад дэфініравання быў папулярны ў часы Асветніцтва. Падобнае разрозненне ў азначэнні рэлігіі выдзяляў і Г. Гегель, падзяляючы рэлігію на аб'ектыўную і суб'ектыўную. Пад аб'ектыўнай рэлігіяй Г. Гегель разумеў рэлігію як тэалогію. «Розум і памяць ёсць сілы, якія дапамагаюць ёй [аб'ектыўнай рэлігіі], якія ўзважваюць і захоўваюць веды альбо таксама вераць»[3] Спадчына аб'ектыўнай рэлігіі знаходзіцца ў полі рацыянальнага. Г. Гегель звяртае ўвагу на тое, што аб'ектыўная рэлігія лёгка выкладаецца, кадуецца ў кнігах, яе можна вызначыць і растлумачыць.

Аб'ектыўная рэлігія разглядаецца Г. Гегелям як састаўная частка рэлігіі суб'ектыўнай. Менавіта ў суб'ектыўнай рэлігіі Г. Гегель знаходзіць тыя анталагічныя сілы, якія дазваляюць рэлігіі называцца рэлігіяй. «Суб'ектыўная рэлігія выражаецца толькі ў пачуццях і ўчынках, — калі я кажу пра чалавека, што ў ім ёсць рэлігія, гэта значыць не тое, што ён валодае дастатковымі ведамі яе, а тое, што яго сэрца адчувае справы, дзіва, блізкасць бажаства, ён пазнае, ён бачыць бога ў яго прыродзе, у лёсах людзей, ён падае перад ім на калені, аддзячвае яго і ўшаноўвае яго ў сваіх справах, у сваіх учынках, глядзіць не толькі ці добрыя і разумныя яны, думка пра тое, што ўчынак гэты ўхвалены богам, таксама з'яўляецца для яго матывам учынка, часта найбольш моцным».[4]

Следам за Г. Гегелем ідзе і Рудольф Ота. Р. Ота выдзяляе рацыянальную і бeзрацыянальную рэлігію. Падобна Гегелю, пад рацыянальнай рэлігіяй Р. Ота разумее ўсё тое, што можа быць растлумачана, дыфініравана, гэта значыць усё тое, што лёгка функцыянуе ў мове. У той жа час, рацыянальнае, выступае як пэўны аспект рэлігіі, і калі гэты аспект робіцца вельмі істотным для рэлігіі, то такая рэлігія разглядаецца Р. Ота як рацыянальная рэлігія. "Прырода бажаства, апісанага ў толькі што згаданых атрыбутах, то бок, якое мае рацыянальную прыроду, то рэлігія якае прызнае і падтрымлівае гэтакі пагляд на Бога завецца «рацыянальнай». (пераклад з англійскай -С. Д.)[5] Да такіх рэлігій можа быць аднесена Хрысціянства, для якога вельмі істотна тэалогія, якая і адасабляе Хрысціянства ад іншых рэлігій.

У той жа час, як і для Г. Гегеля, так і для Р. Ота ніякая рэлігія не можа абыходзіцца рацыянальным аспектам. Рацыянальны аспект не прымаецца Р. Ота як дастаткова істотны для генезісу рэлігіі. Праз розум рэлігія не можа стварацца, а значыць у падмурку любой рэлігіі будуць не словы, але пачуцці. У той жа час, як пачаткам рацыянальнай рэлігіі ёсць артадоксія[6], гэта значыць пачатак любой рацыянальнай рэлігіі ёсць барацьба з ерэсямі альбо працэс адасаблення сябе ад іншых. У той жа час як любая рэлігія, як першапачатковае памкненне бярэ свой выток ад без-рацыянальнага.

Пытанне генезісу рэлігіі з'яўляецца надзвычай істотным для азначэння гэтага феномена. Калі для Р. Ота і Г. Гегеля рэлігія ўтвараецца хутчэй з псіхалагічных прычын, то для К. Маркса генезіс рэлігіі значыць нешта, зусім не звязанае з пачуццямі ці якімі іншымі рэпрэзентантамі звыштонкіх матэрый.

