Volkswagen Group
Канцэрн Volkswagen (ням.: Volkswagen Konzern) альбо Volkswagen AG (VW AG) — германскі аўтамабілебудаўнічы канцэрн.
Назва Volkswagen літаральна азначае «народны аўтамабіль», па-беларуску вымаўляецца Фальксва́ген.
У 2016 г. канцэрн стаў найбольшым аўтавытворцам у свеце паводле продажаў (11,9 % сусветных продажаў) і ўключаў 120 аўтазаводаў у 31 дзяржаве[7]. Кампанія займае 9 месца ў Fortune Global 500[8] (2019 год).
Уласнікі
[правіць | правіць зыходнік]На 31 снежня 2016 г. Volkswagen AG размясціла на біржы 295 089 818 звычайных акцый і 206 205 445 прывілеяваных.
Уласнікамі падпіснога капіталу звычайных акцый былі: Аўтамабільны холдынг Porsche AG — 30,8 %, ТАА «Інвестыцыйная ўправа Катара» — 14,6 %, Урад зямлі Ніжняя Саксонія —11,8 %, іншыя замежныя ўстановы —22,8 %, фізічныя асобы — 18 %, іншыя ўстановы Германіі — 2,3 %.
Правы голасу паводле прывілеяваных акцый размяркоўваліся наступным чынам: Аўтамабільны холдынг Porsche AG — 52,2 %, Урад зямлі Ніжняя Саксонія — 20 %, Інвестыцыйная ўправа Катару — 17 %, іншыя — 10,8 %[9].
Заводы
[правіць | правіць зыходнік]На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» складаўся з 2 падраздзяленняў:
- Аўтамабілебудаўнічае падраздзяленне ўключала:
- Галіну пасажырскіх і камерцыйных самаходаў — ажыццяўляла распрацоўку, выраб і продаж пасажырскіх аўтамабіляў, грузавікоў, аўтобусаў і матацыклаў.
- Галіну знергетычнага абсталявання — выраб рухавікоў, турбінаў, кампрэсараў, рэдуктараў і выпрабавальнага абсталявання.
- Падраздзяленне фінансавых паслуг — пазычала прадаўцам і пакупнікам самаходаў, ажыццяўляла лізінг і страхаванне, кіраванне аўтапаркам і перавозкі.
Канцэрн «Фальксваген» пастаўляў самаходы пад уласным таварным знакам і 10 таварнымі знакамі даччыных прадпрыемстваў:
- 3-ма знакамі прадпрыемстваў з 2-х іншых земляў Германіі — Audi (Інгальштат), MAN (Мюнхен) і Porsche (Штутгарт);
- 7-ю знакамі прадпрыемстваў з 6 іншых краін Еўропы — Bugatti (Мольсайм, дэпартамент Ніжні Рэйн, Францыя), Bentley (Кру, графства Чэшыр, Англія), Ducati (Балоння, рэгіён Эмілія-Раманья, Італія), Lamborghini (Сант-Агата-Балёньезэ, рэгіён Эмілія-Раманья, Італія), SEAT (Мартарэль, аўт.суп. Каталонія, Іспанія), Scania (Сёдэртэлье, Стакгольмскі лен, Швецыя) і Škoda Auto (Млада Болеслаў, Сярэднячэшскі край, Чэхія)[10].
