Gazeta Grodzieńska
«Gazeta Grodzieńska» (па-беларуску: «Гарадзенская газэта») — першае пэрыядычнае выданьне на тэрыторыі сучаснае Беларусі. Выходзіла ў пэрыяд з 1776 па 1783 гг.[1]
Ініцыятарам выхаду газэты стаўся гарадзенскі староста Антоні Тызэнгаўз. Выданьне друкавалася ў ягонай друкарні на польскай мове раз у тыдзень на двух старонках фарматам 15х20 см (у некаторых выпадках аб’ём павялічваўся ўдвая).
У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадзка-палітычныя праблемы, што на той час было рэдкай зьявай. Выданьне пісала, у прыватнасьці, аб прыгнёце на захопленых Прусіяй польскіх землях, рабоце сойму, выбарах дэпутатаў. Выходзілі матэрыялы аб міжнародных падзеях, напрыклад, аб вайне за незалежнасьць у Паўночнай Амэрыцы, канфліктах паміж Аўстрыяй і Прусіяй, аб наведаньні расейскай імпэратрыцай Кацярынай ІІ Полацку. Газэта публікавала інфармацыю пра падзеі ў Горадні (канцэрт і ілюмінацыя ў студзені 1779, публічныя экзамэны ў школе ў 1780). Зьмяшчаліся аб’явы аб выдадзеных кнігах, зьбеглых прыгонных, продажы і арэндзе маёмасьці і інш.
Па патрабаваньні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Горадні была ўведзеная пасада газэтнага цэнзара, пад націскам якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленьнямі зь іншых выданьняў.
Апошні выяўлены нумар газэты ад 28 сакавіка 1780.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Indeks rzeczowy (пол.). Polska Bibliografia Literacka. Праверана 4 лістапада 2009 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. — Мн.: 1980. — С. 243—244.