Маркс зазначае: "Чалавек стварае рэлігію, а не рэлігія стварае чалавека. Рэлігія ёсць, сапраўды, сама-свядомасць і сама-пачытанне чалавека, які не выйграў праз сябе, альбо ўжо згубіў сябе зноў. Але чалавек ёсць не абстрактане быццё, якое існуе па-за светам. Чалавек ёсць светам чалавека — дзяржава, грамадства. Гэтая дзяржава і гэта грамадства ствараюць рэлігію, якая з'яўляецца інвертаванай свядомасцю света, таму яна пераварочвае сусвет. Рэлігія з'яўляецца агульнай тэорыяй гэтага света, яго энцаклапедычны кампендыум, яго логіка ў папулярным выглядзе, яго духоўная кропка гонару, яго энтузіязм, яго маральная санкцыя, яго асабісты камплімент, і яго ўніверсальны базіс уцехі і аснавання. Гэта фантастычная рэалізацыя чалавечай прыроды з таго часу, як чалавечай прыродзе не бачна ніякай сапраўднай рэальнасці". (Пераклад з англійскай — Д. Смалякова)[7][8]

Такім чынам, для К. Маркса рэлігія ёсць прадуткам дзейнасці супольніцтва людзей, у якім выяўлены ўсе недахопы і прадметы гонару згаданай супольнасці. Рэлігія ёсць вытварэннем, калі можна так сказаць, культуры, прадуктам вытворчасці соцыума, супольніцтва індывідаў адной культурнай прсторы. З аднаго боку, пачаткам рэлігіі ёсць самаўзвышэнне, гераізацыі гэтай супольнасці ў сваіх жа вачах, з іншага боку рэлігія ёсць зборам забабонаў гэтай супольнасці адносна самой сябе. Але ж як вынік, рэлігія ёсць заўсёды тым феноменам, які знаходзіцца не ў рэчышчы выкінутага, аднаго, адасобленага індывіда, але таго супольніцтва, якое ўтварае злітасць пэўнай колькасці індывідаў у адно культурнае цэлае.

З такой пазіцыяй не згодны айцец Аляксандр Мень. А. Мень прапануе шэраг фактаў, якія на яго думку здольныя аправергнуць пазіцыю К. Маркса, а калі іншымі словамі, то паставіць яе з галавы на ногі. «… Іншымі словамі, узнікаюць вераванні на глебе „базіса“, захоўваюцца традыцыяй і змяняюцца таксама пад уздзеяннем „базіса“. Але канкрэтная гісторыя рэлігіі апракідвае такую схему. Найбольш яскравыя харызматычныя з'явы духоўнасці выключна не лёгка звязаць з эканамічнай, а ў стасунку да традыцыі яны часцей за ўсё адкрыта апазіцыйны. Гэта дастаткова ясна бачна на прыкладзе Буддызма, Хрысціянства Іслама. Вучэнне Буды, Евангелле і Каран у шмат чым парвалі з агульнапрынятымі вераваннямі, але гэта зусім не азначае, што іх навізна была абумоўлена змяненнямі ў гаспадарчых адносінах»[9]

Іншымі словамі, не рэлігія ёсць прадукт культуры, але ж культура з'яўляецца прадуктам рэлігіі. З гэтага пункту гледзішча, культура і цывілізацыя пачынаюцца тады, калі з'явўляецца рэлігія, якая пачынае гэту цывілізацыю. На карысць гэтага меркавання сведчаць шматлікія факты старажытнага свету, гісторыя якога часта з'яўляецца гісторыяй яго рэлігій, а тапалогія старажытных архетыктурных і іншых матэрыяльных помнікаў, з'яўляецца тыпалогіяй культавых ці сакральных месцаў.

У звязку менавіта з гэтым айцец А. Мень цытуе вядомага сацыолага рэлігіі Дж. Фрэзера: «Уся культура — з храма»[9]. Іншымі словамі, культура, змена палітычных адносін, змена навуковых парадыгмаў у сваім генетычным зародку маюць пад сабой рэлігійныя пачаткі, альбо базісную аснову ў рэлігіі. Гэтую ўзаемазалежнасць заўважае як М. Вебер[10], так і П. Конелі[11]. Калі першы рост капіталізму ў Германіі звязваў з пратэстанскай этыкай, то другі заўважыў грунтоўную карэляцыю паміж асноўнай рэлігіяй і сацыяльнымі, палітычнымі адносінамі ў мясцовай культуры. П. Конелі піша, што «разуменне вераванняў дае мала ў сувязі з разуменнем асноўнай рэлігіі, але дае зашмат у стасунку да палітычных і сацыяльных адносін у іх мясцовай культуры» (пераклад з англійскай — С. Д.)[11].