У 2016 г. на заводы канцэрна «Фальксваген» прыпала 11,9 % сусветных продажаў самаходаў, якія ажыццяўляліся ў 153 краінах. На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» меў 120 заводаў у 31 дзяржаве:
- Азія (32 у 7 дзяржавах) — Індыя (6: Арангабад, Бангалор, Нарасапура, Пітгэмпер, Пуна), Кітай (20: Далянь, Ічжэн, Нанкін, Нінбо, Урумчы, Фошань, Цяньцзінь, Чанджоў, Чанчунь, Чанша, Чэнду, Шанхай), Малайзія (Куала Лумпур), Паўднёвая Карэя (Пусан), Тайвань (Таоюань), Тайланд (Банпаконская і Плуакдэнская акругі) і Турцыя (Анкара);
- Афрыка (4 у 1 дзяржаве) — Паўднёвая Афрыка (Оліфанцфонтэйн, Пайнтаўн, Эйтэнхагэ, Іаганесбург);
- Паўднёвая Амерыка (9 у 2 дзяржавах) — Аргенціна (Кордава, Пачэка, Сан-Мігель-дэ-Тукуман) і Бразілія (9: Рыа-дэ-Жанэйра, Рэзэрдзі, Сан-Карлус, Сан-Паўлу, Таўбатэ);
- Паўночная Амерыка (5 у 2 дзяржавах) — ЗША (Чатануга ў штаце Тэнесі) і Мексіка (Пуэбла-дэ-Сарагоса, Сант’яга-дэ-Керэтара, Сан-Хасэ-Ч’япа, Сілао);
- Еўропа (70 у 19 дзяржавах) — Англія (Кру), Аўстрыя (Штайр), Боснія (Сараева), Бельгія (Брусель), Венгрыя (Д’ёр), Іспанія (Барселона, Мартарэль, Памплона, Прат-дэ-Льябрэгат), Данія (Фрэдэрыксхаўн, Капенгаген), Італія (Балоння, Сант-Агата-Баланьезэ), Нідэрланды (Зволе, Мепел), Партугалія (Палмела), Польшча (9: Глогаў, Кракаў, Палькавіцы, Познань, Слупск, Старахавіцы, Ужэсня), Расія (Калуга, Санкт-Пецярбург), Славакія (Браціслава, Марцін), Фінляндыя (Лахці), Францыя (Анжэ, Мальсайм, Сен-Назер), Чэхія (Врхлабі, Велька Біцеш, Квасіны, Млада Болеслаў), Швейцарыя (Вінтэртур, Цюрых) і Швецыя (Лулеа, Оскархамн, Сёдэртэлье);
- Германія (28 у 8 землях) — Баварыя (6: Аўгсбург, Дэгендорф, Інгальштат, Мюнхен, Нюрнберг), Бадэн-Вюртэмберг (Некарзульм, Штутгарт), Берлін, Гамбург, Ніжняя Саксонія (11: Оснабрук, Браўншвайг, Вольфсбург, Гановер, Зальцгітэр, Эмдэн), Паўночны Рэйн — Вестфалія (Обергаўзен, Рэйнэ), Саксонія (Дрэздэн, Кемніц, Лейпцыг, Цвікаў)[11].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]- У маі 1937 года ў Берліне (Нямецкая дзяржава) «Нямецкі працоўны фронт» заснаваў ТАА «Таварыства падрыхтоўкі народнага аўтамабіля». У студзені 1938 г. пад Фалерслебенам (Паўднёвагановерска-Браўншвайская вобласць; цяпер Ніжняя Саксонія) пачалося будаўніцтва завода паводле ўзору аўтазавода «Форд» на рацэ Руж (штат Мічыган, ЗША). У Браўншвайгу сталі ўзводзіць вытворчасць аўтадэталяў.
- 16 верасня 1938 г. назву прадпрыемства змянілі на ТАА «Народны аўтамабільны завод», якое атрымала ўлік у гандлёвым рэгістры 18 кастрычніка.
- У снежні 1939 г. завод атрымаў ад Паветраных войскаў Германіі заказ на рамонт знішчальнікаў «Юнкерс-88» і пастаўку паліўных бакаў і крылаў да іх.
- З лета 1940 года ў вытворчасці сталі выкарыстоўваць пераважна прымусовую працу замежных нявольнікаў, сярод якіх пераважалі польскія жанчыны, ваеннапалонныя і вязні канцлагераў.
- У 1941 г. паставілі 2-ю зборачную лінію для вырабу бяздзверных і вадаплаўных паўнапрывадных самаходаў для войска.
- У 1943 г. вытворчасць пашырылі за кошт размяшчэння заказаў у захопленых землях Францыі. За 1940—1944 гады на заводзе вырабілі 66 285 ваенных самаходаў.
- У 1944 г. іншаземцы з захопленых нямецкім войскам краін Еўропы складалі 2/3 работнікаў аўтазавода (каля 20 000 чалавека).
- 11 красавіка 1945 г. амерыканскае войска заняло горад, дзе размяшчаўся завод. У выніку вытворчасць ваеннага абсталявання спынілася[12].
- У чэрвені 1945 г. Брытанскі ваенны ўрад (Бад-Эйнгаўзен, цяпер зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія) узяў аўтазавод у давернае кіраванне.
