Lingua Ignota
Lingua Ignota (лац.: «невядомая мова») — адна з першых штучных моў, апісаная ў 12-ым стагоддзі абатысай Хільдэгардай Бінгенскай. Часткова была апісаная ў трактаце Хільдэгарды «Lingua Ignota per simplicem hominem Hildegardem parolata», які дайшоў да нашага часу ў двух манускрыптах, якія датуюцца прыблізна 1200 годам; гэта Вісбадэнскі кодэкс і Берлінскі манускрыпт.
Апісанне ўяўляе гласарый з 1011 слоў (большай часткай назоўнікаў, але з дабаўленнем невялікай колькасці прыметнікаў), дадзеных у іерархічным парадку — у пачатку ідуць словы для Бога, анёлаў і святых — з тлумачэннямі пераважна на латыні і ў меншай ступені на нямецкай мове. У гласарыі магчыма знайсці сляды словаўтварэння шляхам словазлучэння і з дапамогай суфіксаў. Лексіка мовы ўяўляецца апрыёрнай, але граматыка падобна да лацінскай.
Мэта стварэння мовы застаецца нам невядомай. Таксама невядома, ці быў хто знаёмы акрамя Хільдэгарды са створанай ёй мовай. У 19 стагоддзі некаторыя лічылі, што мова задумвалася як «ідэальная» і універсальная, але зараз лічыцца, што яна павінна была заставацца таемнай, і ўспрымалася аўтарам як плод боскага натхнення. Так ці не, але пасля смерці Хільдэгарды ніхто не захаваў ведаў аб яе мове.
Тэкст на Lingua Ignota
[правіць | правіць зыходнік]Адзіны захаваўшыся да нашага часу тэкст на Lingua Ignota мае наступны змест:
O orzchis Ecclesia, armis divinis praecincta, et hyacinto ornata, tu es caldemia stigmatum loifolum et urbus scienciarum. O, o tu es etiam crizanta in alto sono, et es chorzta gemma.
Выдзеленыя словы — лексічныя адзінкі Lingua Ignota, астатнія з’яўляюцца лацінскімі. З пяці словаў толькі loifol («людзі») уваходзіць у згаданы вышэй гласарый; наяўнасць яшчэ чатырох — сведчанне таго, што лексікон Lingua Ignota не вычэрпваўся 1011 словамі.