З пункту гледжання самой рэлігіі, найбольш удалым падаецца разуменне рэлігіі С. Керкегардам. С. Керкегард разумее рэлігію як тое, на чым чалавек здольны стварыць сваё вечнае блажэнства[12]. Такім чынам, рэлігія не як рэлігійнасць, не як феномен у гісторыі, але як цэласны і ўніверсальны феномен з'яўляецца тым, на чым заснавана вечнае блажэнства, тое, што дазваляе доўжыцца блажэнству бясконца. Прынамсі, гэткае разуменне рэлігіі зусім не адвяргае навуковага разумення рэлігіі, але больш таго у сваім, магчыма, літаратурным ці філасофскім выглядзе з'яўляецца тым жа, што прапануе навуковае азначэнне: «Рэлігія — гэта чалавечая дзейнасць, якая можа быць лёгка прынята толькі ў рамках рэальнасці, якую яна стварае для сябе». (Пераклад з англійскай — С. Д.)[13]. Іншымі словамі, «вечнае шчасце» і пошук таго, на чым гэта шчасце можна засноўваць, пераўтвараецца ў пошук тых рамак рэальнасці, якія чалавек (сама рэлігія?) стварае ў межах рэлігіі і для патрэбаў самой рэлігіі. У гэтым выпадку рэлігія знаходзіць свае кампенсаторныя функцыі ў рамках псіхалагічнага, палітычнага, ці культурнага.

Азначэнні рэлігіі

[правіць | правіць зыходнік]

Томас Гобс: Для рэлігіі з'яўляецца натуральным два элементы: першы ёсць вера, гэта значыць упэўненасць, што існуе Бог, другім ёсць культ.

Эміль Дзюркгейм Рэлігія ёсць сістэма звязаных паміж сабой вераванняў і практык, якія адносяцца да свяшчэнных рэчаў, значыць да рэчаў адасобленых і забароненых, вераванні і практыкі, якія аб'ядноўваюць асобных людзей у супольнасць, называную царквой.

Карл Маркс Рэлігія ёсць агульная тэорыя гэтага света, яе энцаклапедычны кампендыум, яго логіка ў папулярнай форме, яго духоўны point d'honneur, яго энтузіязм, яго маральная санкцыя, яго святочнае ўзнаўленне, яго ўсеагульная аснова для суцяшэння і апраўдання.

Людвіг Андрэас Феербах Рэлігія ёсць прызнанне, сцверджанне пачуццяў у супярэчнасці з пачуццямі.

Прызначэнне рэлігіі

[правіць | правіць зыходнік]

Праз свае дактрыну, этыку і рытуал рэлігія:

  • расчыняе перад людьзмі шырокі гарызонт уяўленняў,
  • тлумачыць чалавеку сэнс жыцця,
  • гарантуе вышэйшыя каштоўнасці і нормы,
  • робіць чалавека чальцом духоўнай супольнасці,
  • надзяляе чалавека духоўнай бацькаўшчынай,
  • дае абгрунтаванне пратэсту і барацьбе супраць усяго неправеднага,
  • выконвае прафетычную місію (прадбачанне пажаданых і непажаданых сцэнарыяў будучага развіцця)[14].

Разам з іншымі рэлігійнымі ўтварэннямі рэлігія спрыяе:

  • ажыццяўленню працэсаў сцвярджэння асобы,
  • фарміраванню асабістай свядомасці,
  • рытуалізацыі і такім чынам паляпшэнню рэпертуараў паводзін людзей,
  • вызваленню свядомасці індывіда ад прымха неабмежаванай улады суджаных выпадковасцей,
  • сацыяльнай інтэграцыі,
  • касмізацыі чалавечага быцця, выхаду яго за межы зямнога існавання.