- 27 снежня 1945 г. завод аднавіў вытворчасць седанаў «Фальксваген Жук» (ням.: Käfer). У сакавіку 1946 г. вытворчасць дасягнула 1000 самаходаў за месяц.
- 25 кастрычніка 1946 г. з’явіліся 2 першыя гандлёвыя прадстаўнікі, якія сталі збываць аўтамабілі насельніцтву праз 10 распаўсюднікаў і 28 прадаўцоў. У студзені 1947 г. адкрылася першая рамонтная майстэрня.
- 1 кастрычніка 1948 г. «Фальксваген» падаў заяўку на ўлік свайго таварнага знака ў выглядзе лацінскіх «літар V і W у крузе», які яшчэ ў 1937 г. распрацаваў інжынер рухавікоў «Поршэ» Франц Раймспіс (1900—1979).
- У 1948 г. пачаўся экспарт у іншыя краіны Еўропы, дзе за год прадалі 4385 самаходаў: 1820 у Нідэрланды, 1380 у Швейцарыю, 1050 у Бельгію, 75 у Нарвегію, 55 у Швецыю і 5 у Данію. У 1949 г. экспарт вырас да 7127 аўтамабіляў (15 % вытворчасці).
- 30 чэрвеня 1949 г. заснавалі даччынае ТАА «Фінансаванне Фальксвагена», якое стала выдаваць 1-гадовыя пазыкі на набыццё аўтамабіляў.
- 8 кастрычніка 1949 г. Брытанскі ваенны ўрад перадаў ураду зямлі Ніжняя Саксонія кіраўніцтва прадпрыемствам, якое налічвала каля 10 000 супрацоўнікаў, вырабляла штомесяц 4000 самаходаў і назапасіла 30 млн нямецкіх марак.
- У 1948—1949 гадах «Фальксваген» вырабіў каля паловы ўсіх аўтамабіляў у Заходняй Германіі[12].
- У 1950 г. экспарт падвоіўся да 1/3 аўтамабіляў і ажыццяўляўся ў 18 краін, у тым ліку ўпершыню ў Паўднёвую Амерыку — 1253 самаходы паставілі ў Бразілію.
- 8 сакавіка 1950 г. пачалі выраб фургонаў «Транспарцёр», якія занялі 1/3 нямецкага рынка ў сваёй нішы. У выніку ў 1950-я гады «Фальксваген» стаў найбольшым экспарцёрам Германіі, чый самаход «Жук» стаў найбольш прадаваным. Адначасна адкрылі зборачныя заводы ў Бразіліі, Паўднёвай Афрыцы (1956 г.) і Аўстраліі (1957 г., Мельбурн). 11 верасня 1952 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген Канады» (Таронта). 23 сакавіка 1953 г. адкрылі вытворчае ТАА «Фальксваген Бразіліі» (Сан-Паўлу), якое ў ліпені пачало зборку седанаў «Фальксваген Жук». Пасля гэтага можна казаць пра ўзнікненне канцэрна «Фальксваген».
- 21 лістапада 1953 г. таварны знак прадпрыемства атрымаў улік у Патэнтнай службе Германіі.
- 21 ліпеня 1955 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген ЗША» (Нью-Ёрк), якое прадало за 1956 г. 42 884 «Жукоў» і 6666 «Транспарцёраў». Збытавая сетка ў ЗША складалася з 15 распаўсюднікаў і 342 прадаўцоў.
- 5 жніўня 1955 г. «Фальксваген» выпусціў мільённы самаход. У 1957 г. дзякуючы новаму заводу ў Гановеры выраб «Транспарцёраў» вырас на траціну да 91 993, 2/3 з якіх экспартавалі.
- У верасні 1957 года ў Оснабруку (Ніжняя Саксонія) пусцілі вытворчасць кабрыялетаў «Карман-Гіа».
- 18 лістапада 1959 года ў Сан-Бернарду-ду-Сампу (штат Сан-Паўлу, Бразілія) адкрылі новы аўтазавод, дзякуючы якому ў 1960 г. продажы ў Бразіліі выраслі на 67 % да 47 320 самаходаў (41 % рынка). Лік супрацоўнікаў у Бразіліі перавысіў 8000 чалавек[12].