Светапаглядныя канцэпцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з рэлігійным светапоглядам, рэчаіснасцю кіруюць нейкія звышнатуральныя сілы. У паганстве гэтыя сілы часта падобныя на людзей знешне а таксама/альбо паводзінамі (гэты падыход называецца антропамарфізмам). У монатэістычных рэлігіях (пачынаючы з іўдаізму) Бог не антрапаморфны, хоць некаторыя канфесіі монатэістычных рэлігій і выкарыстоўаюць антропаморфныя вобразы па тых ці іншых прычынах.

Ранейшыя формы рэлігійнага светапогляду характэрызаваліся політэізмам (сін. шматбожжа, паганства, ідалапаклонства. Кожны бог (дух, ідал і т.п.) у такой сістэме адказвае за штось сваё, яны адрозніваюцца адзін ад аднаго цэлым шэрагам характарыстык і іх адносіны між сабою нярэдка нагадваюць узаемаадносіны ў чалавечым грамадстве (напрыклад, паганскія богі часцяком б'юцца паміж сабою, інтрыгуюць і г.д.). Рэлігіі, якія лічаць, што Бог існуе толькі адзін, завуцца монатэістычнымі. Светапоглядная сістэма, якая лічыць, што Бога (багоў) увогуле няма і ўсё можна растлумачыць матэрыяльнымі прычынамі, называецца атэізм.

На працягу гісторыі чалавецтва рэлігіёзныя погляды паступова трансфарміраваліся, пераходзячы ад прымітыўнага абажэння прыродных з'яў і аб'ектаў да абстрактных канцэпцыяў Вярхоўнага Бажаства, якое нельга ані цалкам зразумець, ані дасягнуць. Чалавек на шляху разумення навакольнага свету адчувае непераадольную прагу растлумачыць усё незразумелае ў якіхсці больш-менш прызвычайных тэрмінах, у выніку чаго такія з'явы, як маланка, вецер, вулканіныя вытокі і г.д. у старажытныя (і нават адносна нядаўнія) часы тлумачыліся дзейнасцю нейкіх уяўных істот, знешне падобных да жывёл або людзей, але вялікшых памераў і неверагоднае моцы. Напрыклад, яшчэ ў XIX стагоддзі шматлікія хрысціяне верылі, нібыта маланка адбываецца таму, што Прарок Ілля едзе па небе ў сваёй калясніцы і гоніць перад сабою бесаў з дапамогай маланак. Гэтыя ўяўленні, канечне, ні ў якой ступені не выцякаюць з вучэнняў хрысціянства, хутчэй тут можна заўважыць спадчыну паганства (калісь славяне верылі ў бога маланак Перуна, а ўжо потым яго «замянілі» на Прарока Іллю). Калі ж мы возьмем адну з апошніх па часе фарміравання сусветных рэлігій (напрыклад іслам), дык убачым, што тут Бог дэкларуецца як абсалютна недасягальная, неабсяжная Існасць, Стваральнік Сусвету, які існуе па-за межамі часу і прасторы, вышэй за людcкую прагу зразумець Яго. «Богу належаць Усход і Заход; куды б Вы не звярнуліся, дык там Аблічча Божае; Бог — Усёаб'емлючы, Усёведаючы» (Каран II, 109).

Політэістычныя рэлігіі (паганства)

[правіць | правіць зыходнік]

Антрапаморфная існасць ідалаў натуральным чынам прадугледжвае, што дасягнуць іх прыхільнасці можна матэрыяльнымі сродкамі — падарункамі (у тым ліку чалавечымі і іншымі ахвярамі), угаворамі (то бок звярнуцца да іх з малітваю, якая, у тым ліку, можа мець характар самаўхвалення ці нават падману) альбо асобымі ўчынкамі, якія б спадабаліся ідалу. Адной з самых складаных і дасканала распрацаваных сістэм політэістычнага светапогляду была рэлігія Старажытнай Грэцыі, якую з цягам часу перанялі рымляне. У старажытных грэкаў існаваў шматлікі, але строга акрэслены пантэон чалавекападобных багоў (Зеўс, Апалон, Афрадыта, Арэс, Аід і г.д.) і паўбагоў (герояў), і знутры гэтага пантэона дзейнічала жорсткая іерархія. Старажытнагрэчаскія багі і паўбагі паводзяць сябе таксама, як і людзі, і, у залежнасці ад іх паступкаў, адбываюцца тыя ці іншыя здарэнні.

Монатэістычныя рэлігіі

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню канцэпцыя адзінабожжа была сфармулявана ў іўдаізме (першым Прарокам якога можна лічыць Адама). Галоўны прарок у іўдаізме, Майсей (משה), атрымаў ад Бога 10 запаветаў на гары Сінай. Гэтыя дзесяць маральных прынцыпаў, спраектаваныя потым на хрысціянства, сталі моцным фундаментам цывілізацыі, якую прынята зараз называць «еўрапейскаю». Наколькі гэта было даўно, дае ўяўленне яўрэйскі каляндар. Увогуле, любая монатэістычная рэлігія распачынае ўласны каляндар, які звычайна пачынаецца з пераломнага для дадзенай рэлігіі моманту. Згода з асноўнымі сусветнымі рэлігіямі, хрысціянскаму 2005 года ад Нараджэння Хрыстова адпавядаюць: іўдаізм — 5765 год ад Стварэння Свету, іслам — 1426 год Хіджры, будызм — 2549 год эры Нірвана, бахаі — 162 год эры бахаі.

Іўдаізм узнік не сам па сабе, з нічога, а ўвабраў у сябе ўяўленні папярэдніх рэлігійных канцэпцыяў. У яго ўваходзілі ўсе бакі жыцця чалавечага. Іўдзей — гэта адначасова і рэлігійная, і нацыянальная прыналежнасць (яўрэй), і абавязковасць следаваць зводу санітарна-гігіенічных правілаў, які апісвае ўсё штодзённае жыццё чалавека (кашрут). Іўдаізм звычайна адносяць да сусветных рэлігій (збольшага таму, што з ім маюць крэўную сувязь хрысціянства і іслам), хоць у ім і няма некаторых неабходных дзеля акрэслення сусветнае рэлігіі рысаў: адносная нешматлікасць вернікаў; у іўдаізм цыжка перайсці, дамінуючая большасць вернікаў належыць да яго ад нараджэння. Тое ж самае можна сказаць і адносна некаторых іншых рэлігій, якія часам залічваюць да сусветных (напрыклад, зараастрызм), аднак жа пры надаванні статусу таго ці іншага вучэння трэба ўлічваць усю сукупнасць яго характарыстык, у тым ліку і пройдзены ім гістарычны шлях. Той жа зараастрызм калісьці быў адкрыты дзеля людзей любой нацыянальнасці. Тым не менш, першай сапраўды сусветнай рэлігіяй стала, безумоўна, хрысціянства.

Хрысціянства, якое першапачаткова лічылася сектаю знутры іўдаізму, аддзяліла ўласна рэлігію ад супутных культурных фактараў, і, такім чынам, з'яўляецца наступным этапам развіцця рэлігійнага мыслення. Для хрысціянства «няма ні эліна, ні яўрэя», у тым сэнсе, што хрысціянства, у адрозненне ад іўдаізму, не цікавіць нацыянальная прыналежнасць чалавека. Няма ў ім і амаль ніякіх санітарна-гігіенічных прадпісаў кшталту кашруту. Узяўшы з іўдаізму толькі саму светапоглядную канцэпцыю адзінабожжа, хрысціянства адкінула ўсе архаізмы, што не тычацца непасрэдна рэлігіі, а гэтым, у сваю чаргу, зняўшы з верніка шмат абмежаванняў, што і дазволіла еўрапейскай цывілізацыі паступова прагрэсаваць. Адным з найважнейшых навацыяў хрысціянства трэба лічыць змену канцэпцыі служэння Богу з досыць фармальнай ідэі прынясення матэрыяльных дароў і ахвяр (дарэчы, у іўдаізме яшчэ захаваўся звычай прыносіць у ахвяру жывёл альбо іншыя матэрыяльныя каштоўнасці) на ідэю асабістай ахвяравасці. Хрыстос атаясамляў сябе з ахвярным ягняткам («агнцам»), які традыцыйна прыносяць на алтар прававернымі іудзеямі з мэтай заваяваць большую схільнасць Усявышняга. Гэтым Ён прадэманстраваў, што не трэба «адкупляцца» ад Бога, але неабходна прысвяціць служэнню Богу ўсяго сябе без рэшты. Гэтая ідэя з'яўляецца фундаментальнаю ў хрысціянстве.