- 21 ліпеня 1960 г. Саюзны сход Заходняй Германіі зацвердзіў Закон «Аб перадачы правоў на паі ТАА „Народны аўтамабільны завод“ у прыватныя рукі», паводле якога 60 % паёў прадалі грамадзянам. Па 20 % паёў атрымалі Саюзны ўрад Германіі і Урад зямлі Ніжняя Саксонія. 22 жніўня 1960 г. «Фальксваген» атрымаў улік у гандлёвым рэестры ў якасці акцыянернага таварыства (АТ). Да 15 сакавіка 1961 г. 60 % паёў АТ прадалі за 360 млн нямецкіх марак, па 350 марак за пай. Выручаныя ад продажу паёў сродкі перавялі фонду «Фальксваген» (Гановер), які заснавалі для выдаткоўвання на распрацоўкі канцэрна.
- У 1961 г. завод у Вольфсбургу пачынае запрашаць на працу замежных работнікаў, лік якіх да канца 1962 г. дасягнуў 4494, з іх 3188 (71 %) з Італіі.
- 2 кастрычніка 1961 г. завод у Гановеры выпусціў мільённы «Фальксваген Транспарцёр». За 1961 г. канцэрн «Фальксваген» вырабіў звыш млн самаходаў (1 007 113).
- 15 студзеня 1963 г. канцэрн атрымаў марскі карабель «Ёган Шульт», які мог перавозіць 1750 самаходаў.
- У 1963 г. канцэрн «Фальксваген» стаў найбольшым у свеце экспарцёрам самаходаў, каля 60 % якіх прадалі за мяжу. На 31 снежня 1963 г. завод у Вольфсбургу наймаў 43 722 супрацоўнікі і мог за суткі выпусціць да 3300 легкавікоў. У 1964 г. экспарт у ЗША дасягнуў каля 330 000 аўтамабіляў, пасля 4-гадовага росту продажаў у сярэднім на 20 % штогод. У ЗША «Фальксваген Жук» атрымаў паноўнае становішча ў сваёй нішы.
- 15 студзеня 1964 года ў Мехіка заснавалі ААТ «Фальксваген Мексікі», якое ў лістападзе 1967 г. адкрыла новы завод у Пуэбле-дэ-Сарагоса. У выніку гадавыя продажы ў Мексіцы дасягнулі 22 220 аўтамабіляў (21,8 % рынка).
- 1 студзеня 1965 г. «Фальксваген» набыў у АТ «Даймлер-Бенц» яго даччынае ТАА «Аўта-Саюз» (Інгальштат, зямля Баварыя), якое мела збытавую сетку ў 1200 аўтакрамаў, 11 000 супрацоўнікаў і завод магутнасцю на 100 000 самаходаў за год. Набыты завод стаў вырабляць аўтамабілі «Аўдзі».
- 12 ліпеня 1965 г. стварылі ТАА «Вольфсбургскія перавозкі», якому перадалі 55 марскіх грузавых караблёў і 1700 супрацоўнікаў. Да канца года даччынае прадпрыемства перавезла звыш 168 000 аўтамабіляў.
- У 1968 г. вытворчасць у Аўстраліі давялося спыніць, бо ўрад запатрабаваў да 1969 г. вырабляць аўтамабілі на 95 % з мясцовых дэталяў.
- 26 жніўня 1969 г. даччынае ТАА «Аўта-Саюз» злучылася з АТ «Некарсульмскі маторны завод» (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у АТ «Некарсульмскі Аўта-Саюз „Аўдзі“», дзе «Фальксваген» атрымаў 59,5 % паёў[12].
- У 1970 г. продажы канцэрна ў ЗША дасягнулі каля 570 000 аўтамабіляў.
- У сакавіку 1970 г. набылі найбольшае ў Германіі прадпрыемства аўтанайму «Самаходавы Саюз». 1 ліпеня 1970 г. адкрылі новы завод у Зальцгітэры (Ніжняя Саксонія), дзе 2000 з 5108 супрацоўнікаў выраблялі рухавікі, у тым ліку для «Аўдзі 100».
- 17 лютага 1972 г. вытворчасць «Жука» дасягнула 15 007 034 самаходаў, што зрабіла яго найбольш распаўсюджаным у свеце аўтамабілем.
- 14 чэрвеня 1973 г. заснавалі разам з югаслаўскім імпарцёрам «Уніс» сумеснае прадпрыемства «Аўтамабільны завод Сараева» (Вагошча; цяпер Боснія і Герцагавіна), на якім з 10 лістапада 1973 г. пачалі вырабляць аўтамабілі «Фальксваген».
- За 1973 г. у Зальцгітэры вырабілі звыш 400 000 аўтамабіляў, у тым ліку з мая пачалі вырабляць частку седанаў Volkswagen Passat.
- У выніку нафтавага крызісу 1973 года да 1975 г. продажы ўпалі на 40 % да 2,038 млн самаходаў. У ЗША да 1976 г. продажы скараціліся больш як удвая да 238 167 самаходаў.
- 21 чэрвеня 1976 года ў Зальцгітэры выпусцілі першыя 4-цыліндравыя дызельныя рухавікі абсягам у 1,5 літра. 31 ліпеня 1978 г. пусцілі завод у акрузе Уэстэрморланд (штат Пенсільванія), дзе сталі вырабляць самаходы «Фальксваген Гольф» для Паўночнай Амерыкі.
- 20 снежня 1978 года ў Мюнхене (Баварыя) заснавалі ТАА «МАН-Фальксваген» для вытворчасці лёгкіх грузавікоў з АТ «Машынабудаўнічы завод Аўгсбурга і Нюрнберга» (Обергаўзен).
- У лістападзе 1978 г. «Фальксваген» падпісаў кантракт на пастаўку 10 000 самаходаў «Гольф» у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Пры канцы 1978 г. збытавая сетка налічвала 10 600 прадпрыемстваў з больш як 211 000 супрацоўнікаў[12].
З 1980-х гадоў
[правіць | правіць зыходнік]- У красавіку 1980 г. «Фальксваген» набыў у амерыканскага аўтавытворцы «Крайслер» (Пантыяк, штат Мічыган) даччынае прадпрыемстве ў Аргенціне.
- 16 лютага 1985 г. заснавалі зборачнае ТАА «Шанхайская аўтамабільная кампанія „Фальксваген“» (Кітай) сумесна з «Шанхайскай трактарна-аўтамабільнай карпарацыяй», што дазволіла «Фальксвагену» стаць найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі.
- За 1985 г. еўрапейскія продажы канцэрна выраслі амаль на 24 % да каля 760 000 аўтамабіляў, што зрабіла «Фальксваген» найбольшым аўтавытворцам у Еўропе.
- 18 чэрвеня 1986 г. набылі 51 % паёў іспанскага аўтавытворцы «Сеат»[13].
- 4 ліпеня 1986 г. агульны сход пайнікаў змяніў назву АТ на «Народны аўтамабіль» («Фальксваген»).
- 1 ліпеня 1987 года ў Бразіліі стварылі сумеснае ТАА «Аўталаціна» з амерыканскім «Фордам», якое праіснавала да 1995 года[12].
- 6 лютага 1991 года ў Чанчуні стварылі з кітайскім «Першым аўтазаводам» ТАА «ПАЗ-Фальксваген», якое ў снежні 1994 г. адкрыла новы завод магутнасцю на 150 000 седанаў Volkswagen Jetta.
- 16 красавіка 1991 г. «Фальксваген» набыў 30 % чэхаславацкага аўтамабільнага АТ «Шкода», кантрольны пакет акцый якога атрымаў 19 снежня 1994 года[13].
- 17 лістапад 1995 г. АТ «Фальксваген Аргенціны» адкрыў новы завод у Пачэка магутнасцю на 150 000 самаходаў, дзе сталі вырабляць мадэлі «Гольф» і «Пола».
- У 1997 г. «Фальксваген Бразіліі» вырабіў 609 000 аўтамабіляў і наймаў звыш 31 000 супрацоўнікаў.
- 15 жніўня 1998 г. набылі ТАА «Саксонскія аўтамабілі», якому належалі 3 заводы ў Айзенаху (зямля Цюрынгія), Мозэлі (частка Цвікаў) і Кемніцы, што з 1990 г. былі сумеснымі прадпрыемствамі.
- Цягам 1998 г. «Фальксваген» набыў адразу 3-х замежных аўтавытворцаў Еўропы: «Бэнтлі», «Ламбаргіні» і «Бугаці».
- 25 жніўня 1999 года ў Палькавіцэ (Ніжнесілезскае ваяводства) адкрылі завод ТАА «Матор Польшчы» магутнасцю на 540 000 рухавікоў за год[12].