Іслам узнік на Аравійскім паўвостраве, дзе ў той час валадарыла паганства. Некаторыя заходнія рэлігіяведы схільныя сцвярджаць, што Мухамад (Мухамед) шмат што пазычыў з іўдаізму і хрысціянства, аднак гэты пункт гледжання ўяўляецца на дадзены момант даволі хісткім. Хоць да VII стагоддзя нашае эры хрысціянства ўжо распаўсюдзілася на велізарную тэрыторыю, у тым ліку і паўднёвае ўзбярэжжа Міжземнага мора, на тэрыторыі Аравійскага паўвострава яго паслядоўнікі былі не вельмі шматлікія. Адзінае хрысціянскае царства — Емен — якім на момант нараджэння Мухамада валадарылі эфіопы-монафізіты, пры чым падчас станаўлення ісламу перайшло пад уладу персаў-маздэанцаў. З іншага боку, кланы і плямёны аравіі жылі побач з яўрэямі і хрысціянамі на працягу некалькіх стагоддзяў, і былі добра знаёмыя з ідэяй монатэізму. Прыкладам, Варака, стрыечны брат Хадыджы, жонкі Мухамада, быў хрысціянінам. Монатэісты ці людзі з монатэістычнымі схільнасцямі ў светапоглядзе былі ў той час вядомыя як «ханіфы». Лічылася, што яны ёсць вернікамі Аўраама, што б гэта не значыла. Аднак ніякія ханіфы, што жылі ў Мецы або ў яе асяроддзях, не ўплывалі істотна на вобраз мысляў жыхароў гэтага горада.

Іслам прызнае ў якасці Прарокаў заснавальнікаў усіх папярэдніх монатэістычных рэлігій, упершыню ўводзячы канцэпцыю прагрэсіўнага Адкравення:

Скажыце: «Мы ўверавалі ў Бога і ў тое, што спаслана нам, і што было спаслана Аўрааму, Ісмаілу, Ісааку, Іакаву і каленам, і што было даравана Майсею, Ісусу і Прарокамі ад Пана Іхняга; мы не адрозніваем між кімсьці з іх, і Яму мы перадаемся» (Сура II, 130).
Мы адправілі да кожнага народа Пасланніка, які сказаў: «Служыце Богу свайму і не верце ідалам». Былі сярод іх і тыя, каго Бог павёў прамым шляхам, а былі тыя, каму было наканавана змыленне (сура XVI, 38).

Уласна слова «Алах» — гэта арабская форма вымаўлення яўрэйскага слова «Элохім» (אלוהים), што ў перакладзе значыць Бог (а не імя Бога, як гэта няправільна пазнчана ў шматлікіх крыніцах). З лінгвістычнага гледжання слова Элохім значыць «Богі», хоць і мае рэальна значэнне «Бог» у адзіночным ліку. «Ім» (ים) — гэта прыстаўка, якая азначае множны лік (мужчынскага роду), таму ў ісламе яна і адкінута, і, у выніку, атрымаўся «Элох», у арабскім вымаўленні «Алах». З іўдаізму ў іслам перайшлі некаторыя нормы кашруту — напрыклад, абразанне і забарона на ўжыванне свініны, што магчыма, звязана са сходнасцю кліматычных умоў Ізраіля і Аравіі. Кашрут увайшоў у іслам толькі часткова, таму прававерны мусульманін можа есці кашэрную ежу яўрэяў, а вось іўдзей мусульманскую ежу — не. Але ёсць адна ўласцівасць, прысутная ісламу, але непрысутная іўдаізму. Гэта строгая забарона на ўжыванне спіртных напояў. Акрамя таго, у ісламе ўведзены вельмі жорсткія нормы, якія накіраваныя супраць няшлюбных палавых сувязяў.