- У 2000 г. канцэрн «Фальксваген» упершыню вырабіў і прадаў звыш 5 млн аўтамабіляў.
- За 2003 г. у Кітаі прадалі 698 000 аўтамабіляў «Фальксваген», вырабленых у Шанхаі і Чанчуні, што зрабіла канцэрн найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі. 22 кастрычніка 2007 г. У 2007 г. продажы ў Кітаі выраслі на 28 % да звыш 900 000 самаходаў, што зрабіла Кітай найбольшым рынкам для канцэрна «Фальксваген».
- 28 лістапада 2007 года ў Калузе (Расія) ТАА «Фальксваген Рус» адкрыла 48-ы завод канцэрна, які стаў 33-й вытворчасцю самаходаў канцэрна і меў магутнасць у 150 000 аўтамабіляў за год.
- У 2009 г. ТАА «Фальксваген Індыі» адкрыў у Пуне (штат Махараштра) завод коштам 580 млн еўра і магутнасцю 110 000 самаходаў за год[12].
- 14 лютага 2014 года «Фальксваген» пачаў прадаваць у Германіі свой першы электрамабіль «е-Гольф» па цане ад €34 900 ($47 800). Магутнасць літ-іоннага акумулятара складала 26,5 кілават-гадзіна, што дазваляла праехаць да 134 км на адным зарадзе. Да канца года ў Заходняй Еўропе прадалі 3328 такіх электрамабіляў. У 2017 годзе яго цана ўпала да $29 000[14], а магутнасць акумулятара вырасла да 35,8 кілават-гадзіна (144 км язды).
- 18 верасня 2015 года Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША (ААНА ЗША) выкрыла, што звыш 428 000 аўтамабіляў «Фальксваген», якія прадалі ў краіне за апошнія 6 гадоў, выкідвалі ў паветра 40-кратна больш шкодных рэчываў за дапушчальны ўзровень. Махлярства з выпрабаваннем на шкодныя выкіды ажыццявілі пры дапамозе апраграмавання, што заніжала паказчыкі да прымальнага ўзроўню. Выкрытая праграма стаяла на 11 млн аўтамабіляў у свеце з 2-літровым дызельным рухавіком EA189, якія былі на мадэлях «Фальксваген Гольф», «Джэта», «Жук» і «Пасат», «Аўдзі А3» і «Шкода Актавія». У выніку за тыдзень АТ «Фальксваген» вылучыла $7,3 млрд на спагнанні і страціла на біржы 26 % рыначнай вартасці — 25 млрд еўра (падзенне да ўзроўню 2012 года)[15]. У Еўропе знаходзілася 8 млн дызельных аўтамабіляў (73 % ад 11 млн), у якіх перавышаў узровень выкідаў аксіду азоту і вуглякіслага газу і якія адпаведна падлягалі рамонту[16]. 28 чэрвеня 2016 года на «Фальксваген» у ЗША наклалі спагнанне ў памеры $15 млрд, з якіх $10 млрд прызначаліся на рамонт і выкуп ва ўласнікаў больш як 428 000 дызельных аўтамабіляў. Астатнія $5 млрд выплочваліся ААНА ЗША на даследаванне шкоднага ўздзеяння дызельных рухавікоў EA189[17].
- За 2016 г. продажы канцэрна «Фальксваген» павялічыліся да 10 391 113 аўтамабіляў (11,9 % сусветнага рынку).
- 11 студзеня 2017 года федэральны суд ЗША задаволіў позву Міністэрства юстыцыі ЗША аб спагнанні з «Фальксвагена» яшчэ $4,3 млрд пасля прызнання ў парушэнні Закону «Аб чыстым паветры» 1963 года. З улікам ранейшых выплатаў за махлярства з выкідамі ад дызельных рухавікоў EA189 агульныя страты дасягнулі $19,2 млрд[18].
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Антон П’ех (чэрвень 1941 — 11 красавіка 1945)
- Рудольф Брорман (красавік — чэрвень 1945)
- Іван Гірст (чэрвень 1945 — 31 снежня 1947)
- Генрых Нордгоф (1 студзеня 1948 — 12 красавіка 1968)
- Курт Лёц (1 мая 1968 — 13 верасня 1971)
- Рудольф Ляйдынг (13 верасня 1971 — 1 студзеня 1975)
- Тоні Шмюкер (1 студзеня 1975 — 1 студзеня 1982)
- Карл Ган (1 студзеня 1982 — 1 студзеня 1993)[13]
- Фердынанд П’ех (1 студзеня 1993 — 16 красавіка 2002)
- Бернд Пішэтсрыдэр (16 красавіка 2002 — 31 снежня 2006)
- Марцін Вінтэркорн (1 студзеня 2007 — 23 верасня 2015)
- Маціяс Мюлер (25 верасня 2015 — 30 красавіка 2018)
- Герберт Дыс (30 красавіка 2018 — 1 верасня 2022)
- Олівер Блуме (з 1 верасня 2022 г.)[19]
-
Рудольф Ляйдынг
-
Тоні Шмюкер
-
Карл Ган
-
Фердынанд П’ех
-
Марцін Вінтэркорн
Аўтамабілі
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і https://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-reports/2017/volkswagen/en/Y_2016_e.pdf
- ↑ а б в annual report — 2024.
- ↑ https://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-reports/2022/volkswagen/Y_2021_e.pdf
- ↑ Full Speed Ahead To The Future. 2021 Annual Report — VOLKSWAGEN AG.
- ↑ http://www.volkswagenag.com/content/vwcorp/info_center/en/publications/2013/03/Shareholding_2012.bin.html/binarystorageitem/file/Anteilsbesitz+VW+AG+31+12+2012_englisch.pdf
- ↑ а б в г д http://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-media-conference/2017/shareholdings/Anteilsbesitz_VWAG_2016_e.pdf
- ↑ Volkswagen стаў сусветным лідарам па колькасці вырабленых аўтамабіляў
- ↑ Fortune Global 500
- ↑ Склад уласнікаў (ням.). АТ «Фальксваген» (31 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2017. Праверана 15 верасня 2017.
- ↑ Справаздача за 2016 год (ням.). АТ «Фальксваген» (14 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 15 красавіка 2017. Праверана 14 верасня 2017.
- ↑ Абрыс і размяшчэнне вытворчасці (ням.). АТ «Фальксваген» (23 снежня 2017). Архівавана з першакрыніцы 1 лістапада 2017. Праверана 14 верасня 2017.
- ↑ а б в г д е ё ж Маркус Лупа. Гістарычныя нататкі = ням.: Historische Notate / рэд. Манфрэд Грыгер. — Вольфсбург: Фальксваген, 2008. — Т. 7. Летапіс «Фальксвагена». — 260 с. — ISBN 978-3-935112-10-9.
- ↑ а б в Вера Жохавец. «Свет мяняецца, і мы павінныя быць падрыхтаванымі да гэтага» // Звязда : газета. — 3 мая 2012. — № 95 (27210). — С. 3. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
- ↑ Беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за «Джылі», праедзе 100 км без падзарадкі . Радыё «Свабода» (20 лютага 2017). Праверана 30 чэрвеня 2018.
- ↑ У ЗША вялікі скандал з «Фальксваген» . Радыё «Свабода» (25 верасня 2015). Праверана 30 чэрвеня 2018.
- ↑ Яланта Смялоўская. Падае курс акцый канцэрну «Фальксваген» . Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё (4 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2015. Праверана 30 чэрвеня 2018.
- ↑ «Фальксваген» выплаціць 15 млрд долараў за ўрэгуляванне дызельнага скандалу . Еўрарадыё (28 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2023. Праверана 30 чэрвеня 2018.
- ↑ «Фальксваген» заплаціць ЗША $4,3 млрд з-за дызельнага скандалу . Газета «Звязда» (11 студзеня 2017). Праверана 30 чэрвеня 2018.
- ↑ Volkswagen Group Names Porsche CEO Oliver Blume As New Boss (англ.). motor1.com (22 ліпеня 2022). Праверана 23 ліпеня 2022.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- volkswagenag.com — афіцыйны сайт (ням.) (англ.)
- Праваднік (ням.)(недаступная спасылка). АТ «Фальксваген» (23 снежня 2017). Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2017. Праверана 14 верасня 2017.
- RSS-паток навін Архівавана 8 ліпеня 2017. (ням.)
- Летапіс «Фальксвагена» Архівавана 1 кастрычніка 2017. (ням.)
- Ютуб і Ціўцер (ням.)
- Бачына ў Беларусі (руск.)