Вера бахаі — самая маладая з монатэістычных рэлігій, якая зарадзілася ў XIX ст. ў Персіі ва ўмовах эканамічнага і палітычнага крызісу тагачаснага мусульманства, які суправаджаўся шырокім распаўсюджаннем маргінальных рэлігійных груп, перш за ўсё, месіянскага характару. Глебай для веравучэння бахаі стала Адкравенне адразу двух прарокаў — Баба і Бахаулы. Іх цэнтральнай ідэяй, якая знаходзіць выяўленне ў канцэпцыі Вечнага Запавету (вечных зносін Бога з чалавецтвам праз Адкрыццё (Адкравенне) яго пасланнікаў), з'яўляецца адзінства (Бога, чалавецтва і рэлігій). Бог, згодна з верай бахаі, адзіны і трансцэндэнтны (сутнасць яго ў поўнай меры не пазнавальная, ведаць аб ім можна толькі праз яго Прарокаў). Пад адзінствам рэлігій маецца на ўвазе не ідэя аб'яднання рэлігійных арганізацый у адну (бахаі нейтральна адносяцца да экуменізму), але іх агульная крыніца (Бог) і сутнаснае адзінства фундаментальных прынцыпаў (пры гэтым сцвярджаецца эвалюцыя культавых і сацыяльна-этычных аспектаў рэлігіі, якія Бог дае праз сваіх пасланнікаў для кожнай эпохі).

Вера бахаі хутка распаўсюдзілася па ўсяму свету і ў наш час ахоплівае 182 краіны. У больш чым 11 тыс. суполак бахаі налічваецца прыкладна 6 — 7 млн вернікаў (розныя крыніцы фіксуюць колькасць бахаі ў дыяпазоне ад 5 да 8 млн чалавек).

Сусветныя рэлігіі

[правіць | правіць зыходнік]

Плыні і адгалінаванні хрысціянства

[правіць | правіць зыходнік]


  1. Dow, J.W. A Scintific Definition of Religion. ISSN 1653—635 Published 2007-02-19
  2. Jones, K. Defining religion \\ кропка доступа: http://www.religioustolerance.org/jones01.htm Архівавана 20 ліпеня 2008.
  3. Гегель, Г. Работы разных лет. В двух томах. Т. 1., Мысль, 1970 — ст. 51
  4. Гегель, Г. Работы разных лет. В двух томах. Т. 1., Мысль, 1970
  5. Otto, R. The Idea of the Holy: An Inquiry Into the Non-rational Factor in the Idea of … Translated by John W. Harvey.: Oxford University Press US, 232 p. ISBN 0195002105, p. 1
  6. Otto, R. The Idea of the Holy: An Inquiry Into the Non-rational Factor in the Idea of … Translated by John W. Harvey.: Oxford University Press US, 232 p. ISBN 0195002105, p. 3
  7. Marx, K. Introduction to A Contribution to the Critique of Hegel's Philosophy of Right // http://www.marxists.org/archive/marx/works/1843/critique-hpr/intro.htm
  8. Дыпломная работа Д.Смалякова: “Феномен рэлігійнасці ў кантэксце гісторыі беларускай культуры” // http://viersy.miensk.com/dyplom.php#__RefHeading__756_440690846
  9. а б о. Мень, A. История религии. т. 1 (Часть 1 Природа веры, Глава 1 Бытие и вера) \\ http://www.alexandrmen.ru/books/tom1/1_gl_01.html Архівавана 22 верасня 2009.
  10. Вебер, М. Протестантская этика (русск. перевод в сб.: Макс Вебер и методология истории. — М.: ИНИОН, 1985. В. 1-2; Изложение и разбор идей М. Вебера см. в кн.: А. И. Неусыхин. Проблемы европейского феодализма. М., 1974 °C. 422—464.
  11. а б Connelly, P. What is religion \\ http://www.darc.org/connelly/religion1.html
  12. Киркегор, С. Заключительное ненаучное послесловие к «Философским крохам». — Мн.: И. Логвинов, 2005. — ст.48-49
  13. Dow, J.W. A Scintific Definition of Religion. ISSN 1653—635 Published 2007-02-19 p.1
  14. Новейший философский словарь / Сост. А.А. Грицанов. – Мн: Изд. В.М.Скакун, 1998. С.570.
  • Смалякоў Д. А. Феномен рэлігійнасці ў кантэксце беларускай культуры XVI—XVIII ст.ст. (магістарская дысертацыя)//http://viersy.miensk.com/dyser.html